Прошел конкурс «Учитель года-2011»

Прошел конкурс «Учитель года-2011»

Настаўнік… У гэтым слове закладзены вялікі сэнс. Менавіта настаўнік з’яўляецца крыніцай і сейбітам ведаў для сваіх вучняў. І гэта прызначэнне ён пацвярджае штодзённай, руплівай і, часам, зусім непрыкметнай працай. Без настаўніка не будзе ні ўрача, ні кіраўніка, ні афіцэра, ні паэта…
Стала традыцыйным паказваць педагагічнае прафесійнае майстэрства. Раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2011” сёлета праходзіў у СШ №3 г.Жабінка і супаў ён з 20-гадовым юбілеем, калі ўпершыню на Жабінкаўшчыне называўся найлепшы настаўнік. Цяпер гэта традыцыя, а заключны этап яго ператварыўся ў цікавае, прыгожае відовішча. Сёлета яго адкрыла загадчыца раённага аддзела адукацыі райвыканкама С.М.Янусік.
Затым на сцэну запрасілі пераможцаў раённых конкурсаў розных гадоў Валянціну Васільеўну Гарбацюк, Кацярыну Мікалаеўну Сіда, Марыю Іванаўну Грышан, Жанну Сяргееўну Міхайлаву, Іну Уладзіміраўну Тарасевіч, Віталіну Аляксандраўну Папковіч, якая, дарэчы, была названа лепшай і ў вобласці ў 2009 годзе, фіналістку абласнога конкурсу “Малады педагог Берасцейшчыны — 2010” Ганну Яўгенаўну Кулагіну.
Надыходзіць цікавы і захапляльны момант: пяцёра настаўнікаў Жабінкаўшчыны, якія ў лютым паспяхова справіліся з заданнямі трох тураў і былі прызнаны лепшымі з 13 педагогаў, хто ў іх удзельнічаў, выходзяць на сцэну і пачынаюць барацьбу. Падчас прайшоўшых тураў прадугледжвалася правядзенне ўрока ў незнаёмым класе і відэапрэзентацыі, абарона адукацыйнага праекта. Балы, якія ўдзельнікі конкурсу набралі ў іх, нікуды не знікалі, а былі падсумаваны і ўлічаны пры падліку канчатковых вынікаў.
Такім чынам, у фінал конкурсу выйшла 5 удзельнікаў. Вось іх імёны: настаўнікі тэхнічнай працы першай гарадской Аляксандр Яўгенавіч Булай, пачатковых класаў СШ №2 г.Жабінка Аксана Міхайлаўна Рагажынская, кіраўнік фізічнага выхавання ДУА “Яслі-сад №4 г.Жабінка” Наталля Віктараўна Максімчук, музычны кіраўнік дзіцячага ясляў-сада №2 г.Жабінка Святлана Мікалаеўна Рай, выхавальніца з ясляў-сада №5 Святлана Паўлаўна Іванюк.
Усе яны — вельмі розныя і цікавыя, у каго багаты вопыт працы, а хто й толькі пачынае пісаць педагагічную біяграфію. Але ўсіх іх аб’ядноўвае творчы падыход да сваёй справы і непамерная любоў да сваёй прафесіі, якую яны лічаць самай цікавай і патрэбнай.
Фінальны тур прадугледжваў правядзенне наступных творчых конкурсаў: “Дазвольце расказаць вам пра сябе”; “Што гэта абазначае?”, дзе ўдзельнікам патрабавалася даць яркія назвы фотаздымкам з цікавымі момантамі з дзіцячага жыцця; “Міні-ўрок на сцэне”; конкурс аратарскага майстэрства “Настаўнік, выхавай вучня, каб было ў каго потым вучыцца”.
Атмасфера ў зале была вельмі цёплай і хвалюючай. Выступленні ўсіх канкурсантаў уразілі яркасцю, арыгінальнасцю, захапляльнасцю, дзе вялікая роля групы падтрымкі кожнага фіналіста. Практычна ўсе творчыя конкурсы праходзілі жартаўліва, з песнямі і танцамі, з паказам відэафільмаў і тэатралізаваных відовішчаў.
Выступленні канкурсантаў яшчэ чаргаваліся з цікавымі музычнымі нумарамі, выступленнямі маладых спевакоў, у прыватнасці, удзельнікаў вакальнай студыі “Алегра-Нова” пад кіраўніцтвам Вікторыі Міцковіч. Акрамя таго, на сцэну двойчы выходзіў удзельнік дзіцячага “Еўрабачання-2010” Данік Казлоў.
Безумоўна, здольнасць глядзець на навакольны свет з аптымізмам — важная рыса педагога. І ўдзельнікі конкурсу ў поўнай меры прадэманстравалі гэта.
Нарэшце, пасля ўсіх выпрабаванняў, журы аб’явіла вынікі фінальнага туру. Пераможцамі ў намінацыях “Самы творчы педагог” стала С.М.Рай, “За педагагічны аптымізм” — А.М.Рагажынская, “Вернасць любімай справе” А.Я.Булай, “Сэрца аддаю дзецям” — С.П.Іванюк.
А пераможцай раённага этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2011” па найбольшай колькасці балаў прызнана Наталля Віктараўна Максімчук, па даўняй традыцыі якой пераможца конкурсу “Настаўнік года — 2009” Віталіна Аляксандраўна Папковіч пад шчырыя апладысменты гледачоў павязала памятную стужку.
У заключным слове намеснік старшыні райвыканкама Ала Сцяпанаўна Ануфрыюк заўважыла, што ў гэтым конкурсе прайграўшых няма, сумна, што свята закончылася, а з другога — радасна, што на Жабінкаўшчыне, працуюць сапраўдныя прафесіяналы, творчыя натуры.
І гэта так. Менавіта настаўнік быў, ёсць і будзе асобай, ад якой залежыць аўтарытэт навучальнай установы.
А.ЯРМАШУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top