Святлана БЯЛЯК.
У бярозавы гай ля Песак, аддалены ад аўтастрады, з раніцы да вечара едуць машыны. На дарозе нават указальнік устанавілі – “Бярозавы сок”, каб навічкі не блукалі.
– Тыя прыхільнікі натурпрадукта, якія хоць аднойчы наведваліся да нас па сок, звоняць і прыязджаюць зноў. Многіх пакупнікоў ведаем, – расказвае Людміла Мікалаеўна Козіч. – Кошт бярозавіку па кішэні, бадай, кожнаму. Калі купляць у магазіне, то па кошце двух трохлітровых слоікаў у нас можна набыць цэлую флягу.
…У гаі зацішша, заліваюцца спевамі птушкі – радуюцца прыходу вясны. Людміла Мікалаеўна разам з сяброўкай Антанінай Каралюк сямнаццаты год займаюцца нарыхтоўкай соку і адпраўляюць яго на перапрацоўку. Прычым, гэтая справа даўно стала сямейнай – дапамагаюць ім сыны.
– Першыя падсечкі зрабілі 4 сакавіка, – працягвае Людміла Козіч. – Зараз іх ужо звыш 1500. Сок збіраем у трывалыя цэлафанавыя пакеты, потым зліваем у бочкі. З пачатку “сезона” сабралі ўжо звыш 35 тон бярозавіку – гэта крыху больш за палову даведзенага нашай брыгадзе плана. А ўсяго разам з калегамі, якія шчыруюць у гаі ля вёсак Запруды, Балаты і інш., трэба нарыхтаваць 300 тон.
У сёлетні “сезон”, паводле слоў Козіч, план мо і перавыканаюць – спрыяе халоднае з начнымі прымаразкамі надвор’е. І якасць соку выдатная – цячэ ён чысценькі, празрысты, у мяшкі не трапляюць насякомыя і мураўі.
Работнікі Пятровіцкага лясніцтва стараюцца штодня вывозіць на ААТ “Савушкавы прадукт” не менш як 5 тон бярозавіку. Цікава назіраць, як з гаю леснікі вывозяць бочкі на калёсіках – цэлы цягнічок бярозавых “слёзак”.
Адзінае, чаго не раяць рабіць леснікі, – гэта самастойна падсочваць бярозкі, каб не псаваць дрэвы, і цішком красці сок з пакетаў. Лепей законна атрымаць квітанцыю і атрымліваць асалоду ад смачнага напою.
На здымках: збор соку ў бярозавым гаі ля Песак.
Фота аўтара.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%