“Жабінцы – 200”

квакенбург

Набліжаецца дата, якую неабходна адзначыць гожа, разнастайна, каб памяць пра цудоўнае свята надоўга захавалася ва ўспамінах жабінкаўцаў і гасцей нашага ўтульнага горада. Адным словам, ужо 200 гадоў, як існуе на нашай зямлі населены пункт Жабінка, утвораны далёкімі прашчурамі ў сутоцы рэчак Жабінкі і Мухаўца.
Як для асобнага чалавека – гэта вялікі тэрмін, а для паселішча – некалькі яркіх гістарычных імгненняў. Але за тыя “імгненні”, адкладзеныя на стужцы часу, шмат што змянілася ў нашым краі. Крок за крокам Жабінка ішла да свайго юбілею, набіраючыся з узростам вопыту, прэстыжу, ведаў. Апошнія нікому не шкодзяць, наадварот робяць больш дарослым, набліжаюць да сталасці, чалавека – да старасці, горад – да старажытнасці.
Але ж пра якую старажытнасць можна гаварыць у дадзеным выпадку?! 200 – гэта ж не тысяча і не дзве. Аднак і гэткая круглая дата – вельмі паважаная. Тым больш, што 100-годдзе прынесла Жабінцы карысць. Праўда, святкавалася яно памылкова – у 1971-ым, паколькі раней лічылася, што пачатак нашай гісторыі – ад 1871 года, калі ўпершыню праз станцыю Жабінка прайшоў чыгуначны цягнік. У выніку перад святочнай датай 23 снежня 1970 года пасёлак Жабінка стаў горадам. Гэтак гісторыя дапамагла сучаснасці.
Толькі час не спыняецца, пашыраюцца і нашы веды пра родны край. Неўзабаве адшукаліся звесткі з перапісу 1816-1817 гадоў, калі ўпершыню згадваецца ў гэтых мясцінах Жабінка, спачатку хутар, затым мястэчка, пасёлак, горад, які паступова пашыраўся, убіраючы ў свае межы навакольныя землі, вёскі, пакуль не дажыў да чарговага, ужо 200-гадовага юбілею.
З гэтай нагоды, а таксама каб пашырыць веды жабінкаўцаў ды абудзіць іх цікавасць да роднага горада, раёнка вырашыла аб’явіць конкурс-віктарыну.
Спаборніцтва будзе праводзіцца ў чатыры туры. У кожным – па пяць пытанняў. Лёгка падлічыць: 20 пытанняў – да 200-ых угодкаў! Пра вынікі кожнага тура абавязкова даведаецеся са старонак “Сельскай праўды”.
Лісты са сваімі адказамі дасылайце на адрасы рэдакцыі: паштовы (вул. Будзённага, д. 8) або электронны (selsk_prav@tut.by). Ад вас патрабуюцца толькі веды па гісторыі Жабінкі, а яшчэ не забывайцеся пазначыць свае імя і прозвішча, а таксама кантактны тэлефон, каб сувенір за лепшыя веды па гісторыі Жабінкі знайшоў свайго адрасата.
Вынікі будуць падведзены на традыцыйны Дзень горада ў ліпені.
А зараз – пачынаем!!!

Тур І

(Ён самы просты. Адказваючы на пытанні, выбіраць давядзецца ўсяго толькі з двух варыянтаў, дзе адзін адказ правільны, а другі, адпаведна, не).
1. Ці праўда, што на гербе Жабінкі можна пабачыць не толькі выявы кветак, але й раку Мухавец з яе прытокам рэчкай Жабінкай?
а) так;
б) не.
2. Ці будзе раённая газета “Сельская праўда” святкаваць сёлета сваё 75-годдзе?
а) так;
б) не.
3. Ці дасягнула на сённяшні дзень колькасць насельніцтва Жабінкі 14 тысяч чалавек?
а) так;
б) не.
4. Ці праўда тое, што ў свой час праз Жабінку праязджаў расійскі імператар Аляксандр І?
а) так;
б) не.
5. Як вы думаеце, ці налічваецца ў Жабінцы ў год яе 200-годдзя 200 вуліц і завулкаў?
а) так;
б) не.
Чакаем вашы адказы да 14 красавіка. Поспехаў!

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*