Праяўляць увагу і клопат пра людзей

Жабинковский райисполком

16 сакавіка г. г. адбылася 21 сесія Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў ХХVII склікання. На разгляд яе выносілася справаздача старшыні Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў аб дзейнасці Савета дэпутатаў у 2016 годзе і стане спраў на падведамаснай тэрыторыі. Яе зрабіў старшыня райсавета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк. У абмеркаванні даклада ўдзельнічалі старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў: Жабінкаўскага Галіна Акуліч, дэпутат ад Жабінкаўскай сельскай выбарчай акругі
№ 16, Ленінскага Юрый Кадоліч, дэпутат ад Ленінскай выбарчай акругі № 19, дырэктар ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Жабінка” дэпутат ад Цітоўскай выбарчай акругі № 14 Ірына Кашчэва.
На сесіі была зацверджана справаздача аб выкананні раённага бюджэту за 2016 год. Яе зрабіла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Святлана Плавух.
Далей быў разгледжаны блок пытанняў аддзела эканомікі. З імі пазнаёміў начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Леанід Саковіч.
Сесія датэрмінова спыніла паўнамоцтвы дэпутата Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў па Свабодскай выбарчай акрузе № 10 Аляксандра Будзько.
У рабоце сесіі прыняла ўдзел і выступіла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Стаціўка.

З даклада старшыні райсавета Анатоля Шалтанюка

Прайшоўшы год адзначаны пэўнымі станоўчымі вынікамі ў вытворча-эканамічнай сферы раёна, вырашэнні шэрагу важных сацыяльных праблем, значных для насельніцтва. Дзякуючы сумеснай працы, летась забяспечана выкананне пяці важнейшых мэтавых паказчыкаў з шасці і сямі заданняў з дзевяці. У выкананні прагнозных паказчыкаў раён лепшы ў вобласці. Але дасягнутыя вынікі не павінны выклікаць самазаспакаення. У нас многа нявырашаных праблем, а задачы сёлета ў сацыяльна-эканамічным развіцці раёна перад намі стаяць яшчэ больш напружаныя.
Летась завершаны работы па асфальтаванні дарог ад аграгарадка Маціевічы да Якаўчыц і паміж аграгарадком Хмелева і Дзяменічамі. Пагосты перададзены на баланс КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ”. У Жабінкаўскім і Ракітніцкім сельсаветах рамантаваліся вуліцы, у прыватнасці, Нізкая, Новая ў аграгарадку Ракітніца і частка Палявой у Булькове; пачаўся рамонт вуліц Спакойная, Крынічная і Палявая ў Здзітаве, прадоўжыцца ён і сёлета.
Уведзены ў эксплуатацыю 40-кватэрны жылы дом па Моладзевай у Жабінцы, тры аднакватэрныя ў Курпічах ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка”. Першы жылы дом для сям’і, якая выхоўвае дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, таксама адсвяткаваў наваселле. З выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі палепшылі свае жыллёвыя ўмовы шляхам будаўніцтва кватэр 18 шматдзетных сем’яў, дзве, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды, і двое з ліку дзяцей-сірот атрымалі кватэры сацыяльнага карыстання.
Пабудаваны шэсць аб’ектаў інжынерна-транспартнай інфраструктуры, у тым ліку і сеткі водазабеспячэння ў гарадскім квартале “Камсамольскі”, вуліцы ў Федзькавічах, сеткі электразабеспячэння ў Саках і ў Стрыганцы. Пачаты работы па праектаванні сетак водазабеспячэння трох кварталаў у Шчэгліках, а таксама ў квартале “Здзітава-Усходні” і сетак электразабеспячэння і ўшчыльнення жылой забудовы ў Стрыганцы. Гэта аб’екты на 2017 год.
Летась у рамках Указа Прэзідэнта краіны “Аб мерах па рэгуляванні адносін пры газіфікацыі прыродным газам эксплуатуемага жыллёвага фонду грамадзян” блакітнае паліва прыйшло ў Вежкі, Агароднікі, Сакі, Рачкі і аграгарадок Крыўляны. Гэта тая частка пытанняў, якія ставілі выбаршчыкі перад дэпутатамі, выканаўчай уладай у час прыёмаў, “прамых тэлефонных ліній”. Свой уклад у іх вырашэнне ўнеслі дэпутаты Мікалай Гацкевіч, Віктар Міронаў, Дзяніс Шышчыц, Мікалай Шпакоўскі, Барыс Парафянюк, Пётр Вайноўскі і многія іншыя.
РАЁННЫ САВЕТ ДЭПУТАТАЎ пастаянна ўдасканальваў узаемадзеянне з органамі выканаўчай улады, раённымі службамі, арганізацыямі, сельскімі Саветамі дэпутатаў, грамадскімі арганізацыямі.
Асноўнай формай дзейнасці з’яўляецца сесія, якая збіраецца па меры неабходнасці, але не менш чым адзін раз у квартал. Летась праведзена іх восем: чатыры планавыя і столькі ж пазачарговых. Разгледжана 51 пытанне: “Аб рабоце філіяла “Жабінкаўскі” ГУП “Брэсцкая міжраённая гандлёвая база” па абслугоўванні насельніцтва раёна”, “Аб рабоце ўстановы “Жабінкаўская ЦРБ” па паляпшэнні даступнасці і якасці медыцынскай дапамогі насельніцтву, фарміравання здаровага ладу жыцця”; іншыя. У снежні мінулага года сесія райсавета зацвердзіла інструкцыю аб правядзенні конкурсу сярод сельскіх Саветаў дэпутатаў, органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання раёна па рашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва. Пераможцамі прызнаны Хмелеўскі сельскі Савет дэпутатаў, а сярод старастаў сельскіх населеных пунктаў – Алена Пратасюк з аг. Ленінскі, Алена Каменка са Шчэглікаў і Валянціна Андрасюк з аг. Азяты.
Пад час падрыхтоўкі да сесіі раённага Савета дэпутатаў мы практыкуем стварэнне камісій па разглядзе асноўнага пытання парадку дня з прыцягненнем дэпутатаў. Пасля прыняцця рашэння кантралюем яго выкананне шляхам заслухоўвання на пасяджэнні прэзідыума, сесіях Савета, атрымліваем пісьмовую інфармацыю ад выканаўцаў.
Паміж сесіямі работу Савета ажыццяўляе яго прэзідыум. У справаздачным перыядзе адбылося пяць яго пасяджэнняў, на якіх прынята 25 рашэнняў па розных пытаннях жыццядзейнасці ў раёне.
Значнае месца ў рабоце прэзідыума займае каардынацыя дзейнасці пастаянных камісій. На яе пасяджэннях разглядаліся пытанні, якія хвалююць людзей: “Аб выніках выканання праграмы развіцця і падтрымкі асабістых дапаможных гаспадарак грамадзян на 2011-2015 гады”, “Аб работы ўстаноў культуры ў прапагандзе здаровага ладу жыцця на тэрыторыі Азяцкага, Хмелеўскага і Ракітніцкага сельсаветаў”, іншыя.
Кожны дэпутат уносіць свой уклад у работу Савета праз дзейнасць у пастаянных камісіях і ў акрузе. З мэтай рэгулярнага правядзення прапагандысцкай, інфармацыйна-выхаваўчай работы сярод насельніцтва, рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на атрыманне поўнай і праўдзівай інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў, растлумачэння насельніцтву асноўных накірункаў унутранай і знешняй палітыкі Беларусі, у раёне створаны 7 інфармацыйна-прапагандысцкіх груп для правядзення сустрэч у працоўных калектывах і з грамадзянамі па месцы жыхарства. Я з’яўляюся старшынёй інфармацыйна-прапагандысцкай групы № 2. У адпаведнасці з графікам сустрэч разам з кіраўнікамі аддзелаў райвыканкама, раённых службаў, якія ўваходзяць у яе склад, у справа-здачным перыядзе мы сустракаліся з працоўнымі калектывамі раённага вузла электрычнай сувязі, ДРБУ № 103, ПМК № 19 УП “Брэстводбуд”, раёна электрасетак, ДУА “Ракітніцкая сярэдняя школа”, раёна газазабеспячэння ПУ “Брэстгаз”, Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта”, ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”. Хачу сказаць, што амаль на кожнай сустрэчы ўзнікаюць тыя ці іншыя пытанні, на якія даюцца растлумачэнні, а калі яны патрабуюць далейшага разгляду, то іх уключаюць у пратакол даручэнняў старшыні райвыканкама і накіроўваюць для рэагавання адказным за іх вырашэнне.
У справаздачным перыядзе ўсе запланаваныя Саветам пытанні разгледжаны, у снежні мінулага года зацверджаны план работы раённага Савета дэпутатаў і яго органаў на 2017 год.
Роль дэпутатаў актыву тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання бачыцца не толькі ў рэалізацыі інтарэсаў выбаршчыкаў, у фарміраванні грамадскай думкі пра станоўчыя бакі нашай дзейнасці, але і яе выкарыстанне ў барацьбе з негатыўнымі з’явамі, такімі як п’янства, дрэннае сямейнае становішча, абыякавасць да бяды іншага чалавека, раўнадушша да ўдзелу ў грамадска-карысных справах населенага пункта. Таму старшыням сельсаветаў і дэпутатам райсавета ва ўзаемадзеянні з праваахоўнымі органамі неабходна значна больш сёлета надаваць увагі рабоце па падтрымцы грамадскага парадку, барацьбе з незаконным продажам спіртных напояў, умацаванню працоўнай і грамадскай дысцыпліны, безумоўнаму выкананню Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18. Дзейнасць у гэтым накірунку на Жабінкаўшчыне праводзіцца. Працуе 9 грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, з іх 2 у горадзе, 7 пры сельскіх Саветах дэпутатаў. Усё гэта дае пэўныя станоўчыя вынікі. Летась у параўнанні з папярэднім годам адбылося зніжэнне агульнай колькасці зарэгістраваных злачынстваў.
У мінулым годзе некалькі стабілізавалася фінансавае становішча сельсаветаў. Прымаліся меры па зніжэнні датацыйнасці бюджэтаў, прыцягненні дадатковых сродкаў у яго даходныя часткі. На рахунку шэрагу сельскіх Саветаў дэпутатаў з’явіліся свабодныя грошы, у прыватнасці, у Жабінкаўскім і Ракітніцкім, якія ад продажу на аўкцыёнах зямельных участкаў дадаткова атрымалі 52,2 тыс. руб. у бюджэты сельсаветаў. Гэтыя грошы выкарыстаны на добраўпарадкаванне, рамонт вуліц і дарог, асвятленне населеных пунктаў. І астатнім сельсаветам, нягледзячы на некалькі іншае геаграфічнае становішча, трэба больш актыўна займацца прыцягненнем сродкаў у свае бюджэты.
На жаль, трэба прызнаць, што райсавету, яго прэзідыуму яшчэ не ў поўнай меры ўдалося дасягнуць выніковай працы ўсіх без выключэння дэпутатаў у сваіх выбарчых акругах, у тым ліку ў пытаннях штодзённага зацвярджэння санітарнай культуры сярод насельніцтва.
Хачу звярнуць увагу сельскіх Саветаў на выкананне Указа Прэзідэнта Беларусі “Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і трухлявых дамоў сельскай мясцовасці”. Нягледзячы на меры па навядзенні парадку ва ўліку, вышуку ўладальнікаў, зносе некаторых домаўладанняў у парадку, прадугледжаным заканадаўствам, знешні выгляд сельскіх населеных пунктаў, асабліва малых, аддаленых, пакідае жадаць лепшага. Гэта датычыцца амаль усіх сельсаветаў, асабліва Крыўлянскага і Сцяпанкаўскага. Органы ўлады пярвічнага ўзроўню не ў поўнай меры выкарыстоўваюць дадзеныя ім паўнамоцтвы з мэтай скарачэння такіх дамоў. Праўда, зроблена таксама нямала па добраўпарадкаванні вёсак. Праводзяцца рамонты помнікаў, устанаўліваюцца агароджы, ліквідуюцца аварыйныя дрэвы, стыхійныя смеццезвалкі. Словам, з фасаднага боку мы ў асноўным навялі парадак, а вось з тыльнага ёсць яшчэ нявырашаныя пытанні.
Інстытут старастаў у раёне працуе ўжо 18 гадоў, назапашаны пэўны вопыт у арганізацыі іх працы. Яны аказваюць садзеянне ў вырашэнні пытанняў кожнага населенага пункта, пастаянна прымаюць удзел у сесіях сельскіх Саветаў дэпутатаў, у пасяджэннях сельвыканкамаў, выязных прыёмах грамадзян, а таксама ва ўсіх грамадска-палітычных кампаніях. На 1 студзеня г. г. на Жабінкаўшчыне выбраны і працуюць 71 стараста, 17 з іх з’яўляюцца дэпутатамі сельскіх Саветаў дэпутатаў. Яны сталі незаменнымі памочнікамі старшыняў сельвыканкамаў, дапамагаюць своечасова рэагаваць на тую ці іншую сітуацыю ў вёсцы, вядуць растлумачальную работу сярод насельніцтва аб захаванні пэўнага санітарнага і супрацьпажарнага стану ў домаўладаннях, іншыя.
Работа старастаў пастаянна кантралюецца. Іх справаздачы раз у паўгоддзе заслухоўваюцца на пасяджэннях сельвыканкамаў. Штогод у студзені-лютым – на мясцовых сходах грамадзян. У сельвыканкамах аналізуюцца заўвагі, прапановы, выказаныя жыхарамі вёсак пад час справаздач старастаў. У канцы года вынікі іх работы падво-дзяцца на пасяджэннях сельвыканкамаў.
Выконваючы пастанову Прэзідыума Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі “Аб рабоце органаў мясцовага кіравання і самакіравання са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб”, у раёне прымаюцца меры па ўдасканаленні механізмаў яе рэалізацыі. Па выніках мінулага года назіраецца тэндэнцыя да зніжэння на 14,4 %
колькасці зваротаў, што паступілі ў сельскія Саветы дэпутатаў. Па тэматыцы пераважаюць тыя з іх, што датычацца жыллёва-камунальнай гаспадаркі, газіфікацыі, будаўніцтва дарог. Кіраўніцтвам райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў праведзена 48 “прамых тэлефонных ліній”, пад час якіх звярнуўся 61 заяўляльнік, а таксама адбыліся 264 “прамыя тэлефонныя лініі” ў сельскіх Саветах дэпутатаў. Арганізаваны адзін раз у два месяцы, а ў вясенне-летні перыяд штомесячна выязны прыём грамадзян у аддаленыя вёскі з удзелам дэпутатаў і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый. Асабіста я ўдзельнічаў у пяці выязных прыёмах, пад час якіх паступіла 16 зваротаў. Па ўсіх іх ці прыняты рашэнні, ці дадзены тлумачэнні.
Сельвыканкамам, дэпутатам, старастам трэба старацца вырашаць праблемы на месцах, але калі няма такой магчымасці – своечасова інфармаваць пра іх выканаўчыя органы ўлады і зацікаўленыя гаспадарчыя суб’екты. Мы – выбраннікі народа і павінны праяўляць увагу і клопат пра людзей.

Выступленні ў спрэчках

Галіна Акуліч, старшыня Жабінкаўскага сельскага Савета дэпутатаў:
– Важнае месца ў рабоце Жабінкаўскага сельскага Савета дэпутатаў адводзіцца добраўпарадкаванню населеных пунктаў. Летась на гэта зрасходавана 38,8 тысячы рублёў. За сродкі сельскага бюджэту выкананы работы па ліквідацыі аварыйных дрэў (24), на што зрасходавана 2282,11 рубля, па абкошванні тэрыторый агульнага карыстання населеных пунктаў выдаткі склалі 1500,11 рубля, адрамантаваны вуліцы Спакойная, Крынічная, Палявая ў Здзітаве дарожнікамі ДРБУ № 103, на што патрачана 17766,59 рубля.
Забяспечанасць сельскага бюджэту ўласнымі даходамі летась склала 98,9 %.
На сходах вяскоўцы ўзнімаюць такія пытанні, як стан дарог і сельскіх вуліц, газіфікацыі, будаўніцтва сетак водазабеспячэння. Цяпер вядуцца работы па будаўніцтве сетак водазабеспячэння ў квартале індывідуальнай забудовы ў Здзітаве, плануем пачаць будаўніцтва іх у Шчэгліках.
Юрый Кадоліч, старшыня Ленінскага сельскага Савета дэпутатаў:
– Асноўнай формай дзейнасці Савета з’яўляецца сесія. Летась праведзена 4 планавыя сесіі сельскага Савета і 4 – пазапланавыя. Разглядаліся пытанні работы прадпрыемстваў гандлю ў забеспячэнні таварамі насельніцтва, выкананне закона Рэспублікі Беларусь “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях на тэрыторыі сельсавета” і іншыя. Некаторыя пасяджэнні сесій праводзілі сумесна з сельвыканкамам. Практыкуем запрашэнне на іх спецыялістаў працоўных калектываў, што размешчаны на тэрыторыі сельсавета, індывідуальных прадпрымальнікаў для больш поўнага прыцягнення іх да грамадскага жыцця, фінансава-матэрыяльнай падтрымкі пры правядзенні святочных мерапрыемстваў у вёсках.
У сельскім Савеце працуе пастаянная камісія па пытаннях мясцовага кіравання і самакіравання, дэпутацкай этыцы. Летась на яе пасяджэнні разгледжана пытанне “Аб ходзе рэалізацыі Дэкрэта № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у няўдалых сем’ях”.
Работа органаў мясцовага кіравання і самакіравання ўключае ў сябе і справы старастаў, якіх у нас 11. Летась імі праведзены вялікі аб’ём работы з жыхарамі ў забеспячэнні выканання каранцінных ветэрынарных мерапрыемстваў у папярэджанні захворванняў свойскіх жывёл. Старасты забяспечылі пэўную дапамогу ў папярэджанні пажарнай небяспекі, а таксама інфармавалі сельвыканкам аб узнікненні магчымых праблем на тэрыторыі населеных пунктаў. Яны працуюць у цесным кантакце з дэпутатамі. Заўважу, што ўсе, хто звяртаецца да дэпутатаў, старастаў, знаходзяць адказы на вырашэнне мясцовых праблем. Але тым не менш недапрацоўкай лічу, што мы яшчэ не ў поўнай меры праводзім вучобу дэпутатаў, не займаемся абменам вопыту з калегамі іншых Саветаў, а таксама ў пытаннях занятасці насельніцтва.
Ірына Кашчэва, дырэктар ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Жабінка”:
– На першай арганізацыйнай сесіі XXVII склікання ў красавіку 2014 года з ліку дэпутатаў былі ўтвораны чатыры пастаянныя камісіі Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў. Мяне выбралі старшынёй пастаяннай камісіі па пытаннях сацыяльна-культурнай сферы, справах моладзі, законнасці і ахове правоў грамадзян. У яе ўваходзяць 5 чалавек. У адпаведнасці з планам работы раённага Савета дэпутатаў пасяджэнні яе праводзяцца адзін раз у квартал, летась іх было чатыры, разглядаліся розныя запланаваныя пытанні. Пры разглядзе арганізацыі занятасці непаўнагадовых у пасляўрочны час асаблівая ўвага была ўдзелена стопрацэнтнай занятасці вучняў, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўнагадовых, дадзены рэкамендацыі аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама па прыцягненні ў вольны час да карыснага занятку тых, хто пражывае ў няўдалых, малазабяспечаных і шматдзетных сем’ях.
Як дэпутат раённага Савета дэпутатаў, я вяду прыём сваіх выбаршчыкаў. Праўда, не заўсёды згодна з графікам: людзі звяртаюцца пры сустрэчах, у школе, дзе я працую. На тэрыторыі выбарчай акругі іх 617 чалавек, узнімаюць розныя праблемы, да якіх стаўлюся з паразуменнем.
Матэрыял да друку падрыхтавала Людміла КОСЦІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.