Малочная жывёлагадоўля прыносіць асноўны даход

коровкі

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
ААТ “Хмелева” – адно з мацнейшых сельгаспрад-прыемстваў Жабінкаўшчыны. Мінулы год быў няпростым для хмелеўцаў. Многія паказчыкі калектыў летась знізіў, некаторыя павысіў. Што аб’ектыўна не дало дасягнуць лепшых вынікаў, што патрэбна зрабіць, якія задачы рэалізаваць, каб палепшыць сітуацыю, пастараліся разабрацца прысутныя пад час справаздачнага сходу ў ААТ “Хмелева”.
Дырэктар таварыства Барыс Парафянюк пасля агучвання парадку дня расказаў пра вынікі работы гаспадаркі за мінулы год і акрэсліў задачы на бягучы.
Пачаў Барыс Уласавіч з таго, што ў 2016-ым СВК “Хмелева”, як і большасць іншых у раёне, рэарганізаваны ў адкрытае акцыянернае таварыства. Кіраўнік у сваім выступленні пачаргова спыніўся на двух “кітах”, на якіх трымаецца сельская гаспадарка ­– раслінаводстве і жывёлагадоўлі. Першую галіну ў ААТ “Хмелева” ўзначальвае галоўны аграном Максім Хомік. Барыс Уласавіч адзначыў, што мінулы год быў спрыяльным для раслінаводства ў цэлым, але не для рапсу, ураджай якога аказаўся самым нізкім за апошнія гады. У СВК “Хмелева” атрымалі нядрэнны ўраджай збожжавых, а пасеяныя аднагадовыя і паўторныя травы пры наяўнасці вільгаці далі гаспадарцы зернесянаж і сянаж, парадавала і кукуруза.
У справаздачным годзе ўбралі 2076 гектараў збожжавых і зернебабовых культур, намалацілі іх 8257 тон у вазе пасля дапрацоўкі, што на 808 тон больш чым у пазалеташнім годзе, ці на 113 %
пры ўраджайнасці 39,8 ц/га.
У цэлым ад рэалізацыі збожжа выручана 704 тысячы рублёў, што больш чым у 2015 годзе на 336 тысяч, прыбытку атрымана 209 тысяч рублёў. Дзяржзаказ па продажы збожжа выкананы на 100 %.
Барыс Парафянюк падкрэсліў, што сёлета больш увагі плануецца надаць вырошчванню бульбы, таму што летась яна падвяла. СВК “Хмелева” заўсёды славіўся вырошчваннем “другога хлеба”, рэалізацыя якога давала гаспадарцы нядрэнны прыбытак. Аднак у справаздачным годзе пры невысокай ураджайнасці (усяго 187 ц/га) з накапаных 2337 тон рэалізавалі ўсяго 964, атрымалі выручкі 144 тысячы рублёў, прыбытку – 57 тысяч. Рэалізуецца бульба яшчэ і зараз, рэнтабельнасць яе складае 65,5 %.
Барыс Уласавіч адзначыў, што неабходна павялічваць яе ўраджайнасць, таварнасць, для гэтага трэба павышаць якасць “другога хлеба” праз сортаабнаўленне.
– Пакуль бульба рэнтабельная, будзем ёю займацца, – сказаў ён, – маючы сховішча, мы можам рэалізоўваць яе ўсю зіму. На бягучы год запланавалі пасадзіць 125 гектараў, атрымаць 2500 тон караняплодаў.
Гаварылася на сходзе і аб тым, што галоўная задача ў раслінаводстве, як і ва ўсёй сельгасвытворчасці, – вырабляць канкурэнта-здольную прадукцыю, а таксама забяспечваць жывёлу кармамі. Для гэтага трэба правесці сяўбу ў самыя аптымальныя тэрміны, унесці неабходную колькасць мінеральных угнаенняў, своечасова правесці догляд і падкормку пасеваў, сабраць ураджай і нарыхтаваць кармы ў тэрміны і без страт.
Сярод лепшых хлебаробаў гаспадаркі Барыс Парафянюк назваў Дзмітрыя Ляшко, Івана Андрасюка, Івана Дзянішчыча, Мікалая і Аляксандра Мікуцаў, Аляксандра Гойку, Аляксандра Бобрыка, Віктара Чаквіна і іншых. Асаблівую падзяку кіраўнік выказаў працаўнікам, занятым на КЗС і зернеачышчальных машынах. Дзякуючы ім усё збожжа летась было дапрацавана, адпраўлена на захоўванне, дзяржаве, а таксама засыпана на насенне. Не першы год тут рупліва працуе Аляксандр Дырман, пад кіраўніцтвам якога перапрацоўваецца збожжа і бульба.
Галіну жывёлагадоўлі ў ААТ “Хмелева” ўзначальвае Таццяна Наўроцкая. Таццяна Мікалаеўна душой хварэе за паказчыкі ў жывёлагадоўчым цэху. У сваім выступленні на справаздачным сходзе яна адзначыла, што летась у СВК “Хмелева” надаілі 8207 тон малака (100 % да папярэдняга года). Надой на адну фуражную карову склаў 6181 кілаграм (-128 кілаграмаў у параўнанні з 2015 годам).
Таццяна Наўроцкая падкрэсліла, што ў апошнія гады патрабаванні да якасці малака прад’яўляюцца вельмі высокія, і сельгаспрадпрыемствам неабходна пастаянна працаваць над яе паляпшэннем, чым у ААТ “Хмелева” і займаюцца.
Летась хмелеўцы рэалізавалі дзяржаве 7197 тон малака: 93,4 % гатункам “экстра”, 6,2 % – вышэйшым, тлустасцю 3,72 % пры базіснай 3,6. У параўнанні з 2015 годам якасць рэалізуемага малака нашмат палепшылася, за кошт павелічэння ўдзельнай вагі гатунку “экстра” дадаткова атрымалі выручкі 241 тысячу рублёў. За кошт павелічэння яго тлустасці на 0,18 % даатрымалі 75 тысяч рублёў.
Усяго ад рэалізацыі малака прыбытак гаспадаркі склаў 1 млн. 269 тыс. рублёў (плюс 357 тыс. да папярэдняга года). Малочная жывёлагадоўля прыносіць асноўны даход у касу гаспадаркі: у структуры выручкі ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі, работ і паслуг на долю малака прыходзіцца 62,3 %.
Намеснік старшыні па жывёлагадоўлі назвала лепшых аператараў машыннага даення: Таццяну Церашчук, Марыю Шыдлоўскую, Таццяну Радзіюк, Галіну Саванюк, Лілію Прышчэпу, іншых.
Аднак Барыс Уласавіч і Таццяна Мікалаеўна гаварылі і аб праблемах у жывёлагадоўчай галіне. Гэта невытворчае выбыццё кароў, нізкая эфектыўнасць асемянення цялушак, дрэнная захаванасць маладняку і атрыманне прыплоду. Адна з прычын нізкага выхаду цялят – гэта наяўнасць мясной скаціны. На 1 студзеня 2016 года ў СВК “Хмелева” было 190 мясных галоў, ад іх атрымалі толькі 68 цялят, ці на 100 галоў 35,8 галавы прыплоду. У іх нізкае пакрыццё. Ад малочных атрымалі 1063 галавы на 1320 кароў, або 80,5 на 100 кароў.
Важная задача, якая стаіць перад хмелеўскімі жывёлаводамі, – павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці і рэалізацыі мяса. Летась атрыманы сярэднесутачныя прыбаўленні ў вазе 639 грамаў (-97 грамаў да 2015 года), валавая вытворчасць мяса БРЖ склала 693 тоны (-120,5 тоны).
Сабекошт вытворчасці мяса павялічыўся на 13 %, а кошт рэалізацыі зменшыўся на 4 %. Закупачныя цэны засталіся на ўзроўні 2015 года, у выніку ад рэалізацыі мяса ў ААТ “Хмелева” атрымалі страты 575 тысяч рублёў. Рэнтабельнасць мінус 33,5 %. Сёлета трэба выпраўляць гэтую сітуацыю.
Дырэктар таварыства адзначыў, што нарыхтаваныя ў справаздачным годзе кармы нашмат якаснейшыя за пазалеташнія. Назапасілі больш сенажу і зернесенажу, што дазволіць збалансаваць рацыён жывёлы. Прыняты таксама меры па прафілактыцы і лячэнні пастэрыёзу, які выявілі ў кароў і які прыгнятаў жывёл на працягу доўгага часу, і яны ўжо даюць станоўчыя вынікі.
Сярод тых жывёлаводаў, якія дасягнулі найлепшых вынікаў на вырошчванні маладняку БРЖ, на сходзе былі названы Людміла Андрасюк, Тамара Дзенісовіч, Ірына Сянькевіч, Святлана Амельянюк і Ніна Міцкевіч. Не лішнім будзе заўважыць, што жывёлавод фермы “Падлессе” Святлана Амельянюк занесена ў Галерэю працоўнай славы раёна па выніках работы за мінулы год.
Барыс Уласавіч падкрэсліў, што ў планах на сёлетні год атрымаць сярэднесутачныя прыбаўленні ў вазе 750 грамаў, выгадаваць 825 тон жывёлы, рэалізаваць 735 тон мяса БРЖ, надаіць 8700 тон малака.
На сходзе былі заслуханы таксама справа-
здачы аб рабоце рэвізійнай камісіі ў ААТ “Хмелева”, аб выкананні калектыўнага дагавору і зацвярджэнні ў ім змен і дапаўненняў.
У рабоце справаздачнага сходу ў Хмелеве прыняў удзел старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі. Дзмітрый Мікалаевіч падзякаваў усім працаўнікам вёскі за іх нялёгкую работу і заўважыў, што высокія паказчыкі ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі залежаць ад сумленнай і самаадданай працы кожнага на сваім месцы, а таксама ад строгага захавання тэхналогій і вытворчай дысцыпліны.
Скончылася мерапрыемства на прыемнай ноце: лепшых земляробаў і жывёлаводаў дырэктар таварыства Барыс Парафянюк заахвоціў грашовымі прэміямі.
Акрамя таго, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Наталля Карпук, якая прысутнічала на сходзе, уручыла руплівіцам ААТ “Хмелева” Лісты падзякі ад раённай арганізацыі галіновага прафсаюза і сертыфікаты на набыццё тавараў Жабінкаўскага камбікормавага завода. Іх атрымалі Ніна Міцкевіч, Вера Крох, Галіна Саванюк, Ірына Сянькевіч і Таццяна Германовіч.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.