Рэпартаж з цырымоніі ўручэння пашпартоў
Людміла КОСЦІНА.
Фота Таццяны ПЛАВУХ.
У ДЗЕНЬ КАНСТЫТУЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ зала пасяджэнняў Жабінкаўскага райвыканкама была запоўнена хлопчыкамі і дзяўчынкамі з розных школ раёна. Прыйшлі яны сюды, каб атрымаць пашпарт грамадзяніна краіны менавіта ў самае галоўнае свята нашай Айчыны. Падзяліць радасць, усю важнасць і ўрачыстасць гэтай падзеі завіталі прадстаўнікі дзяржаўнай улады, грамадскіх аб’яднанняў, бацькі. У цырымоніі ўдзельнічалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Мікалаевіч Гарадзецкі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Вітальевіч Шалтанюк і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Уладзіміраўна Стаціўка.
Адзіная пашпартная сістэма была ўведзена ў пачатку 30-ых гадоў ХХ стагоддзя, калі Беларусь уваходзіла ў склад СССР, з той пары пашпарт стаў жыццёва важным дакументам, які пацвярджае грамадзянства яго ўладальніка.
Слова даецца кіраўніку раёна Дзмітрыю Гарадзецкаму. Дзмітрый Мікалаевіч, звяртаючыся да моладзі і гасцей урачыстасці, зазначае:
– У гэтыя святочныя дні грамадскае аб’яднанне «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» ўжо не першы год праводзіць усебеларускую патрыятычную акцыю «Мы – грамадзяне Беларусі», якая прымеркавана да свята Канстытуцыі.
Пад час яе, паводле шматгадовай традыцыі, маладым людзям уручаецца пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, дакумент, які засведчвае асобу і пацвярджае яе прыналежнасць да сваёй краіны.
Стартавала акцыя ў сталіцы нашай дзяржавы Мінску 10 сакавіка, дзе 27 юных грамадзян атрымалі свой першы дакумент з рук намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігара Бузоўскага.
Сёння да гэтай акцыі далучаюцца і маладыя грамадзяне нашага раёна.
Быць паўнапраўным грамадзянінам сваёй краіны – не толькі вялікі гонар, але і вялікая адказнасць, якая мае на ўвазе выкананне многіх абавязкаў. Першасныя з іх – захаванне Канстытуцыі і законаў, сумленная праца, абарона нацыянальных інтарэсаў, павага і захаванне традыцый свайго народа. Святым абавязкам грамадзяніна Беларусі з’яўляецца і абарона сваёй Айчыны.
Разам з тым, Канстытуцыя дае грамадзянам мноства правоў: на адукацыю, працу, ахову здароўя, годны адпачынак, на свабоду меркаванняў, удзельнічаць у вырашэнні дзяржаўных спраў, выбіраць і быць абраным у дзяржаўныя органы і многія іншыя.
Сёння ў нашай краіне створаны ўсе ўмовы для таго, каб кожны з вас мог скарыстаць гэтыя правы. У якасці прыкладу прывяду наш раён. Вельмі многія выпускнікі жабінкаўскіх школ, атрымаўшы адпаведную адукацыю і спецыяльнасць, паспяхова працуюць на кіруючых пасадах у працоўных калектывах нашага раёна і за межамі Жабінкаўшчыны. Але нават не гэта галоўнае.
Паглядзіце на нашу раённую Галерэю працоўнай славы. Там вы знойдзеце імёны вадзіцеля і трактарыста-машыніста, машыніста экскаватара і муляра, інжынера, цырульніка, настаўніка, медыцынскую сястру, клубнага работніка. Гэта іх працай, працай іх калег ствараюцца духоўныя і матэрыяльныя каштоўнасці, умацоўваецца дабрабыт нашых людзей. Спадзяюся, што ваша энергія, мэтанакіраванасць, канструктыўныя ідэі і смелыя рашэнні таксама ўнясуць свой уклад у развіццё і росквіт краіны і нашага раёна у прыватнасці.
Старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Гарадзецкі і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Жанна Стаціўка ўручаюць пашпарты хлопчыкам і дзяўчынкам з сярэдніх школ № 1, № 2 і № 3 Жабінкі, Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната, Маціевіцкай базавай і Якаўчыцкай адзінаццацігодкі – усяго 19 чалавекам. Акрамя пашпарта на гэтай урачыстай цырымоніі хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі Канстытуцыю Беларусі і прыгожы памятны сувенір – кнігу “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.
Юнае пакаленне віншуе з атрыманнем самага галоўнага дакумента для чалавека Жанна Уладзіміраўна. Яна гаворыць, што старонкі пашпарта, які толькі што атрымалі, упрыгожвае нацыянальная сімволіка Беларусі. Быць грамадзянінам краіны вялікае шчасце і высокі гонар, няхай гэтая падзея застанецца ў памяці на ўсё жыццё.
– Мне вельмі прыемна знаходзіцца ў гэты дзень з маладымі, – працягвае яна. – Я заклікаю вас любіць сям’ю, Радзіму. Цяпер вы ў адказе за свой лёс і лёс краіны. Няхай ваша будучае будзе светлым, насычаным цікавымі падзеямі і шчаслівым.
Вучаніца Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў Аляксандра Скарына шчыра, ад душы вітала сваіх школьных сяброў песняй. Ад грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” слова ўзяла першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Марыя Сянішына, ад юных – Ульяна Новік, вучаніца другой гарадской школы.
Як вядома, падзяліць радасць і ўрачыстасць гэтай падзеі прыйшлі самыя дарагія людзі – бацькі. Ад іх слова трымала старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля Урбан. Наталля Мікалаеўна сказала:
– Сёння ў гэтай урачыстай абстаноўцы вы атрымалі свой першы афіцыйны дакумент, і ў вашым жыцці пачаўся новы адказны этап даросласці. Жадаю вам крочыць упэўнена, ганарыцца сваім імем і прозвішчам, запісанымі ў гэтым дакуменце. Няхай з гадамі ў пашпарце з’яўляюцца новыя і толькі добрыя запісы: аб стварэнні сям’і, нараджэнні дзяцей, новым месцы жыхарства. Так у гэтай маленькай кніжачцы з дапамогай пячатак і кароткіх запісаў ствараецца летапіс жыцця кожнага грамадзяніна краіны. Няхай у вас ён будзе багатым на добрыя і патрэбныя падзеі, а з вамі побач па жыцці крочаць надзея, любоў і шчасце.
І зноў музычнае віншаванне ад юнай салісткі клуба Жабінкаўскага цукровага завода Мяланні Мухі.
Урачыстасць завершана. Свой рэпартаж з яе хочацца закончыць словамі ўпэўненасці ў тым, што юнакі і дзяўчаты Жабінкаўшчыны з уласцівай ім энергіяй, ведамі, энтузіязмам зробяць усё неабходнае для росквіту любімай краіны. Няхай гэтыя словы паэта будуць лейтматывам да самастойнага жыцця сённяшніх віноўнікаў урачыстасці: “Цаніце працу, чалавека – і Бог вам дасць спагадны лёс… Шануйце дрэвы на планеце – святую нашу Беларусь, і мову Коласа, Купалы, вы беражыце з роду ў род, каб наша воля не прапала, каб не загінуў наш народ”.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%