Ці хутка стануць
вяскоўцы гараджанамі?
Апошняе па часе значнае ўзбуйненне райцэнтра адбывалася ў 1970-ыя гады, калі да Жабінкі далучыліся Абрамавічы, Галінова, Жабіначка і Мышчыцы-Пакроўскія. Зараз горад працягвае свой рост, і праз пэўны час у ягоных межах павінны апынуцца вёскі Здзітава, Курпічы, Сцяброва і Шчэглікі. У іх ладзіліся сходы грамадзян з удзелам старшыні раённага выканаўчага камітэта Дзмітрыя Гарадзецкага, спецыялістаў розных адказных службаў, якія даводзілі вяскоўцам пералічаных населеных пунктаў, як зменяцца ўмовы іх жыцця пасля таго, калі стануць яны гараджанамі. На ўсе пытанні, узнятыя гараджанамі, што тычацца перспектыў развіцця Жабінкаўшчыны, былі атрыманы тлумачэнні кіраўніка раёна.
Чытаем шмат і разам
21 лютага ў Дзень роднай мовы стартаваў рэспубліканскі конкурс юных чытачоў “Жывая класіка”. Ён пройдзе ў некалькі этапаў, а праводзіцца з мэтай павышэння цікавасці дзяцей і падлеткаў да чытання, развіцця і выхавання высокіх маральных каштоўнасцяў і ідэалаў беларускага грамадства, выхавання падрастаючага пакалення на лепшых узорах нацыянальнай літаратуры, прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблематыкі чытання, пашырэння чытацкага светапогляду, пошуку і падтрымкі таленавітай моладзі. Дэвіз конкурсу – “Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе і краіну!”. Першы этап праводзіцца з 1 па 31 сакавіка, другі – з 1 па 30 красавіка, трэці – з 1 па 31 мая г. г. – абласны, чацвёрты – заключны – праводзіцца напярэдадні ці ў Дзень беларускага пісьменства ў горадзе-сталіцы свята.
Пераможцы рэспубліканскага конкурсу будуць узнагароджаны пуцёўкай у Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”.
Песні і гумар – у падарунак
У Сцяпанкаўскім Доме культуры адбылася святочная праграма “Свята самых дарагіх, любімых і адзіных”. Яе падрыхтавалі супрацоўнікі Дома культуры і бібліятэкі.
Вядучы святочнага мерапрыемства мастацкі кіраўнік Сцяпанкаўскага Дома культуры Вячаслаў Іванюковіч сказаў многа добрых, прыемных слоў жанчынам, якія прысутнічалі ў зале. Дапамагалі яму Ірына Самасюк і Ніна Макаранка. Шмат гучала песень у выкананні Наташы Салдатавай і Вячаслава Іванюковіча, чытаннем вершаў парадавалі дзеці. Віншаванні даслалі прыгожай палавіне чалавецтва чытальнікі Ульяна Кот і Вераніка Аўсяйчук, дзеці сям’і Раманюк: Антон, Вадзім і Насця. Валерыя Новік і Ангеліна Паўлючык праспявалі пяшчотную песню “Я цалую твае рукі”. Былі на свяце і мініяцюры. Зрабіць атмасферу свята чароўнай, запамінальнай дапамаглі ў гэты вечар таксама самадзейныя артысты Крыўлянскага Дома культуры, якія радавалі жанчын не толькі песнямі, але і гумарам.
Да эвакуацыі школы гатовы
У рамках першага этапу рэспубліканскай акцыі “Дзень бяспекі. Увага ўсім!” з 1 па 6 сакавіка работнікі раённага аддзела надзвычайных сітуацый правялі Дзень грамадзянскай абароны ва ўстановах адукацыі Жабінкаўшчыны. З вучнямі малодшых класаў яны правялі прафілактычныя гутаркі, расказалі пра гісторыю Сусветнага дня грамадзянскай абароны, а таксама патлумачылі, якія надзвычайныя сітуацыі ўзнікаюць і як неабходна пры іх дзейнічаць.
З вучнямі сярэдніх і старэйшых класаў праведзены прафілактычныя мерапрыемствы з дэманстрацыяй відэафільмаў “Дзеянні паводле сігналу “Увага ўсім!”, “Школа бяспекі”. А яшчэ быў прадэманстраваны відэаролік аб мабільным дадатку “МНС Беларусі: дапамога побач”.
Завяршалася кожнае мерапрыемства агульна-школьнымі эвакуацыямі, пасля якіх работнікі РАНС адказвалі на пытанні, што цікавілі хлопчыкаў і дзяўчынак.
У час другога этапу з 9 па 17 сакавіка ў школах Жабінкі і раёна былі праведзены бацькоўскія сходы з удзелам супрацоўнікаў раённага аддзела надзвычайных сітуацый.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%