Штогод з надыходам вясны ў вобласці складваецца трывожнае становішча з пажарамі з прычыны выпальвання сухой травы. Неасцярожна кінуты акурак, пакінутае без нагляду вогнішча, падпаленая сухая расліннасць могуць прывесці да сур’ёзных вынікаў. Паводле гэтых прычын кожны год узнікаюць лясныя пажары, згараюць тоны грубых кармоў, ператвараюцца ў попел жылыя дамы і гаспадарчыя пабудовы, у агні гінуць людзі.
І хоць у Беларусі выпальванне сухой расліннасці забаронена законам, жаданне пазбавіцца ад смецця і сухой травы з дапамогай запалкі ў нашых грамадзян не знікае. Нагадваем, што згодна з арт. 15.57 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях за выпальванне сухой расліннасці, травы на корані, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў на палях або за непрыняцце мер па ліквідацыі палаў прадугледжана адказнасць у выглядзе штрафу ад 10 да 40 базавых велічыняў, а артыкул 15.58 за распальванне вогнішчаў у забароненых месцах прадугледжвае папярэджанне ці накладанне штрафу да 12 БВ.
Летась у рэспубліцы адбылося 2528 пажараў на агульнай плошчы 999,56 га. На Брэстчыне ў экасістэмах зарэгістраваны 322 пажары (169,46 га). Што тычыцца Жабінкаўскага раёна, то тут адбыліся 4 пажары травы і сухой расліннасці на плошчы 0,86 га, адзін лясны (0,8 га), тарфяны (0,7 га). 40 разоў выратавальнікі-пажарныя Жабінкаўскага РАНС выязджалі на тушэнне сухога смецця.
Тым , хто любіць адпачываць на прыродзе, МНС нагадвае:
– не пакідайце ў месцах адпачынку непатушаныя вогнішчы, запалкі, акуркі, шкляныя бутэлькі (на сонцы яны працуюць як павелічальнае шкло, факусіруюць сонечнае святло і падпальваюць траву, мох і г.д.);
– не праходзьце міма падпаленай травы, пры немагчымасці патушыць пажар самастойна, паведамляйце пра ўзгаранні ў дзяжурную службу МНС па тэл. 101 і 112.
Пасля занясення зменаў у правілы пажарнай бяспекі дапускаецца кантралюемае развядзенне вогнішчаў для спальвання смецця і адходаў на пляцоўках. Пры гэтым яны павінны быць абрамлены вычышчанай ад мінеральнага пласта глебы паласой шырынёй не менш за 0,25 м. Паліць адходы можна пры слабым ветры і пры захаванні наступных адлегласцяў: 10 метраў ад будынкаў і збудаванняў, 20 – ад ляснога масіву, 30 – ад месцаў, дзе складзіруецца сена або салома. У правілах дадаткова ўказана, што на прысядзібных участках можна гатаваць ежу ў спецыяльных прыстасаваннях на мінімальнай адлегласці ад будынкаў і збудаванняў не менш за 4 метры.
Ні ў якім разе нельга пры спальванні смецця выкарыстоўваць гаручыя вадкасці, а таксама пакідаць непатушаныя вогнішчы, запалкі, акуркі і інш.
Жабінкаўскі раённы аддзел надзвычайных сітуацый.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%