Сёння мы друкуем адказы на некаторыя пытанні, якія часам хвалююць спажыўцоў. На іх адказвае галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Алена Мацвяюк.
– Як паступіць у сітуацыі, калі набыты тавар няякасны?
– Паводле Закона “Аб абароне правоў спажыўцоў”, пакупнік, якому прадалі няякасны тавар, і прадавец не сказаў пра гэта, мае права патрабаваць замены яго, адпаведнага змяншэння кошту, тэрміновага бязвыплатнага кошту ці кампенсацыі за ўхіленне выяўленых недахопаў.
Акрамя пералічанага, спажывец мае права скасаваць дагавор рознічнай куплі-продажу і патрабаваць вяртання грошай за тавар. Можна вяртаць яго без спажывецкай тары. Яшчэ хачу сказаць, што адсутнасць дакумента, што пацвярджае факт набыцця пакупкі, не з’яўляецца асновай для адмовы ў задавальненні яго патрабаванняў.
Прадавец абавязаны прыняць няякасны тавар, пры неабходнасці нават праверыць яго якасць. Дарэчы, у праверцы яе спажывец мае права ўдзельнічаць асабіста ці праз свайго прадстаўніка.
– Алена Рыгораўна, куды можа звярнуцца спажывец, каб абараніць свае правы?
– Можна звярнуцца ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы па месцы жыхарства (здзяйснення пакупкі); у грамадскія аб’яднанні спажыўцоў (дарэчы, кан-сультацыі ажыццяўляюцца на бязвыплатнай аснове); з заявай у суд аб абароне сваіх правоў.
Але да падачы заявы спажывец павінен накіраваць на адрас прадаўца пісьмовую прэтэнзію з указаннем канкрэтных патрабаванняў. Нагадаю, што спажыўцы вызваляюцца ад аплаты дзяржаўнай пошліны па ісках, звязаных з парушэннем іх правоў.
– У які тэрмін можна вярнуць тавар належнай якасці (часцей задаецца такое пытанне, калі купілі на выставах і прэзентацыях)?
– Спажывец мае права вярнуць яго на працягу 14 дзён, калі больш працяглы тэрмін не аб’яўлены прадаўцом. Патрабаванне яго аб вяртанні тавару задавальняецца ў тым выпадку, калі тавар не быў ва ўжытку, захаваны яго спажывецкія ўласцівасці і ёсць доказ набыцця яго менавіта ў гэтага прадаўца. Як толькі пакупнік вяртае тавар належнай якасці, яго патрабаванне аб выплаце патрачаных грошай на пакупку павінна быць задаволена адразу ж. Калі гэтага немагчыма зрабіць, то максімальны тэрмін для задавальнення патрабавання не можа перавышаць сямі дзён.
– Алена Рыгораўна, а што павінен ведаць пакупнік пры набыцці тавара ў інтэрнэт-магазіне?
– Прадавец на сайце інтэрнэт-магазіна павінен давесці да ведама спажыўца на беларускай ці рускай мовах наступную інфармацыю: назву арганізацыі, юрыдычны адрас, УНП (для ІП – прозвішча, імя, імя па бацьку, адрас, звесткі аб дзяржаўнай рэгістрацыі і назву органа, які яе ажыццявіў); час працы магазіна; назву, месца знахо-джання вытворцы і імпарцёра (пры наяўнасці); гарантыйныя тэрміны на тавар; дату вырабу, тэрмін годнасці і захоўвання; кошт; наяўнасць у продажы; тэрмін дастаўкі; умовы аплаты дастаўкі тавара, іншыя звесткі.
Калі вы рашылі набыць тавар у інтэрнэт-магазіне, абавязкова захавайце дадзеныя пра інтэрнэт-старонку, на якой размешчана інфармацыя аб прадаўцу і выбраным тавары.
Гутарыла Людміла КОСЦІНА.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%