Летась пракуратурай сумесна з праваахоўнымі дзяржаўнымі органамі, а таксама іншымі суб’ектамі прафілактыкі праве-дзена пэўная работа па ўмацаванні законнасці і правапарадку, абароне інтарэсаў людзей, грамадства і дзяржавы на тэрыторыі раёна. Удалося дабіцца зніжэння колькасці зарэгістраваных асабліва цяжкіх і цяжкіх злачынстваў, паказальнік раскрывальнасці іх склаў 77,5 % супраць 76 % у 2015-ым (сярэдне-абласны 73 %).
Адбылося зніжэнне агульнай колькасці зарэгістраваных злачынстваў са 181 у 2015-ым да 163 у 2016-ым. Узровень агульнай злачыннасці на 10 тысяч насельніцтва склаў 67, што ніжэй за абласны (сярэднеабласны – 83 злачынствы). Менш іх адбылося на тэрыторыі Жабінкаўскага, Ленінскага, Ракітніцкага, Хмелеўскага і Крыўлянскага сельсаветаў. У той жа час колькасць іх на адно павялічылася ў Жабінцы, на тэрыторыях Азяцкага і Сцяпанкаўскага сельсаветаў, адпаведна з 8 да 12 і з 4 да 6. Гэта сведчыць пра недастатковы ўзровень прафілактычнай работы, што праводзілася.
З ліку зарэгістраваных тры злачынствы адносяцца да катэгорыі асабліва цяжкіх, шэсць – да цяжкіх, 108 – менш цяжкіх і 46, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі. Не было ў раёне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, што выклікалі б смерць пацярпелага; згвалтаванняў; разбояў; грабяжоў і вымагальніцтваў. Зменшылася колькасць крадзяжоў, хуліганстваў, прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў.
На адзін угон аўтатранспарту летась было больш у параўнанні з 2015 годам, а таксама адно махлярства. На 20 злачынстваў менш здзейснена тымі, хто знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення, крыху менш раней судзімымі і непаўнагадовымі, а таксама ў грамадскіх месцах.
Менш было летась і ДТЗ у параўнанні з 2015 годам. Праўда, у іх загінулі 2 чалавекі, 7 атрымалі раненні. Менш адбылося летась у параўнанні з 2015 годам крадзяжоў. Са 163 зарэгістраваных злачынстваў крадзяжы маёмасці складаюць 44,8 %, у Жабінцы іх 36 %,
у сельскай мясцовасці 64 %. Рост крадзяжоў адбыўся на тэрыторыях Сцяпанкаўскага, Крыўлянскага і Азяцкага сельсаветаў, у Ленінскім іх засталося на ўзроўні 2015 года. Крадуць у асноўным з гаражоў, з аўтамабіляў, мабільныя тэлефоны і веласіпеды. Большая частка такіх злачынстваў адбываецца з удзелам раней судзімых, якія вядуць антыграмадскі лад жыцця.
Летась у раёне зарэгістравана 7 злачынстваў, здзейсненых у сферы сямейна-бытавых адносін, з іх адно забойства, у пяці прысутнічалі пагрозы забойствам і ў адным былі прычынены лёгкія цялесныя пашкоджанні, у выніку адбылося кароткачасовае расстройства здароўя.
Летась работа суб’ектаў прафілактыкі і РАУС арга-нізоўвалася ў адпаведнасці з планам мерапрыемстваў у прафілактыцы правапарушэнняў, узгодненым на каардынацыйнай нарадзе па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй. У рэалізацыі мерапрыемстваў удзельнічалі ўсе суб’екты прафілактыкі раёна (РАУС, упраўленне працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама, пракуратура, райаддзел Следчага камітэта, аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, аддзел надзвычайных сітуацый, Жабінкаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Жабінкаўская ЖКГ і г. д.).
Супрацоўнікамі пракуратуры выяўлены факты няпоўнага выканання намечаных мерапрыемстваў Жабінкаўскім РАУС. Так, аддзелу ўнутраных спраў і ўпраўленню працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама неабходна было абагульніць і распаўсюдзіць станоўчы вопыт работы дзяржаўных органаў і грамадскіх аб’яднанняў па прафілактыцы правапарушэнняў у сферы сямейна-бытавых адносін. Дадзенае мерапрыемства не выканана. Фармалізм і бескантрольнасць у некаторых выпадках прывялі летась да трагічных выпадкаў, якія закончыліся асабліва цяжкімі злачынствамі ў быце.
Пракуратурай раёна на працягу мінулага года прымаліся актыўныя меры пракурорскага рэагавання з мэтай абароны інтарэсаў дзяржавы, суб’ектаў гаспадарання розных форм уласнасці, а таксама з мэтай абароны жыллёвых, працоўных, маёмасных і іншых канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян. Практычна ніводная з праведзеных пракуратурай праверак не была безвыніковай, што сведчыць пра парушэнне заканадаўства юрыдычнымі асобамі ў кожнай галіне. Было праведзена 38 праверак выканання працоўнага, зямельнага, прыродаахоўнага заканадаўства, а таксама аб захаванасці ўласнасці, аб барацьбе з карупцыяй, па выніках якіх унесены 24 прадстаўленні, 24 прадпісанні, прынесена 17 пратэстаў. Паводле патрабавання пракурора 65 асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, 39 – да адміністрацыйнай.
Значная ўвага надавалася захаванню працоўнага заканадаўства. У раёне па-ранейшаму выяўляюцца шматлікія яго парушэнні. У прыватнасці, такія, якія рэгламентуюць парадак канчатковага разліку з работнікамі пры звальненні і сярэдняга заробку за час працоўнага адпачынку. Такія парушэнні дапускаліся ў ААТ “Арэпічы”, ДРБУ № 103, ААТ “Жабінкаўскі”.
Былі выяўлены факты допуску да ўдзелу ў дарожным руху механізатараў у стане алкагольнага ап’янення, знаходжання работнікаў нападпітку на рабочых месцах, а таксама распіццё спіртных напояў на працы. Летась да адміністрацыйнай адказнасці за знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення ў рабочы час прыцягнута 26 працаўнікоў. Найбольш іх было ў ААТ “Ракітніца”, ААТ “Азяты АГРА”.
Асаблівую заклапочанасць выклікае нізкі ўзровень працы камісій па барацьбе з п’янствам на прадпрыемстве. Праверка ў ААТ “Жабінкаўскі” выявіла, што такая камісія тут бяздзейнічала на працягу двух апошніх гадоў. Летась 11 работнікаў сельгаспрадпрыемства былі пакараны дысцыплінарна за знаходжанне на рабочым месцы ў п’яным стане.
Не заўсёды на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу створаны здаровыя і бяспечныя ўмовы працы, накіраваныя на захаванне жыцця і здароўя работнікаў у працэсе дзейнасці. Значныя парушэнні выяўлены ў ААТ “Жабінкаўскі”, “Ракітніца”, “Арэпічы” і “Шпіталі”. Не ў поўнай меры забяспечаны сродкамі індывідуальнай аховы рабочыя, ажыццяўлялася выкарыстанне няспраўных механізмаў і абсталявання. У 2016 годзе мелі месца факты парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі (ААТ “Ракітніца”, “Жабінкаўскі” і “Арэпічы”).
Значную ўвагу пракурорскі нагляд аказвае на ўзровень рэальнай кампенсацыі ўрону, нанесенага дзяржаве, прадпрыемствам і арганізацыям дзяржаўнай формы (ці з доляй дзяржаўнай) уласнасці, а таксама суб’ектам гаспадарання, якія ўваходзяць у сістэму аграпрамысловага комплексу. Паводле патрабаванняў пракурора раёна да матэрыяльнай адказнасці прыцягнуты 22 фізічныя асобы на 7606 рублёў, а таксама 7 юрыдычных – на 4422 рублі.
Адной з прычын, якая садзейнічае парушэнню заканадаўства аб забеспячэнні захаванасці ўласнасці, з’яўляецца неналежная арганізацыя аховы вытворчых аб’ектаў і складскіх памяшканняў сельскагаспадарчых аб’ектаў, незахаванне працоўнай дысцыпліны, адсутнасць неабходных мер, накіраваных на захаванасць маёмасці. Да адміністрацыйнай адказнасці за дробны крадзеж маёмасці юрыдычных асоб прыцягнута 40 чалавек. На працягу года выяўляліся факты крадзяжу малака з ферм, што тлумачыцца бесперашкодным доступам асоб да выпушчанай прадукцыі.
Летась у параўнанні з папярэднім годам праваахоўнымі органамі зніжана колькасць карупцыйных злачынстваў з 8 да 2.
Уладзімір КІРЫЛЮК, пракурор Жабінкаўскага раёна, старшы саветнік юстыцыі.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%