Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.
На палях Жабінкаўшчыны ажыўленне – вядуцца веснавыя палявыя работы. Уключыліся ў перадпасяўную кампанію і працаўнікі аддзялення “Якаўчыцы” ААТ “Жабінкаўскі”.
На 13 сакавіка былі падкормлены ўсе пасевы азімага рапсу – а гэта 270 гектараў. (Дарэчы, гэтая культура выдатна перазімавала пад снежным покрывам і зможа парадаваць добрым ураджаем восенню). Цяпер вядзецца падкормка “KASSам” азімых зерневых культур. Штодня на палі вывозіцца арганіка – да 1000 тон. Услед за гноераскідвальнікамі ў поле выходзяць трактары з плугамі і рыхтуюць глебу да сяўбы. А сёлета пад яравую яе ў аддзяленні “Якаўчыцы” адведзена звыш 800 гектараў. Усе работы вядуцца зладжана, механізатарам вопыту і майстэрства не займаць. Замінкі бываюць, бадай, толькі з-за паломак тэхнікі.
Ну вось, вясну і дачакаліся. Час за працу брацца…
Механізатар Андрэй Салей з аддзялення “Якаўчыцы” ААТ “Жабінкаўскі” ў полі з самага ранку. На трактары МТЗ-12-21 прычэплены агрэгат для ўнясення мінеральных угнаенняў. У яго ўмяшчаецца цэлая тона тукаў. Механізатар спрытна апускае агрэгат, каб да самых краёў напоўніць яго калійнымі ўгнаеннямі, прывезенымі Віктарам Шастачуком. Некалькі хвілін – і трактар ужо едзе па полі, а за коламі ва ўсе бакі раскідваецца ўгнаенне. Там-сям стаяць лу-жыны, тэхніка ў некаторых месцах гразне. Толькі для вопытнага працаўніка гэта не праблема, дый двухпрывадны трактар з шырокімі коламі гразі не баіцца.
Пад час чарговай загрузкі агрэгата тукамі ў Салея – кароценькі “перакур”. Самы час паслухаць, як недзе там, у вышыні, заліваецца песняй жаваранак – палёў спявак.
– Нават не верыцца, што ўжо чвэрць веку кручу баранку трактара. Як прыйшоў сюды яшчэ да службы ў войску, так і працую ў полі. Адразу на Т-25 пасадзілі – многія маладыя і не ведаюць, што за трактар такі. Эх, шмат гадоў на ім сельскую гаспадарку паднімалі. Потым пасябраваў з МТЗ-82. А цяпер МТЗ-12-21 – мой памочнік. Некалькі гадоў, праўда, хлеб убіраў. Тады яшчэ “Нівы” ў нас былі. Многія работы выконваў – то гной вывезці, то тукі растрэсці. За дзень па палях так нагойсаешся – спіны і ног пад вечар не адчуваеш, а калі яшчэ спёка і кабіна награваецца… Ды не ў звычках механізатараў на ўмовы скардзіцца: табе даручылі справу – вось і рабі. Толькі не абы як, а хораша, каб не сорамна іншым за цябе было. Тыя ж угнаенні трэба раўнамерна раскідаць, каб у кучы не збіваліся, каб сілу жыццёвую раслінам даць. Зямля парадак любіць, неахайнасці не даруе.
А вясна, тым не менш, прыспешвае. Здаецца, толькі нядаўна гурбы снегу ляжалі, а сёння, бач ты, зялёная траўка прабіваецца. Люблю вясну з яе абуджэннем. Неяк нават і сумаваў па полі, па жаўранках. Хутка і свой гародчык араць-садзіць трэба.
…Кароткі перапынак з успамінамі завяршыўся.
– Паеду я. Учора 40 гектараў “аббег”, сёння амаль 80 трэба…
На здымку: механізатар Андрэй Салей, палявод Ірына Анціпаровіч і вадзіцель Віктар Шастачук.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%