Рэпартаж з урачыстасці ў ГДК, прымеркаванай да сотых угодкаў беларускай міліцыі
Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота Святланы БЯЛЯК.
Нямала добрых слоў за верную службу гучала 2 сакавіка ў адрас праваахоўнікаў. Найперш – за атмасферу спакою, якая склалася на вуліцах Жабінкі і нашых вёсак. Панавала такая ўвесь час і ў зале гарадскога Дома культуры, дзе ладзілася мерапрыемства, прымеркаванае да 100-годдзя міліцыі.
Яшчэ перад пачаткам жабінкаўцы маглі пазнаёміцца з рэтрамабілямі, якімі карысталіся ў былыя часы ахоўнікі грамадскага парадку, а ў фае ГДК сваё ўзбраенне дэманстравалі амапаўцы і была аформлена выстава дзіцячых малюнкаў, прысвечаных юбілейнай даце.
Урачыстасць распачалася з відэафільма, у якім распавядалася пра гісторыю і сённяшнія будні жабінкаўскіх праваахоўнікаў. Адкрыў імпрэзу начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама падпалкоўнік міліцыі Андрэй Лагота. Ён лаканічна распавёў пра гістарычны шлях, прой-дзены ад вытокаў, калі “закладваліся першыя камяні ў фундамент беларускай міліцыі”, да сённяшніх дзён.
– Наша задача не толькі захаваць спакой, – падкрэсліў Андрэй Яўгенавіч, – але і ўкараніць яго ў свядомасць грамадзян. Як кіраўнік, ганаруся, што працую ў калектыве, які можа годна выконваць абавязкі, ускладзеныя на яго. – І завяршыў гучным воклічам: “Гонар маю!”
Маюць гонар і тыя супрацоўнікі, што з рук начальніка атрымалі ўзнагароды: капітан міліцыі Аляксандр Андрасюк – Ганаровую грамату УУС Брэсцкага аблвыканкама, маёр міліцыі Васіль Бурко – грамату ўпраўлення, прапаршчык міліцыі Алег Каржук – падзяку ад абласнога кіраўніцтва.
Затым свае віншаванні са святам падараваў віноўнікам урачыстасці старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Гарадзецкі:
– Сёння ёсць добрая падстава ўспомніць тых, хто прысвяціў сваё жыццё таму, каб быў парадак у Жабінцы і наваколлях. Мы бачым, падраздзяленні ўнутраных спраў дастаткова мабільныя і падрыхтаваныя. Як вынік, за 2016 год па ўсіх катэгорыях злачынстваў на Жабінкаўшчыне назіралася зніжэнне. Маладое пакаленне ў стане працягваць традыцыі ветэранаў і адэкватна рэагаваць на падзеі, што адбываюцца ў свеце і краіне.
Нездарма ўзнагароды з рук кіраўніка раёна атрымалі праваахоўнікі розных пакаленняў: падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Шубскі і дзеючыя маёры міліцыі Раман Крупко і Уладзімір Сава – Ганаровыя граматы райвыканкама. Падзячныя лісты – ветэрану органаў унутраных спраў Дзмітрыю Лагоце і супрацоўнікам, што яшчэ ў страі: капітану міліцыі Андрэю Казульку і маёру міліцыі Аляксандру Каржуку.
Эмацыянальнай, што называецца, ад душы, была прамова старшыні раённага Савета дэпутатаў Анатоля Шалтанюка, які пажадаў людзям у пагонах, каб “сэрцы іх былі заўжды адкрытыя перад чужой бядой”, званні і ўзнагароды “даваліся часцей, а розныя эксцэсы здараліся радзей”. Затым з вялікім задавальненнем Анатоль Вітальевіч уручыў Ганаровыя граматы райсавета капітану міліцыі Сяргею Галоўчыку і прапаршчыку міліцыі Аляксандру Кавальчуку.
Добрымі словамі працягваў урачыстасць старшыня суда Жабінкаўскага раёна Віктар Новік. Віктар Віктаравіч не толькі засяродзіўся на асаблівасцях сучаснай міліцэйскай працы, звязанай у тым ліку з такімі з’явамі, як кіберпагроза, чаго, безумоўна, не ведалі іх папярэднікі, але і выканаў прыемную місію – уручыў граматы “лепшым нашым участковым” – Уладзіміру Саве і Сяргею Галоўчыку.
Начальнік Жабінкаўскага аддзела Дэпартамента аховы МУС Беларусі капітан міліцыі Сяргей Ханін, са свайго боку, узнагародзіў граматамі Дэпартамента Мікалая Паплаўскага і Васіля Рамашку. Да слова, Васіль Васільевіч у шэрагу іншых супрацоўнікаў быў уганараваны і медалём “100 год міліцыі Беларусі”. З ім гэтую ўзнагароду атрымалі таксама Вадзім Данілюк, Мікалай Шубскі і Міхаіл Пінчук.
Начальнік раённага аддзела МНС падпалкоўнік унутранай службы Алег Бутрым уручыў памятны нагрудны знак “15 год арганізацыям і падраз-
дзяленням, падначаленым Міністэрству надзвычайных сітуацый Рэспублікі Беларусь”, маёру міліцыі Віктару Дзеркачу.
Не маглі прыйсці на свята з пустымі рукамі і кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў – дырэктар ААТ “Жабінкаўскі” Аляксандр Тарасевіч і старшыня СВК “Рагазнянскі” Аляксандр Семянюк, якія падаравалі калектыву РАУС ноўтбук.
Асобных слоў падзякі заслужылі міліцэйскія дынастыі, у якіх прафесія праваахоўніка была выбрана ўслед за дзедам, бацькам, старэйшым братам. У іх ліку сем’і Лаготаў і Шаноевых, Самускевічаў і Раецкіх, Філіповічаў і Семенюкоў, Дзеркачоў і Падлескіх.
З удзячнасцю згадваліся імёны супрацоўнікаў, што знаходзяцца зараз на заслужаным адпачынку: Уладзімір Грачанік і Фёдар Вашчула, Аляксандр Грыцук і Анатоль Дулевіч, Васіль Белянец і Людміла Феліновіч. (Дарэчы, Людміла Пятроўна як актыўны сябра ветэранскай арганізацыі супрацоўнікаў органаў унутраных спраў атрымала падзяку РАУС). Называліся і імёны маладых, каму ісці ўслед за ветэранамі праваахоўнай справы: Сяргея Філіповіча, Дзіны Доста, Ігара Шпудзейкі, Дзмітрыя Салея, Вадзіма Сабалеўскага.
І канечне ж, нямала цёплых слоў заслужылі жонкі, маці, сёстры – усе, хто прывык чакаць, чытаць па вачах, разумець з паўслова, верыць, кахаць і спадзявацца на лепшае, радавацца перамогам, заставацца побач са сваімі мужчынамі, што прысвяцілі сябе няпростай міліцэйскай службе. Асобная падзяка – жанчынам у пагонах, якія “ўмеюць захоўваць не толькі сямейны агмень, але й парадак у роднай краіне”.
Кожнаму з віноўнікаў урачыстасці свае музычныя нумары па-песеннаму шчыра дарылі жабінкаўскія артысты Алеся Жукава і Аксана Пракошына, Наталля Лосева і Алег Канашкоў, Ілля Учаеў і Валерый Няменьшы. Прыгожым аздабленнем свята, як заўсёды, сталі гарэзлівыя танцы ў выкананні ўзорнага калектыву “Каруначкі” пад кіраўніцтвам Ірыны Румко.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%