Мноства радасных “сямёрак”

IMG_5470

Расціслаў БЕНЗЯРУК.
Фота Анатоля БЕНЗЕРУКА.
Нішто гэтак, як юбілеі, не пацвярджае хуткабежнасць нашага жыцця. Нядаўна сустрэў у горадзе сваю каляжанку: у 70-я гады мінулага ўжо веку разам з Валянцінай Ануфрыюк працавалі ў Азяцкай сярэдняй школе. Былі маладыя і лёгкія, як кажуць, на пад’ём, а зараз – пенсіянеры, у кожнага за плячамі сем дзясяткаў гадоў.

Як прызнаецца Валянціна Іванаўна, гады, што заканчваюцца на сем, для яе шчаслівыя. І колькі радасных “сямёрак” зведала і яшчэ зведае жанчына ў гэтым годзе? Першая звязана з вёскай Асмолавічы Кобрынскага раёна, дзе 16 сакавіка 1947 года ў Івана ды Ганны Карповічаў яна нарадзілася. Валя была першынцам у сям’і і прынесла шмат радасці ў дом.
Маці Ганна Цімафееўна лічылася ў Асмолавічах самым адукаваным чалавекам: яна скончыла сем класаў, была ў калгасе звеннявой, спявала ў аматарскім хоры, дэкламавала са сцэны вершы ды прозу. Як чытала вялікі ўрывак з рамана Аляксандра Пушкіна “Дуброўскі”, можна было не правяраць па кнізе: слова ў слова! У вёсцы празывалі яе Артысткай. Аднаго хацела маці: каб дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю, сталі інтэлігентамі.
Валянціна скончыла сямігодку ў суседняй вёсцы Грушава, а атэстат аб сярэдняй адукацыі атрымала ў Антопалі. Для дзяўчыны адкрывалася дарога ў ВНУ. Яна вырашыла стаць настаўніцай і падала дакументы ў Гродзенскі інстытут, але, як часам бывае, не хапіла ўсяго аднаго бала для таго, каб стаць студэнткай. Валя Карповіч ўладкавалася ў Акцябрскую сярэднюю школу, што на Кобрыншчыне, старшай піянерважатай.
З будучым мужам Васілём Ануфрыюком сустрэлася ў месцы не надта прыемным – у бальніцы. Васіля выпісалі раней, і колькі было для дзяўчыны радасці, калі аднойчы ён на матацыкле прыкаціў у Асмолавічы. У шэсцьдзесят сёмым маладыя людзі сталі мужам і жонкай. Вось вам яшчэ год на сямёрку. Год шчаслівы.
1977-ы, дзе поруч нават дзве сямёркі, падараваў Валянціне Іванаўне дыплом на права выкладаць урокі рускай мовы і літаратуры. Яна магла скончыць Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С. Пушкіна значна раней, але праз вельмі паважаныя сямейныя абставіны (нарадзілася дзіцятка) пасля трэцяга курса вымушана была перапыніць вучобу, а затым працягвала адукацыю на рускім аддзяленні. Хто зможа падлічыць, колькі ўрокаў за сорак гадоў педагагічнай працы правяла Ануфрыюк? Колькі было адкрытых урокаў, на якіх вучыліся нават калегі! Дзеці з яе дапамогай ахвотна засвойвалі творы рускай класічнай літаратуры. Таму настаўніца мае права сёння сказаць:
– Кім бы ні станавіліся мае вучні, яны выраслі добрымі людзьмі, бо за школьнай партай увабралі ў сябе творы Пушкіна і Гогаля, Талстога і Чэхава, Горкага і Шолахава… Абсалютная большасць вучылася старанна.
Сама ж Валянціна Іванаўна прайшла ледзь не ўсе прыступкі педагагічнай “кар’еры”: у Азятах працавала і выхавацелем групы падоўжанага дня, і настаўніцай, і нават завучам. Дзесяць год таму, у 2007-ым, развіталася са школай, каб цалкам аддацца дому і сям’і.
Дачка Алена Васільеўна Мароз, якая працягвае педагагічную дынастыю і сёння з’яўляецца дырэктарам Старасельскай школы, з цеплынёй расказвае пра маці:
– Колькі я помню сябе, у нашым доме жыў культ кнігі. Заўсёды была вялікая хатняя бібліятэка, бо мама выпісвала шматтомныя выданні. Выпісвала, чытала і нас прывучала змалку. Неяк адразу яна дала зразумець, што для мяне і сястры Іны вучоба – самае важнае: хочаш нечага дабіцца – вучыся! Сястра скончыла медвучылішча, а я – Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна. Тое, што ўклала ў нас матуля, мы стараемся перадаць сваім дзецям.
І гэта сапраўды так.
Сярод многіх гадоў 2017-ы не стаў выключэннем для сям’і Ануфрыюкоў на радасныя падзеі. Першую добрую вестку прынёс у дом унук Арцём Мароз. Ён паспеў скончыць Старасельскую базавую школу і цяпер зай-маецца ў Жабінцы ў ліцэі. Хлопчык з першага класа вучыцца толькі на “выдатна”, удзельнічае ў шматлікіх алімпіядах. І не толькі ўдзельнічае, але й перамагае. Вось і ў гэтым навучальным годзе адзінаццацікласнік выйшаў пераможцам на раённых алімпіядах па рускай мове і матэматыцы. Затым па апошнім прадмеце Арцём абараняў гонар раёна і вярнуўся з Брэста з дыпломам ІІІ ступені.
26 студзеня сярод дзяцей і ўнукаў Валянціна Іванаўна і Васіль Мікалаевіч Ануфрыюкі адзначылі залатое вяселле, а тут падкаціўся і да нашай гераіні свой юбілей. Мы шчыра віншуем яе з гэтай круглай датай, зычым здароўя, каб яшчэ доўга і шчасліва жылося ў пары на радасць блізкім людзям.
На здымку: першыя пралескі для любай матулі – Алена Васільеўна МАРОЗ і Валянціна Іванаўна АНУФРЫЮК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.