Незолотой песок

Незолотой песок

Штогод на Жабінкаўшчыне выконваюцца вялікія аб’ёмы будаўнічых работ: узводзяцца жылыя дамы, сельскагаспадарчыя і іншыя вытворчыя аб’екты, пракладваюцца новыя і рамантуюцца старыя дарогі. Адпаведна ўзрастае патрэбнасць у будматэрыялах, у тым ліку ў пяску. І што характэрна. Сёння, пагадзіцеся, рэдка які гаспадар — фізічная або юрыдычная асоба — наважыцца самавольнічаць у лесе, нарыхтоўваючы драўніну. Незаконная ж здабыча пяску, гэтага карыснага мясцовага выкапня, прыроднага рэсурсу, — з’ява даволі частая, балазе такога дабра, як лічаць многія, хапае. Шмат пра што сведчыць факт: на сённяшні дзень у раёне няма ніводнага ўзаконенага прамысловага пясчанага кар’ера. Для адкрыцця яго трэба рыхтаваць адпаведныя дакументы, адкрыўшы, правільна эксплуатаваць аб’ект, ахоўваць, а ў канцы правесці рэкультывацыю, каб ён не зеўрыў пусткаю-ямінаю. Нямала клопатаў. Прасцей і без лішніх затратаў капаць пясок то ў адной мясціне, то ў другой, пакідаючы, як прынята казаць, раны на целе зямлі. Абы сышло з рук.
Але з рук далёка не заўсёды сыходзіць. У мінулым годзе за парушэнне зямельнага заканадаўства нашай інспекцыяй былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці дзве юрыдычныя асобы — СВК “Вазнясенскі” і СВК “Рагазнянскі”, а таксама адна асоба службовая — майстар апошняй з названых гаспадарак. Ужо тры пратаколы складзены сёлета: на ПМК-10 КУП “Брэстаблдарбуд”, у якое ўваходзіць ДРБУ-103 як філіял, і на ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”. На дзве першыя юрыдычныя асобы — за незаконную здабычу пяску, на трэцюю — за парушэнне заканадаўства аб ахове зямлі. Цукровы завод дапусціў несанкцыянаваную нарыхтоўку пяску ўжо названым ДРБУ-103 на ўчастку, выдзеленым прадпрыемству для захоўвання і дасушкі дэфекату. ДРБУ-103 і ПМК-10 заплацяць штрафы. Апрача таго, яны панясуць адказнасць паводле іскаў за ўрон навакольнаму асяроддзю, які яны абавязаны кампенсаваць.
Як неахвотна ідуць будаўнічыя арганізацыі на законнае адкрыццё ўласных кар’ераў, сведчыць прыклад перасоўнай механізаванай калоны №10. Раённай камісіяй для гэтай арганізацыі напрыканцы мінулага года быў вызначаны ўчастак пад распрацоўку пясчанага радовішча каля в.Дзяменічы. Але каб прыступіць да работы, ПМК-10 павінна была аформіць дазвольныя дакументы. Такога патрабавання арганізацыя не выканала, а прыступіла да здабычы пяску самавольна, груба парушыла зямельнае заканадаўства. Як гэта расцаніць? Так, як расцаніла б аўтаінспекцыя ўладальніка машыны, калі б ён сеў за руль без правоў на кіраванне ёю. Адно і другое караецца.
Раённая прыродаахоўная інспекцыя будзе і надалей строга спыняць спробы незаконнага здабывання пяску. Нягледзячы на тое, што ён карыстаецца ўсё большым попытам. Як мага хутчэй трэба ўзаконіць перш за ўсё тры пясчаныя кар’еры: ПМК-10 — каля Дзяменічаў, ЖКГ і ДРБУ — на іншых землях раёна.
Пад нашым пастаянным кантролем — стан і выкарыстанне законных унутрыгаспадарчых кар’ераў у сельгасарганізацыях. Ці правільна ідзе іх распрацоўка, ці вядзецца наступная рэкультывацыя? Нярэдка на месцы былога радовішча пяску застаецца неахайна параскапаная зямля, а ў яміны скідваецца ўсялякае смецце, у тым ліку шматлікія сінтэтычныя рэчы, тэхнічныя вадкасці, шкодныя для глебы і паветра. У жніўні-кастрычніку мінулага года разам з раённай землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службай былі праведзены рэйдавыя праверкі ўсіх сельскагаспадарчых кар’ераў. Літаральна  кожнаму іхняму ўладальніку інспекцыяй былі выдадзены прадпісанні для выпраўлення непаладкаў: дакладна акрэсліць межы кар’ера, прытрымлівацца прадугледжанай глыбіні яго, правілаў тэхнічнай эксплуатацыі і г.д. Многія гаспадаркі з разуменнем паставіліся да патрабаванняў, а да тых, хто праігнараваў іх, райінспекцыя будзе прымаць больш жорсткія меры.
С.ШТЫК, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
На здымку — адразу два парушэнні зямельнага заканадаўства: незаконная здабыча пяску тэхнікай ДРБУ-103 і незабяспечанасць зберажэння зямлі цукровым заводам.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top