Танкі гразі не баяцца, альбо Няхай вайна застаецца гульнёй

Танкі гразі не баяцца, альбо Няхай вайна застаецца гульнёй

Игорь Сорока
Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота Ірыны САРОКІ.

Нарыс

“Перад вамі “Тыгр” – самы грозны і знакаміты нямецкі танк. Баявая маса – 57 тон, таўшчыня лабавой брані – 100 мм…” Слухаючы экскурсавода ў музеі Вялікай Айчыннай вайны, і не здагадваўся: хутка буду трымаць “Тыгра”… у руках!
Зразумела, не таго жалезнага монстра, што пакінуў Техникакрывавы след у ліхалецце, а яго дакладную копію, праўда, паменшаную ў 35 разоў. Менавіта такі маштаб для мадэляў ваеннай тэхнікі лічыць найбольш прыдатным Ігар Міхайлавіч Сарока, адзіны на Жабінкаўшчыне майстар, захоплены гэткім незвычайным хобі.

ШТО НЯСЕ
З САБОЙ САРОКА?

БЫВАЕ ТАК: не паспееш развітацца з чалавекам, а ўжо зноў сустрэцца хочацца. Ігар Сарока з ліку такіх. Чалавек творчы, ён гэтак “смачна” расказвае, што часам забываеш за ім занатоўваць, затое запамінаеш нават дробязі. (А гэта самае важнае, бо з дробязяў, як з рознакаляровых шкельцаў у калейдаскопе, і складаецца наш стракаты вялікі свет).
– Я прозвішча сваё люблю. А быў час – пакутаваў, як аднакласнікі дражнілкі “стракаталі”: “Са-ро-ка, сарока-белабока!!” Я – да таты, а ён: “Ха! Кпіны строяць, бо не знаюць: сарока другая па прыгажосці птушка!” – “Другая? А хто першая?” – “Першая – гэта пава. Ды пава – чужачка, а сарока – яна ж свая!” Раней была яшчэ забабона: сустрэнеш бела-чорную птушку – шапку з галавы далоў! Бо палескія павер’і сароку лічылі весніцай нядобрых навінаў.
Ігар Сарока, наадварот, аказаўся носьбітам добрых навін, калі ў 2015 і 2016 гадах вярнуўся з Мінска, адкуль прывёз дыпломы Міжнароднага конкурсу стэндавага мадэлізму сярод аматараў з Беларусі, Расіі, Літвы, Украіны, і паспяхова паўдзельнічаў у творчым спаборніцтве “Новыя імёны Беларусі”, арганізаваным Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі. Вынік мінулага года прынёс новы поспех: Ігар Міхайлавіч стаў лаўрэатам агляду-конкурсу самадзейнага мастацтва работнікаў філіяла абласнога аддзялення Беларускай чыгункі “Таленты нашага аддзялення”.

УСЁ ПАЧЫНАЛАСЯ
З “КАМОРЫ”

ХТО ВУЧЫЎСЯ ў 1980-ыя гады ў першай гарадской школе, добра памятае, дзе ў ёй месцілася “камора”.
Гаспадарыў у ёй Карнееў. Міхаіл Паўлавіч чалавекам быў неардынарным. Таленавіты і цікаўны, ён, ветэран-ардэнаносец, што прайшоў вайну ад Сталінграда да чэшскай Прагі, жыццё прысвяціў прыгожаму мастацтву. Ствараў найперш шыкоўныя акварэлі (творцу не хапіла ўсяго адной персанальнай выставы, каб стаць сябрам Саюза мастакоў СССР), за гады намаляваў больш за паўтысячы палотнаў, стаяў ля вытокаў Жабінкаўскага гісторыка-краязнаўчага музея ў Малых Сяхновічах, быў аўтарам першага эскіза герба Жабінкі. Але галоўнае – заўжды ўмеў разгля-дзець чужы талент і гуртаваў вакол сябе адораных дзяцей.
Неяк у шостым класе пад ягоны ўплыў патрапіў і Ігар.
– У “камору”, дзе заўсёды стаялі чароўныя пахі фарбаў, мы не проста хадзілі – прападалі там, – успамінае Сарока. – Наведванне было вольнае. Аднак за мальбертам ці над паперай гублялася адчуванне часу, настолькі было даспадобы маляваць. Назіраючы за працай вучняў, настаўнік нярэдка сам браўся за аловак, хуткімі спрактыкаванымі рухамі выпраўляў памылкі і гаварыў: “Глядзі, як трэба. Зразумеў? А цяпер пакажы, што зразумеў!”
І складанае раптам станавілася лёгкім, і ты рабіў новы крок у сваім развіцці, падтрыманы і накіраваны педагогам, які не цураўся раскрываць перад сваімі навучэнцамі сакрэты рамяства. Так, Карнееў – першы і адзіны, хто разглядзеў і развіў здольнасці хлопчыка, даў у плане мастацтва больш, чым пазнейшае вучылішча.
Ігар Міхайлавіч гаворыць задуменна:
– Настаўнік быццам “намаляваў” мне лёс. Не ведаю, куды б скіраваўся ў жыцці без тых заняткаў у “каморы”, але не прысвячаў бы столькі часу і сіл прыгожаму мастацтву дакладна…

УЗБРОЕНЫ ФАРБАМІ
І АЛОЎКАМ

“ВЫПУСКНІК КАМОРЫ” працягваў удасканальваць свой талент і пашыраць навыкі ў мастацкіх вучылішчах у Бабруйску і Кобрыне.
Першым месцам працы стала Брэсцкая фабрыка сувеніраў. На той час – адна з найлепшых у Савецкім Саюзе. Вырабы, створаныя ў тым ліку і Сарокам, разляталіся па свеце, траплялі нават у такія экзатычныя краіны, як Японія, дзе існуе здаўна сапраўдны культ цацак. Усё, што ішло на экспарт, рабілася з найлепшых імпартных матэрыялаў. Дасюль у памяці – захапленне ад галандскіх фарбаў, якія ўпершыню пабачыў на фабрыцы.
– Настолькі яркія, чыстыя, сакавітыя колеры – у краіне суцэльнага дэфіцыту нават не верылася, што такое багацце можа недзе існаваць. І раптам яно ў тваіх руках! Адчуванне, як у аўтамабіліста, што перасеў з “Жыгулёнка” ў салон “Мерседэса”!
З алоўкам не развітваўся і тады, калі пайшоў у войска, дзе патрапіў у гвардзейскую брыгаду сувязі, размешчаную ў беларускай сталіцы. Аднак, пакуль “гвардыі мастак” служыў Вялікай Радзіме, “Саюз непарушны” спусціў сцяг перад новымі гістарычнымі рэаліямі, развалены на пятнаццаць неўладкаваных кавалкаў. Надышлі 90-ыя гады – час няпросты – надта вольны і не да канца зразумелы. Беларуская ССР сярод іншых былых “рэспублік-сясцёр” таксама стала незалежнай Рэспублікай Беларусь.
У такіх варунках, калі нават дзяржаўныя мужы не ведалі, што і як рабіць, простаму чалавеку было найцяжэй. Літаральна выжываць дапамагалі ўменні і навыкі ў маляванні. У пошуку свайго “месца пад сонцам” давялося некалькі разоў мяняць працу. Адно заставалася нязменным – прага маляваць. Сёння Ігар Міхайлавіч працуе ў Жабінкаўскай дыстанцыі пуці, і амаль у кожным кабінеце – ягоныя жывапісныя палотны, створаныя з душою і для душы.
– Рабіў іх, як для сябе, бо інакш лепш увогуле не брацца за пэн-дзаль ці аловак.

АД “ЦАЦАК”
ДА МАДЭЛЯЎ

МНОГАЕ, КАЛІ НЕ ЎСЁ, “праграмуецца” ў чалавеку з маленства. Ігарава праходзіла ў двары. На вуліцы Філіпука, ля Мухінай Ямы. Дзяцей тады было шмат. А “забавак” – непараўнальна менш, чым у сённяшніх. Затое як буяла фантазія! Прайшоў фільм пра мушкецёраў – і ўся вуліца гуляе ў д’Артаньяна і яго верных сяброў. Купіў нехта самалёцік – і вось ужо ўсім цікава сабраць, склеіць, пафарбаваць падобны.
Але ж маленства прайшло, а з ім – і дзіцячае захапленне нібыта за смугою засталося.
– Другая “ўспышка” ў мадэ-ліраванні адбылася толькі праз гады, – успамінае Сарока. – Неяк купіў нямецкі танк “Тыгр”. Склеіў, пафарбаваў – панеслася! Аднак прыдбалі з жонкаю ўласны дом, пайшлі дзеці, стала неяк не да хобі, пакінуў клеіць ваенныя цацкі. Тады яны яшчэ насамрэч былі цацкамі, да мадэліравання – а гэта справа сур’ёзная! – заставалася яшчэ далёка.
Да стварэння ваеннай тэхнікі падштурхнуў інтэрнэт. “Сусветнае павуцінне” не толькі дазволіла запазычыць тэхналогіі стварэння мадэляў у сяброў-аднадумцаў, але й пераканала: гэтае захапленне аб’ядноўвае вельмі многіх, прычым зусім рознага ўзросту: “ад піянераў да пенсіянераў”.
Тры гады таму, у лютым, калі набліжаўся Ігараў дзень нараджэння, жонка Ірына, дзеці Дзмітрый і Лізавета (дачка, дарэчы, як і тата, улюбёная ў маляванне) вырашылі падараваць яму шыкоўную мадэль савецкага танка Т-34 узору 1942 года – самага знакамітага ў свеце, які стаіць на пастаментах многіх краін, вызваленых ад нацысцкай навалы. Падарунак захапіў і зацікавіў, Ігар паглядзеў начынне каробкі і пачаў збіраць легендарную баявую машыну з рухавіка. А затым – міжволі абудзіўся ўспамін: зняў з гарышча вядомую мадэль грузавіка ЗІС-5В, які сабраў яшчэ ў пачатку 2000-ых, агледзеў крытычна справу рук сваіх і… разабраў да апошняй дэталі, каб неўзабаве зноў сабраць, але ўжо з большай карпатлівасцю і адказнасцю. У выніку ад пачатковай работы засталася мо адна траціна, астатняе зроблена наноў. Каб усё стала як належна, давялося падрабязна вывучыць дакументацыю, бо мадэль павінна была нават у самых малых дробязях адпавядаць арыгіналу, толькі паменшанаму ў шмат разоў. Затым былі мадэлі французскага цяжкага танка, грузавікоў, якія стаялі на ўзбраенні Чырвонай Арміі.
Многія ведаюць пра інтэрнэтныя гульні “World of Tanks” (“Свет танкаў”) (дарэчы, штаб-кватэра кампаніі, што стварае камп’ютарныя “цацкі”, прысвечаныя танкавым баталіям часоў Другой сусветнай вайны, зараз знаходзіцца ў Лондане, цэнтр распрацовак – у Мінску). На сайце кампаніі ёсць раздзел “Мадэлізм”, дзе выстаўляюць свае работы аматары. Штомесяц вызначаюцца лепшыя. Ігар Сарока ганарыцца, што аднойчы ў ліку лепшых апынуўся і ён са сваёй віньеткай “Забыты…” Запамінальнай стала восень 2015 года, калі правёў чатыры дні ў сталіцы, дзе стаў прызёрам выставы-конкурсу стэндавага мадэлізму. Атрымаў другое месца ў намінацыі “Віньеткі” і трэцяе – у намінацыі “У працэсе” з мадэллю-фантазіяй, у якой аб’яднаў складнікі некалькіх відаў броне-танкавай тэхнікі: “Матыльды”, СУ-100 і “Тыгра”. Яшчэ больш удалым стаў мінулы год. 25-29 кастрычніка майстар з Жабінкі паўдзельнічаў у выставе-конкурсе стэндавага мадэлізму “Мінск-2016”. У выніку Ігар Сарока атрымаў другое месца ў намінацыі “У працэсе” і стаў пераможцам у намінацыі “Фантастыка” з мадэллю “Міх-ІІ, альбо Фантазія на тэму БТТ”.
…Мадэлі, створаныя ягонымі рукамі, выклікаюць захапленне. Пазіраеш на грозную зброю, што ўмяшчаецца ў тваіх руках, і міжволі ловіш сябе на думцы: няхай вайна ўсё ж застаецца гульнёй. Тым больш на зямлі, якая гэтак часта ў сваёй гісторыі дрыжала пад жалезным лязгатам варожых танкаў…
На здымках: Ігар САРОКА і мадэлі ваеннай тэхнікі, створаныя ягонымі рукамі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro