Дзеці, якіх вынасілі ў сэрцы

Дзеці, якіх вынасілі ў сэрцы

2023781_51990-650x0

Што можа быць важней для дзіцяці, чым сям’я, утульнасць роднага дома, цеплыня матуліных і сіла татавых рук? На жаль, многія дзеці пазбаўлены гэтага: ад іх адмовіліся бацькі ці апошніх пазбавілі бацькоўскіх правоў.
Ёсць нямала дарослых людзей, не абыякавых да праблем кінутых дзяцей, якія хочуць, каб дабра на зямлі стала крышачку больш. Менавіта гэтыя людзі імкнуцца стаць прыёмнымі бацькамі.

Праблемы сіроцтва заўсёды актуальныя. Гэта пацвярджае статыстыка. Так, на Брэстчыне за 2016 год родным бацькам былі вернуты 282 дзіцяці. Але яшчэ 203 непаўнагадовым патрэбна абарона, яны праходзяць рэабілітацыю. У вобласці, як і ва ўсёй краіне, прымаюцца меры ўладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, на сямейныя формы выхавання. Станоўча ўплывае на вырашэнне праблемы адкрыццё новых дзіцячых дамоў сямейнага тыпу і стварэнне прыёмных сем’яў. У нашым раёне працуе адзін дзіцячы дом сямейнага тыпу і пяць прыёмных сем’яў.
Прыёмная сям’я – параўнальна новая форма выхавання дзяцей-сірот і тых, хто застаўся без апекі бацькоў. Такая форма з’яўляецца пацвярджэннем яшчэ большага клопату пра хлопчыкаў і дзяўчынак з боку дзяржавы. Сапраўды дзіця павінна жыць у сям’і. Гэта ісціна, якая не патрабуе доказаў. Але што рабіць, калі дзіцяці не пашанцавала? Калі сям’я не спраўляецца з абавязкамі па выхаванні нашчадкаў, калі бацькі ігнаруюць свае правы на выхаванне дзяцей? У такіх выпадках трэба вывесці іх з роднай няўдалай сям’і, таму што знаходжанне ў асацыяльных умовах адаб’ецца на цяперашнім і будучым малога самым негатыўным чынам.
Узнікае пытанне, ці можна працаваць бацькам? Так. Выхаванне дзяцей прызнана ў нашай краіне грамадска-карыснай працай, а з асаблівым лёсам на ўмовах стварэння прыёмнай сям’і – гэта адказная і сур’ёзная праца для тых, хто ведае, што такое выхаванне дзяцей, для тых, хто разумее, што неабавязкова быць родным для чужога, каб дапамагчы яму ў жыцці. Можна па-добраму, сумленна і шчыра адносіцца да дзіцяці. Яму важна атрымаць вопыт жыцця ў дастойнай сям’і. Гэта важна для таго, каб у будучым не памыліцца і не паўтарыць памылак сваіх бацькоў.
Прыёмны бацька ці маці – гэта дастойная праца, якая не абавязвае і не прымушае іншага чалавека падмяняць сабой маму ці тату. Паважаць дарослага, які выхоўвае дзіця, можна не толькі за тое, што гэта дарослыя “мама” ці “тата”. Паважаць такога чалавека трэба за цяжкую працу па доглядзе, выхаванне, за бяссонныя ночы, за трывогу і перажыванні аб будучым няроднага дзіцяці. Кожны дарослы, які аддае часцінку сваёй душы, свой час, дзеліць з няродным хлопчыкам ці дзяўчынкай месца ў сваёй сям’і, дах над галавою і стол, – ужо заслугоўвае павагі. Калі дзіцяці трэба была сям’я і побач нікога не было, гэты дарослы сказаў: “Ты не вельмі маленькі, ты ўжо ведаеш цёмныя бакі жыцця, ты не вельмі старанна вучышся. Часам ленішся і не слухаешся. У цябе няма сям’і, а ў мяне яна ёсць. Прыходзь, я падзялюся з табой месцам у ёй. Я дапамагу табе зразумець, што такое сапраўдная сям’я, таму што ведаю: у свеце ўсё заснавана на клопаце. Калі пра малое ў дзяцінстве клапаціліся, то з узростам яно таксама зможа пра некага паклапаціцца; калі за дзіця хваляваліся і перажывалі, паважалі – то, калі яно стане дарослым, таксама будзе перажываць за блізкіх людзей”.
Гэта філасофія прыёмнай сям’і ў дастаткова кароткім выкладанні. Для больш поўнага разумення мы прапануем наведаць клуб для прыёмных бацькоў “Выхоўваем разам”, пасяджэнні якога праходзяць штомесячна ў Жабінкаўскім раённым сацыяльна-педагагічным цэнтры. А яшчэ можна выпісаць ці пазнаёміцца з газетай “Дадому”, якая падкажа і дапаможа справіцца з усімі праблемамі.
Будзем рады адказаць на пытанні аб стварэнні і функцыянаванні прыёмнай сям’і ў ДУА “Жабінкаўскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр” па адрасе: г. Жабінка, вул. Шашэйная, д. 1, тэлефон 2-12-94, а таксама ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама па адрасе: г. Жабінка, вул. Чырвонаармейская, 3, тэл. 2-16-09.
Таццяна НОВІК, дырэктар ДУА “Жабінкаўскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro