“Прадукт года” –
для катоў і сабак
У конкурсе спажывецкіх пераваг “Прадукт года” ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” – не навічок. Прадукцыя, якая выпускаецца на прадпрыемстве, двойчы прызнавалася лепшай у рэспубліцы ў 2012 і 2014 гадах. Цяпер да ўзнагарод за перамогі далучылася яшчэ адна – дыплом конкурсу “Прадукт года – 2016”, у намінацыі “Сухія кармы для катоў і сабак” гандлёвых марак “Рэкс” і “Pеt boom”.
Гэта яшчэ раз падкрэслівае высокую якасць жабінкаўскіх кармоў для чатырохлапых сяброў. Дарэчы, перамога ў конкурсе дазваляе наносіць знак “Прадукт года – 2016” на ўпакоўкі з прадукцыяй.
Жабінкаўцы
ў абласной бібліятэцы
Кніжны фонд Жабінкаўскай ЦБС абагаціўся цікавым выданнем “Хто ёсць хто ў Брэсцкай абласной бібліятэцы”. Змястоўны даведнік выдадзены летась у Маладзечне, утрымлівае безліч дадзеных пра станаўленне і развіццё галоўнай чытальні Брэстчыны. Прыемна адзначыць, як сведчыць кніга, што сярод кіраўнікоў абласной бібліятэкі, якая носіць імя Максіма Горкага, ёсць асобы, шчыльна звязаныя з нашым краем. Першы яе дырэктар Барыс Сінягаў (1914-1941) 18 ліпеня 1941 года стаў партызанам атрада імя Чарнака і загінуў у баі 28 снежня. Ягоная наступніца Надзея Бабкова (1918-1998) таксама ў маі 1943-га далучылася да народных мсціўцаў у Старасельскім лесе. Паміж 1985 і 1996 гадамі абласную бібліятэку ўзначальвала Аляксандра Яцэвіч (нарадзілася 30 жніўня 1936 года ў вёсцы Дзяменічы). Замяніла яе на пасадзе сённяшні дырэктар Тамара Данілюк, якая з’явілася на свет у Жабінцы 15 лістапада 1957 года.
Поспехі нашых баксёраў
На базе СК “Бадзёрасць” адбылося адкрытае першынство СДЮШАР Жабінкаўскага раёна па боксе, на якое былі запрошаны каманды з Брэста і Кобрына. Усяго ў спаборніцтвах прынялі ўдзел каля 100 спартсменаў. У выніку праведзеных паядынкаў першае месца заваявала каманда баксёраў СДЮШАР нашага раёна.
***
2-4 сакавіка ў горадзе над Бугам праведзена першынство Брэсцкай вобласці па боксе. У каманду Жабінкаўскага раёна ўваходзілі 9 спартсменаў. Спаборніцтвы для нашых баксёраў былі паспяховымі. Пераможцамі ў сваіх вагавых катэгорыях сталі: Сямён Маяцкі (81 кг), Уладзіслаў Радчык (52 кг) і Юрый Галаваты (50 кг). Другое месца заваяваў Уладзіслаў Макасюк (52 кг). Трэцяе месца ў вагавой катэгорыі 63 кілаграмы падзялілі Дзмітрый Ульчык і Віктар Андрасюк, з такім жа вынікам завяршыў спаборніцтвы і Данііл Клюка (60 кг).
На першынстве краіны па боксе, якое адбудзецца ў красавіку, у складзе каманды Брэсцкай вобласці выступяць і жабінкаўскія спартсмены: Сямён Маяцкі, Уладзіслаў Радчык, Юрый Галаваты і Уладзіслаў Макасюк. Пажадаем ім поспехаў!
Без ДТЗ, але з парушэннямі
За два месяцы бягучага года на тэрыторыі Брэсцкай вобласці адбылося 45 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх шэсць чалавек загінулі, 45 атрымалі раненні, два ДТЗ здарыліся па віне нецвярозых вадзіцеляў. 375 кіроўцаў знаходзіліся за рулём у стане алкагольнага ап’янення.
На тэрыторыі нашага раёна за гэты ж перыяд дарожна-транспартных здарэнняў не адбылося. Затое супрацоўнікамі Жабінкаўскага РАУС выяўлены 1263 парушэнні Правілаў дарожнага руху. Іх парушылі 117 пешаходаў і веласіпедыстаў, 249 кіроўцаў ехалі з перавышэннем хуткасных рэжымаў, затрымана 11 вадзіцеляў, што знаходзіліся нападпітку.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%