Калі хобі стала прафесіяй

Руслан Цумик

Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.
Лічыцца, што чалавек шчаслівы, калі займаецца любімай справай, калі захапленне і работа супадаюць, прыносяць асалоду. У жыцці Руслана Цуміка менавіта так і атрымалася.
– Яшчэ ў дзяцінстве гадзінамі мог назіраць, як дарослыя рамантуюць у гаражы аўтамабіль, – успамінае Руслан Аляксандравіч. – Хутка запомніў назвы дэталяў і вузлоў, ведаў, што і куды прыкручваецца, які ключ трэба падабраць для таго ці іншага балта. Старэйшыя бачылі ўва мне кемлівага памочніка, таму з гаража і не “ганялі”.
Руслан Аляксандравіч добра памятае свой першы самастойны рамонт – сапсаваўся веласіпед, і выпала выдатная магчымасць рэалізаваць хлапчуковы інтарэс: а што ўнутры? Ён, сямікласнік Якаўчыцкай школы, цішком узяўся за рамонт. Так “захапіўся”, што разабраў ровар на асобныя дэталі.
Рама, колы, педалі, руль, балотнікі і нават падшыпнікі праз некалькі вечароў зноў былі сабраны падлеткам, і, на радасць бацькам, веласіпед спраўна каціўся па вясковых вуліцах.
Акрылены поспехам, Руслан усё часцей бегаў у бібліятэку і прасіў кнігі па аўтарамонтнай справе, бо вырашыў паступаць у Брэсцкае вучылішча № 151 на слесара. Яго мара спраўдзілася. Пасля службы ў войску пачаў працоўную біяграфію вадзіцелем у сельгастэхніцы. У пошуках лепшай долі змяніў некалькі арганізацый, пакуль не ўладкаваўся ў Жабінкаўскую дыстанцыю пуці. 9 гадоў працаваў на трактары – абкошваў чыгуначнае палатно ад пустазелля, а апошнія тры гады займаецца рамонтам пуцявых машын і механізмаў.
– Шчыра кажучы, мне гэтая работа найбольш па душы, – кажа Руслан Цумік. – Кожны раз, калі атрымліваю заданне “рэаніміраваць” агрэгат ці прыбор, ад задавальнення паціраю рукі… Раскручваю і гляджу: што можна замяніць, каб механізм зноў быў у шэрагу іншых, а не на металазвалцы? Так прыемна, калі сапсаваны дамкрат, кустарэз ці газонакасілку пасля рамонту забіраюць і мне кажуць “дзякуй”. А ў маёй справе ўсяго толькі і трэба – крыху логікі і практыкі…
А яшчэ – прафесіяналізм. Яго ў Руслана Цуміка, як гаворыцца, не адняць. У руках слесара пабывалі амаль усе пуцявыя машыны і механізмы, якія знаходзяцца ў распараджэнні работнікаў Жабінкаўскай дыстанцыі пуці. Трэба правесці тэхнічнае абслугоўванне мотарэйкавага трактара? Руслан Аляксандравіч лёгка справіцца! Рухавік “стукануў”? Трансмісія “падкачала”? Для Цуміка гэта не праблема – адрамантуе якасна і хутка.
Слава таленавітага майстра разышлася далёка за межы Жабінкі. Нядаўна яго папрасілі калегі ў Бярозе адрамантаваць пад’ёмны кран. Там, са стралы, давялося здымаць гідрацэнтныя манжэты. Жабінкаўскі слесар здорава дапамог – і парадай, і справай. Цяпер кран спраўна падымае грузы над чыгункай, а ў Бярозе ведаюць: у Жабінцы працуюць сапраўдныя прафесіяналы.
– Э-х, мне б інструменту рознага паболей, – кажа Руслан Аляксандравіч. – Ды й арачнік быў бы вельмі карысны, а то ў гаражы не асабліва “разгонішся”.
Калектывам вельмі задаволены – усе хлопцы, калі трэба, прыходзяць на дапамогу. Што не ведаю – інтэрнэт падкажа, хаця звычайным, аддрукаваным на паперы дапаможнікам па слясарнай справе давяраю больш. Увогуле, работа па душы.
І на сямейным фронце ў мяне ўсё ў парадку. Разам з жонкай гадуем дачушак Насцечку і Маргарытку, робім рэканструкцыю дома. А нядаўна з газеты даведаўся, што маё імя занесена ў Галерэю працоўнай славы раёна. Прыемна, што ні кажы…

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.