И энергию сэкономить, и бюджет

И энергию сэкономить, и бюджет

17 лютага падведзены вынікі рэспубліканскага экалагічнага конкурсу “Энергія і асяроддзе пражывання”. Яго дэвіз: “Захаваем клімат — пачнем з простых энергетычных рашэнняў”. На конкурс з усёй Беларусі было прыслана 589 работ. Сярод пераможцаў ёсць і жабінкаўцы.
Конкурс стартаваў 1 лістапада 2010 года. Ён праводзіцца ўжо ў трэці раз. Арганізатарамі выступілі Нарвежскае таварыства аховы прыроды, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і ЗАТ “Белмашімпарт М”. Ініцыятарам правядзення марафону стаў Рэспубліканскі экалагічны цэнтр дзяцей і юнацтва.
У конкурсе прымалі ўдзел школьнікі і навучэнцы пазашкольных устаноў ва ўзросце ад 13 да 17 гадоў. На выбар было тры намінацыі: “Практычны вопыт энергазберажэння ў школе і дома” (канструяванне і стварэнне апаратаў, мадэляў, якія зберагаюць энергію), “Тэарэтычныя працы” (апісанне ўкаранення праектаў у энергазберажэнні ў школе, доме, раёне), “Прапаганда энергаэфектыўнасці і энергазберажэння” (для ўдзелу ў ёй патрэбна было даслаць рэкламны відэаролік, плакат, малюнак ці прэзентацыю на тэму “Зберажэнне вады, цяпла і святла”).
Работа “Эканомія электраэнергіі і яе эфектыўнае выкарыстанне” з горада Жабінка заняла трэцяе месца ў намінацыі “Практычны вопыт энергазберажэння ў школе і дома”. Яе аўтары — вучні сярэдняй агульнаадукацыйнай школы №2 Віталь Данілюк і Ягор Бжоска з 8-га класа. Кіраўнік праекта — настаўнік фізікі Мікалай Пятровіч Кавальчук. Мэтай работы было вызначыць расход электраэнергіі ў школе, патлумачыць прычыны неэканомнага расходу і зрабіць рэкамендацыі па ўхіленні памылак. Вучні падлічылі ўсе лямпачкі ў школьных класах, агульны іх кошт, расход энергаспажывання за паўтары гадзіны і за дзве перамены. Затым яны вылічылі эканомію ад выключэння электрычнага святла ў класе на двух пераменах. Агульная эканомія склала 3355,8 кВт/г (15% за навучальны год). А яшчэ школьнікі далі рэкамендацыі па замене 65-ці працэнтаў звычайных лямпачак у школе на энергазберагаючыя і прывялі свае разлікі.
“На практычную намінацыю было даслана 83 работы з усёй Беларусі. Работа жабінкаўскіх школьнікаў арыгінальная ў тым, што прадстаўлена вельмі канкрэтнымі разлікамі і рэкамендацыямі. Вучні школы правялі даследаванне і паказалі, як можна рэальна сэканоміць і энергію, і школьны бюджэт. Узнімаюць праблему школьнікі, і тое, што яны надаюць вялікую ўвагу энергазберажэнню трэба заахвочваць, а іх інтарэс падтрымліваць. Спадзяемся, што ў жабінкаўскай школе ўсе іх рэкамендацыі будуць рэалізаваны на практыцы”, — даў свой каментарый член журы і партнёр экалагічнага конкурсу, старшыня сходу акцыянераў ЗАТ “Белмашімпарт М” Андрэй Андрэевіч Садыкаў.
У канцы мая пераможцаў запросяць разам з іх кіраўнікамі ў Мінск на свята, дзе яны будуць узнагароджаны каштоўнымі прызамі і дыпломамі. Дарога, пражыванне і харчаванне аплацяць партнёры конкурсу. У праграму свята будуць уключаны экскурсіі, канцэрты, іншыя забаўляльныя мерапрыемствы.
А.МІХАЛЬЧУК, PR-спецыяліст ЗАТ “Белмашімпарт М”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top