“Наш жывёлавод” – так называецца акцыя, якую ініцыяваў Беларускі рэспубліканскі камітэт прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Мэта яе – адзначыць лепшых жывёлаводаў кожнай гаспадаркі краіны. Днямі павіншаваць рупліўцаў ферм СВК “Рагазнянскі” прыехалі старшыня Жабінкаўскага райкама прафсаюза АПК Наталля Карпук, старшыня аб’яднанай пярвічнай арганізацыі ААТ “Брэсцкі мясакамбінат” Дзмітрый Тарасюк, начальнік сыравіннага аддзела гэтага ж прадпрыемства Надзея Самасюк.
– Жабінкаўскі райкам прафсаюза АПК далучыўся да рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод”, – гаварыла Наталля Львоўна. – На жаль, за поспехамі камбайнераў і аграномаў дасягненні жывёлаводаў часта застаюцца “ў цяні”. Хаця менавіта ад вас залежыць большая частка набыткаў сельгаспрадпрыемства і ўсёй краіны ў цэлым. Жывёлавод прачынаецца досвіткам, ідзе на ферму, каб падаіць, накарміць пагалоўе. Круглы год клопатаў не меншае, бо трэба не толькі паклапаціцца аб здароўі сваіх гадаванцаў, але і атрымаць ад іх добрыя надоі і прыбаўленні ў вазе. Работа гэтая цяжкая, выхадных і святаў не прызнае, патрабуе асаблівай адказнасці. Такая праца павінна і аплачвацца дастойна.
Наталля Карпук уручыла Лісты падзякі райкама прафсаюза работнікаў АПК працаўнікам СВК “Рагазнянскі”: жывёлаводам Ніне Кузняцовай і Наталлі Астапук, слесарам па абслугоўванні малочнага абсталявання Аляксандру Швеку і Уладзіміру Штэнгаўэру, памочніку брыгадзіра Сяргею Лясному, лабаранту прабірнага аналізу Галіне Каранчук.
А калектыў фермы “Ацячызна” чакалі прыемныя падарункі – мікрахвалевая печ і электрычны чайнік, якія ўручылі прадстаўнікі Брэсцкага мясакамбіната.
– Жывёлаводы СВК “Рагазнянскі” забяспечваюць наша прадпрыемства сыравінай, – сказаў, уручаючы падарунак, Дзмітрый Тарасюк. – Дзякуючы іх руплівым рукам на стале беларусаў заўжды ёсць малочныя прадукты і мяса. Ваша гаспадарка – на ўзроўні еўрапейскіх. Дабівайцеся і далей пастаўленых мэтаў!
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%