Вось дык супадзенне!

8 марта

Мы прывыклі, што 8 Сакавіка – свята выключна жаночае, таму ўся ўвага менавіта прадстаўніцам цудоўнай паловы чалавецтва. Але ў гэты дзень нарадзілася нямала мужчын! Лічыцца, што такое супадзенне прыносіць ім поспех у службовай кар’еры і трывалыя адносіны ў сям’і. Я вырашыла даведацца ў жабінкаўцаў, прадстаўнікоў моцнага полу, што значыць нарадзіцца ў Жаночы дзень?
Валерый Дусь:
– На самой справе я яшчэ ў школе ацаніў перавагі сваёй даты нараджэння. Гэта заўсёды выхадны дзень, нічога не трэба было прыдумваць з пераносам яго, каб сабраць гасцей. Дзяўчынкі, мае аднакласніцы, заўсёды з радасцю віншавалі мяне. Вельмі прыемна, што ў дзень чароўнасці і кахання добрыя словы дасылаюць табе, такое выклікае пазітыўныя эмоцыі.
8 сакавіка 1980 года работнікі Брэсцкага раддома задавалі пытанні: “Чым пачнецца сёлета 8 Сакавіка? Хто народзіцца першым: дзяўчынка ці хлопчык?” І хоць маёй маме Надзеі Уладзіміраўне жабінкаўскія ўрачы прадказвалі двойню, першым у Брэсцкім раддоме з’явіўся хлопчык – гэта я, вагою 3550 грамаў. Кожны год з жонкаю Таісай адначасова адзначаем і яе свята, і мой дзень нараджэння, рыхтуем адзін другому падарункі. І абавязкова віншую сваю любімую мамачку са святам.
Арсеній Яхалкоўскі, за яго адказалі мама і бабуля:
– Я нарадзіла сына 8 сакавіка 2014 года вагою 4200 г і быў ён ростам 58 сантыметраў. Прыемная падзея адбылася ў 12.45 у Кобрынскім радзільным доме, дзе ў гэты дзень пра сваё з’яўленне на свет пракрычалі тры хлопчыкі і адна дзяўчынка. Наш Арсеній быў другім. Сёлета ў лютым ён пайшоў у дзіцячы сад. Сынок любіць слухаць казкі, якія яму чытае тата Раман, але, вядома, больш часу праводзіць са мною. Разам з дзеткамі ў садзе вучыцца спяваць і танцаваць, вельмі любіць глядзець мульцікі.
Бабуля Галіна Аркадзьеўна заўважыла, што вельмі любіць свайго ўнука. Ён сур’ёзны, прыгожанькі, патрабавальны, яна з радасцю бавіць з ім час. Сынок і ўнучак – гонар і падарунак жанчынам усёй дружнай сям’і да свята.
Сяргей Крыўчэня:
– Я заўсёды спакойна адносіўся да таго, што мой дзень нараджэння супаў з 8 Сакавіка. Гэта заўсёды выхадны, у які я віншую са святам матулю і адзначаю мой дзень нараджэння з сям’ёй. Часцей ён прыгожы, яркі, цёплы, ва ўсіх выдатны вясновы настрой.
Часам некаторыя думаюць, што жартую пра дату свайго нараджэння, неяк нават пашпарт давялося паказваць. І сёлета ўсе жанчыны, якіх я ведаю і паважаю, без усялякага сумнення атрымаюць ад мяне масу кампліментаў, а я – цёплых слоў у свой адрас.
Аляксандр Шчэрба:
– Аднакласнікі часта жартавалі ў школе, а я крышачку хваляваўся ў малодшых класах, калі на 8 Сакавіка віншавалі дзяўчынак і я стаяў побач з імі. З узростам, канечне, погляд на сітуацыю змяніўся і ў іх, і ў мяне. Калі мне было 20 гадоў, адзначаў свой дзень нараджэння з сябрамі. Цяпер гэта сямейнае свята. І адзначаем яго разам з роднымі і блізкімі. Маме, жонцы і цешчы абавязкова дару кветкі. Нават першы тост у нас за жанчын і мяне.
Максім Кавальчык:
– Гэты дзень, як і вясну, я чакаю заўсёды. У мяне з дзяцінства не было комплексаў паводле маіх імянін. Хлопцы не смяяліся, а калі былі жарты, то сяброўскія. Букетаў на свята я ніколі не атрымліваў. Маме, жонцы, цешчы, вядома, падношу іх, а таксама прыемныя дробязі. Сам атрымліваю прэзенты ў адказ. Для мяне гэта асабіста звычайны дзень, я не вялікі аматар урачыстасцяў. Калі быў яшчэ дзіцём, то радаваўся выхадному, не трэба ісці ў школу. Сапраўдны ж падарунак! У сваёй сям’і – першы тост за жонку і дачку, а другі за мяне, але свята не абыходзіцца без саладосцяў і выдатнага настрою.
Андрэй Ляўковіч:
– Мама расказвала, што калі 8 сакавіка 1972 года я нарадзіўся ў Жабінкаўскім раддоме, урач Вячаслаў Яўстратаў спытаў у жанчын-парадзіх: “Як вы так напланавалі, што ў жаночае свята сыноў нараджаеце?” І сапраўды ў гэты дзень нарадзілася два хлопчыкі і ніводнай дзяўчынкі.
Я са школы радаваўся, што мой дзень нараджэння прыпадае на выхадны. Закончыў Брэсцкае музычнае вучылішча, працую ў культуры, таму часам на свой дзень нараджэння даводзіцца шчыраваць. Быў адзін выпадак на мяжы, калі падумалі, што шуткую пра дату нараджэння, давялося паказваць пашпарт.
Так як гэта яшчэ і вясновае свята, прысвечанае жанчынам, то абавязкова трэба ствараць максімальна сонечны настрой. Я віншую са святам найперш маму, жонку, дочак і цешчу. Мне здаецца, важны не сам падарунак, а тое, як ён паднесены, яго ідэя. Ён павінен быць душэўным, што прымусіць усміхнуцца. Усмешка, як нішто іншае, упрыгожвае і жанчын, і мужчын.
Зычу ўсім жанчынам удачы, у душы заўсёды вясны, а ў доме панавання кахання, дастатку і ўтульнасці.
Лідзія ПЕНДЗІКОЎСКАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.