25 лютага ў нашай школе прайшло свята “Вясёлая Масленіца”. Для вучняў 1-7 класаў яго арганізавалі настаўнікі пачатковых класаў Валянціна Вайцюк і Галіна Шпот. Удзельнікі мерапрыемства даведаліся, як раней святкавалі Масленіцу і якія традыцыі і абрады існавалі на масленічным тыдні, кожны дзень якога меў сваю пэўную назву. Вядучыя расказалі, што адзначалі свята з размахам, вясёлымі песнямі і танцамі, гульнямі і забавамі. На Масленіцу было прынята клікаць гасцей, частаваць бедных, ахвяраваць жабракам. Хаджэнне адзін да аднаго “на бліны” збліжала людзей, давала падставу забыцца на ўсе крыўды і незадавальненні, якія назапасіліся за год.
Вучні пачулі масленічныя песні і прыпеўкі, з вялікім задавальненнем паспаборнічалі ў конкурсах. Хлопчыкі ўдзельнічалі ў гульнях “Перацягні канат”, “Снежны цір”, “Багатыр”, дзяўчынкі, апранутыя ў нацыянальныя беларускія касцюмы, выканалі народныя танцы з хусткамі.
Конкурсы, гульні і забавы нікога не пакінулі раўнадушным. Завяршылася свята чаяпіццем з блінамі. Мерапрыемства спадабалася і дарослым, і дзецям. Пад час яго навучэнцы даведаліся не толькі пра гісторыю свята і яго традыцыі, але і далучыліся да вытокаў народнай культуры, старажытных славянскіх звычаяў. За яго падрыхтоўку і правядзенне вялікі дзякуй педагогам школы, вучням і іх бацькам, а таксама дырэктару Хмелеўскага СДК Таццяне Грыцук за прадастаўленыя касцюмы.
Тамара ЯЦЭВІЧ, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Хмелеўскай сярэдняй школы.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%