Мадэльер, дызайнер і падарожнік

bBk58QybkjE WgoQB16FK1k Z2daQfRzMCI

“Ніколі не спыняцца на дасягнутым, развівацца і рухацца наперад”, – такога жыццёвага прынцыпу прытрымліваецца са школьных гадоў Хрысціна Гагуцкая. Настаўнікам абслуговай працы ў яе ў першай гарадской школе была Людміла Віктараўна Рудніцкая. Педагог расказвала дзяўчынкам пра тое, якія прафесіі ёсць, якія спецыялісты патрэбны на рынку працы, з захапленнем распавядала пра занятак сучаснага мастака-дызайнера, далучала да народных мастацкіх рамёстваў. Пасля дзявятага класа Хрысціна паступіла ў Кобрынскі прафесійны ліцэй сферы абслугоўвання, выбрала спецыяльнасць “кравец – сацыяльны работнік”. Займалася вышыўкай, бісерапляценнем, да цяперашняга часу ў доме вісіць яе самая прыгожая карціна “Джаконда”. З удзячнасцю ўспамінае Алу Юр’еўну Харошка, майстра швейнай вытворчасці, якая прывіла ёй любоў да прафесіі.
Дзяўчына разумела, што атрыманых ведаў у ліцэі для яе энергічнай, няўрымслівай душы недастаткова. Каб дасягнуць задуманага, трэба працягваць вучыцца, тым болей, што вучоба ёй давалася лёгка. Дзяўчына паспяхова заканчвае Баранавіцкі каледж сферы абслугоўвання па спецыяльнасці “мадэльер-канструктар”, дарэчы, “з адзнакай”. Затым вучылася на стацыянары ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце па спецыяльнасці “тэхнолаг”, а таксама на чацвёртым і пятым курсах адначасова завочна атрымлівала прафесію “графічны дызайнер”.
Хрысціна – рознабаковы творчы чалавек. Яе хобі – тэатр, канцэрты, фільмы, а яшчэ з задавальненнем падарожнічае. За свае няпоўныя 27 гадоў пабывала ў Польшчы, Літве, Латвіі, Украіне, Румыніі, Чэхіі, Германіі, Іспаніі, Італіі, Манака і Ватыкане. У працоўнай кніжцы маладога спецыяліста ёсць такія запісы: майстар-тэхнолаг і тэхнолаг швейнай вытворчасці, мастак-мадэльер.
Зразумела, што дзяўчына прый-шла невыпадкова ў сваю прафесію. Пра яе марыла з дзяцінства, малявала для сябе эскізы вопраткі, праяўляла фантазію, мадэліравала на тканінах і фіранках, шыла
адзенне для лялек. Як была студэнткай Віцэбскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, зай-малася армрэслінгам (барацьба рук) і на спаборніцтвах займала першыя месцы сярод дзяўчат у лёгкай вазе. Яна чалавек спакойны, ураўнаважаны, неканфліктны, таму многа сяброў не толькі ў Беларусі, але і за межамі.
Хрысціна задаволена сваёй прафесіяй, аднак лічыць, што для той пасады, якую яна займае, характар у яе занадта мяккі. Маўляў, у сучасным свеце трэба быць больш суровай і жорсткай. Ніколі ад яе не чуваць такіх слоў, як “не буду”, “не хачу”. Яе любімая цытата “для таго, каб быць паспяховай, нельга гаварыць фразу: “Я не магу”. Твае здольнасці, якія ты ставіш пад сумненне, ніколі нікому не будуць патрэбныя. Таму Хрысціна крочыць па прафесійным шляху, укладваючы ў яго сваю мару. Сёння яна стараецца быць у курсе ўсіх навацый у модзе, пастаянна з задавальненнем працуе і над павышэннем свайго прафесійнага майстэрства, абменьваецца вопытам работы з калегамі, прымае ўдзел у конкурсе “Мельница моды”. Два апошнія гады для яе былі вельмі ўдалымі. З калекцыямі вопраткі для падлеткаў “Другое жыццё” і дзіцячага адзення “Клякса” стала фіналістам гэтага конкурсу. У адборачным туры ў Брэсце на паказе калекцыі “Клякса” яе памочніцамі былі вучаніцы СШ № 1 Жабінкі Ганна Гарошка, Ганна Арсянюк, Варвара Рамашка, Злата Цупа, Віка Якімук. Усё ад эскіза алоўкам да подыума робіць сама Хрысціна. На конкурсе так і аб’яўлялі: “Дызайнер Хрысціна Гагуцкая”.
Пасля паспяховай працы над калекцыяй “Клякса” малады дызайнер была заўважана мадэльным агенцтвам Сяргея Нагорнага. Яе мадэлі ўдзельнічалі ў справаздачным паказе ягонага агенцтва ў Брэсце і Мінску. Хрысціна сама ўдзельнічала ў фотасесіі і ў запуску калекцыі ў масавую вытворчасць.
Цяпер спецыяліст распрацоўвае мадэлі жаночага адзення (штодзённага і вячэрняга для ўсіх узростаў і розных памераў). Дзяўчына часта дае парады цяперашнім жабінкаўскім модніцам. Тлумачыць, што нельга быць падобнай на няўмела ўпрыгожаную ёлку; які самы модны колер; што зараз у модзе, адзначаючы, што сёння цэніцца лаканічнасць, у трэндзе дачка + мама, тата + сын – аднолькавыя мадэлі.
Дзяўчына атрымлівае шчасце ад таго, што робіць падарункі сваім родным уласнымі рукамі: бутаньеркі, візітоўкі, рэкламы. Калі стварыць прыемны сюрпрыз блізкаму чалавеку, то і шэры будні дзень зайграе яркімі фарбамі.
Паводле слоў яе сястры Галіны, Хрысціна мяккая, клапатлівая, чулая, уседлівая, патрабавальная да сябе. Яна шые адзенне для меншага пакалення ў радні, цяпер дапамагае пляменніцы Вользе рыхтавацца да вяселля. Гэтая праца прыносіць ёй асаблівае задавальненне.
На пытанне аб шчасці чалавека Хрысціна адказала: “Я сябе лічу шчаслівым чалавекам, бо ў мяне ёсць сябры, калегі, любімая праца, якая дазваляе напоўніцу самарэалізавацца. Нельга спыняцца ў сваім развіцці. Штодзень важна ўносіць у яго “изюминку”. Калі ўсё аднастайна, то робіцца сумна”.
Лідзія ІВАНІХІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.