Алёна НІКАНЧУК.
Фота аўтара.
Апошнюю сукенку жыхарка Жабінкі Таісія Дусь (у дзявоцтве Андраюк) купіла ў 2009 годзе. З тае пары сукенкі, спадніцы, блузкі, камізэлькі і нават паліто шые сама і гардэроб папаўняе выключна ўласнаручнымі вырабамі.
Шыць, вязаць кручком і спіцамі Таіса навучылася яшчэ ў школе на ўроках абслуговай працы і занятках гуртка кройкі і шыцця. За гэта вельмі ўдзячна сваёй былой настаўніцы Ірыне Яўгенаўне Неўда. Дасюль памятае свой першы выраб – крымпленавую чорную міні-спадніцу, якая была пашыта са старой бабулінай. Доўга потым дзяўчына моднічала ў ёй.
Пасля заканчэння трэцяй гарадской школы хацела прадоўжыць навучанне ва ўстанове, дзе б ужо прафесійна вучыцца кроіць і шыць. Але матуля бачыла дачку бухгалтарам ці юрыстам. Таіса не хацела крыўдзіць маці – скончыла бухгалтарскія курсы, але па спецыяльнасці так ніколі і не працавала. Спачатку пайшла рабочай на малое прыватнае прадпрыемства “Арыент”, дзе рупілася паўтара года, а пасля нараджэння сыночка Вовы стала хатняй гаспадыняй.
Для любімага занятку часу стала больш. У кватэры пачалі з’яўляцца кнігі па кройцы і шыцці на даму, па мадэліраванні жаночага адзен-ня, а таксама знакамітая “Бурда”. Старыя рэчы сталі набываць другое жыццё, а па тканіну для новых Таіса ездзіла ў спецыялізаваны магазін у Брэст. З цягам часу стала яго пастаяннай наведвальніцай. Калі тканіна ўражвала колерам, якасцю, з’яўлялася думка: “Як я даўно такую шукала”, тады з магазіна Таіса выходзіла з пакупкай. У марах уяўляла, што пашые і як будзе ў гэтым выглядаць. А дома пачыналася праца… Цяпер пашыць любую рэч для яе не праблема. Радуе моднымі сучаснымі навінкамі не толькі сябе, але і сясцёр, сына і мужа – сапраўдным майстрам стала. Удасканальвацца дапамагалі відэаўрокі ў інтэрнэце, кнігі і часопісы. Цяпер Таіса сама можа даваць парады па кройцы і шыццю, праводзіць майстар-класы і выступаць у ролі настаўніка.
Нагодай пашыць штосьці новенькае можа стаць сямейнае свята, дні нараджэння блізкіх людзей і сяброў, сустрэча Новага года. Калі сын вучыўся ў школе, то на лінейкі 1 верасня і ў канцы навучальнага года Таісія Дусь таксама прыходзіла ў абноўках, пашытых уласнаручна.
Асабіста я люблю сустракаць яе ў горадзе – заўсёды пазітыўная, з усмешкай і кожны раз апранута ў нешта своеасаблівае і арыгінальнае. Сярод нашага ў асноўным чорна-шэрага адзення яна не баіцца быць яркай і індывідуальнай. Як прызналася сама Таіса, у ліку яе любімых колераў – белы, блакітны, бірузовы, жоўты, сіні. Бывалі такія перыяды, калі перавагу аддавала нейкаму аднаму. Так пазалеташні год прайшоў пад знакам белага колеру, леташні – жоўтага і сіняга. У планах на сёлетні выкарыстоўваць часцей блакітны, які зараз у трэндзе.
Таіса ідзе ў нагу з часам, сочыць за модай, у гэтым дапамагае інтэрнэт, тэлебачанне. Што датычыцца тканін, то перавагу аддае віскозным і шарсцяным. Сваю любімую работу абавязкова пачынае ў добрым настроі і з радыё “Рокс” – пад любімыя песні працуецца весялей. Для таго, каб пашыць простую блузку, ёй хапае некалькі гадзін, для паліто патрэбен тыдзень.
У размове з гераіняй аповеду даведалася, што апошнім часам яна ў дадатак шые яшчэ і сумкі. Калі я ўбачыла гэтыя шэдэўры (а інакш і назваць не магу), здзіўленню майму не было межаў. Адна з джынсавай тканіны і ўпрыгожана рознакаляровымі ружамі, на другой кветка-сімвал нашай Беларусі – васілёк, на тых, што з палатна, – неверагодныя півоні і астры, а побач з рамонкамі і незабудкамі – спелыя каласы жыта і пшаніцы, над якімі лётаюць матылькі і стракозы. У дадатак сумкі ўпрыгожаны вышыўкай з бісеру, рознакаляровымі стужкамі – і адкуль толькі фантазія такая!?
А яшчэ Таіса робіць ёлачныя цацкі. І з чаго б вы думалі? Са звычайных лясных шышак. Пакрывае іх фарбай з балончыка і аздабляе пацеркамі, мішурой, стужкамі з атласу і арганзы, прытрымліваецца пры гэтым пэўнай колеравай гамы. Так летась хатняя ёлачка была ўпрыгожана шышкамі серабрыста-сіняга колеру, іх Таіса зрабіла 20. На галінках сёлетняй лясной госці вісела ўжо 80 шышак залаціста-чырвоных адценняў. Іх мая гераіня стварала на працягу цэлага года.
У планах Таісіі Дусь – рабіць упрыгажэнні для сваіх швейных вырабаў. І зразумела, чалавек крэатыўны, неардынарны не можа жыць без творчых задумак. Няхай яны заўсёды ажыццяўляюцца і прыносяць свайму майстру задавальненне і радасць.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%