Алёна НІКАНЧУК.
Дваццаць гадоў працоўнага жыцця Наталлі Волк (у дзявоцтве Лясун) звязаны з Жабінкаўскім камбікормавым заводам. Спачатку рупілася поварам у падведамасным прадпрыемству дзіцячым яслях-садзе, з 2002 года – апаратчык камбікормавай вытворчасці на лініі гранулявання.
Малая радзіма Наталлі Аляксандраўны – вёска Гарадзец Кобрынскага раёна. Там скончыла дзесяцігодку, адтуль зрабіла першыя самастойныя крокі ў дарослае жыццё: паступіла ў Брэсцкае гандлёва-кулінарнае вучылішча на повара, дзе атрымала пасведчанне “з адзнакай”. Выдатніца была размеркавана ў сталовую № 18, што на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці (цяпер кафэ “Цытадэль”), дзе працавала пяць гадоў.
Яшчэ пад час вучобы Наталлі яе бацькі-будаўнікі атрымалі ў Жабінцы кватэру ў адным з дамоў, якія тут самі ўзводзілі, таму наш райцэнтр стаў для дзяўчыны не толькі другой радзімай, але і яе лёсам.
Так, 19 лютага 1984 года Наташа разам з сяброўкай пайшлі на гарадское свята Сняжынка (як успамінае гераіня аповеду, менавіта так тады называлася Масленіца). Там на ім пазнаёмілася з мясцовым хлопцам Дзмітрыем Волкам. Дзяўчына не магла не звярнуць на яго ўвагі: прыгожы, статны, толькі што адслужыў у войску. Ды і Наталля спадабалася юнаку. Гэта было каханне з першага погляду. І пачаліся сустрэчы… Яны скончыліся вяселлем, якое згулялі ў 85-ым у бацькоўскай хаце жаніха, дзе пасля і засталася жыць маладая сям’я. Праз год Наталля і Дзмітрый гушкалі дачушку Ірынку, яшчэ праз год – сыночка Дзімку, названага ў гонар таты.
Далей працоўная дарога Наталлі Волк вядзе ў райсельгасэнерга, дзе месціўся філіял Брэсцкага завода “Цветатрон”. Тут яна восем гадоў рупілася мантажніцай радыёапаратуры: паяла платы, збірала дынамікі для радыётэлефонаў і клавіятуру для камп’ютараў. Здаецца, зусім не жаночая справа, але ёй падабалася, і гэты час успамінае з настальгіяй і цеплынёй.
Калі прадпрыемства зачынілі, давялося вярнуцца да поварскай справы, з якой пачынаўся прафесійны шлях. Смачныя сняданкі і абеды Наталля гатавала некаторы час для маленькіх гарэз – наведвальнікаў дзіцячага ясляў-сада камбікормавага завода. Потым перайшла на вытворчасць і вось пятнаццаты год працуе апаратчыкам камбікормавай вытворчасці на лініі гранулявання.
Дасюль удзячна сваім былым калегам, з кім пачынала, у каго вучылася: Аляксандры Паўлаўне Барсуковай (якой ужо, на жаль, няма), Вользе Пятроўне Сысоевай. За гэты час у сваёй справе Наталля Волк стала прафесіяналам. Яе работа патрабуе адказнасці і пільнай увагі – у полі зроку жанчыны абсталяванне, працэс вытворчасці, пад час якога рассыпны камбікорм ператвараецца ў гранулы. Пра сваю змену, у якой працуюць дзесяць чалавек, Наталля Волк гаворыць так: дружная, згуртаваная, надзейная. Лічу, што гэта найлепшая характарыстыка калектыву.
Побач з Наталляй Аляксандраўнай на камбікормавым заводзе рупіцца старшым машыністам цеплавоза і муж Дзмітрый Мікалаевіч. Яго працоўны стаж перасягнуў 30-гадовую мяжу.
На святы дом Волкаў поўніцца галасамі родных людзей, смехам унукаў, якіх у Наталлі і Дзмітрыя трое і ўсе хлапчукі. Летам сямейныя святы адзначаюцца ў двары за вялікім драўляным сталом, і ўсе ведаюць, што будуць абавязкова шашлыкі і фірменны торт гаспадыні “Мядовік”. У планах Наталлі і Дзмітрыя пабудаваць утульную альтанку і пашырыць кветнік. Вакол іх дома цвітуць ружы, аксаміткі, лілеі. Кветкі, наогул, асобная тэма для гаспадыні – гэта яе хобі, шмат у жанчыны і хатніх. Пазалетась Волкі заклалі новы сад. Пройдзе час, і ён дасць плады і яшчэ не раз сабярэ нашчадкаў гэтай сям’і ў сваёй засені.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%