СТАГОДДЗЮ БЕЛАРУСКАЙ МІЛІЦЫІ ПРЫСВЯЧАЕЦЦА

СТАГОДДЗЮ БЕЛАРУСКАЙ МІЛІЦЫІ ПРЫСВЯЧАЕЦЦА

РОВД

Паважаныя супрацоўнікі
і ветэраны органаў унутраных спраў!

Прыміце віншаванні з прафесійным святам – Днём міліцыі і стагоддзем з дня яе ўтварэння. Ваша служба звязана са штодзённай рызыкай і патрабуе стойкасці і вытрымкі. Менавіта дзякуючы вашым умелым аператыўным дзеянням і мужнасці ў раёне захоўваюцца стабільнасць і парадак.
Выказваем словы вялікай удзячнасці ўсім пакаленням супрацоўнікаў міліцыі, якія прысвяцілі сваё жыццё ўмацаванню грамадскага парадку і бяспецы нашых грамадзян. Дзякуй за высокі прафесіяналізм, вытрымку і самаадданасць, якія вы праяўляеце ў сваёй штодзённай працы.
Прыміце пажаданні моцнага здароўя, шчасця, сямейнага дабрабыту, міру і далейшых поспехаў у служэнні Айчыне.
Раённы выканаўчы камітэт.
Раённы Савет дэпутатаў.

ЖАБІНКАЎСКАЯ МІЛІЦЫЯ:

ад часоў ліхалецця да нашых дзён

 Анатоль БЕНЗЯРУК.

Сёння беларускай міліцыі 100 год. Адлік пачынаецца з таго сакавіцкага дня 1917 года, калі Міхаіл Фрунзэ прыступіў да стварэння мінскай міліцыі. Зараз у кожным раёне Беларусі існуе свой аддзел унутраных спраў. Наш расказ – пра Жабінкаўскі РАУС, ягоны гістарычны шлях і сённяшнія справы.

Ля вытокаў аховы правапарадку

ЖАБІНКАЎСКІЯ МІЛІЦЫЯНЕРЫ ганарацца пераемнасцю традыцый, якія закладваліся некалькімі пакаленнямі “вартаўнікоў парадку” нашай зямлі. Пачаткі сягаюць у верасень трыццаць дзявятага, калі ў Жабінцы ўзнік атрад народнай самаабароны – правобраз сённяшняга райаддзела. Узначаліў яго чалавек па-сапраўднаму легендарнага лёсу Аляксей Дзмітрук. Поруч з ім служылі Сцяпан Мелянтовіч, Васіль Селівончык, Макар Ратайла, Павел Семянюк, Рыгор Трафімук.
З утварэннем Жабінкаўскага раёна яны ўліліся ў склад раённага аддзела міліцыі, вызначаліся смеласцю і адказнасцю. Нездарма ўжо па выніках 1940 года Жабінкаўскі РАМ, якім да Вялікай Айчыннай вайны кіраваў малодшы лейтэнант міліцыі Фёдар Кірылаў, заняў першае месца на Брэстчыне ў паспяховай барацьбе са злачыннасцю.
Аднак 22 чэрвеня пачалася вайна, і многія супрацоўнікі райаддзела ўліліся ў шэрагі народных помснікаў. Дасюль ля ўваходу ў будынак міліцыі захоўваецца мемарыяльная дошка з імёнамі Сяргея Ануфрыюка і Аляксея Дзмітрука, што загінулі ў барацьбе з ворагам. Цяперашнія нашчадкі слаўных традыцый даглядаюць магілу Аляксея Данілавіча на вуліцы Міру, памятаючы пра заслугі яго ў станаўленні службы правапарадку ў нашым краі і барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Імем Аляксея Дзмітрука названа адна з вуліц горада, яно ўнесена ў Кнігу народнай славы Жабінкаўскага РАУС.

Вайна без лініі фронту

АДНЫМ З ПЕРШЫХ пасляваенных начальнікаў райаддзела быў Кірыл Татаранка. Вакол сябе Кірыл Андрэевіч згуртаваў супрацоўнікаў, правераных і загартаваных вайной. Пра гэта сведчылі баявыя ўзнагароды, што зіхацелі на грудзях былых франтавікоў і партызан Аляксандра Вайцюка і Мікалая Паўлючука, Мацвея Кармінчука і Уладзіміра Касцюковіча, Мікіты Свідуновіча і Паўла Мартусава, Аляксандра Зубеліна, Мікалая Перагудава і Аляксея Сокала. Трыццаць гадоў (з 1948-га па 1978-ы) аддаў міліцэйскай службе Маісей Маслоўскі. Вярнуўся пасля вайны ў райаддзел і адзін з першых тутэйшых міліцыянераў, партызан атрада імя Чарнака Аляксей Харытанюк.
Пасляваенныя гады выдаліся надзвычай няпростымі, міліцыянерам нярэдка даводзілася быць на лініі агню. Ужо ў мірны час старшыя інспектары Якаў Палягонька і Анатоль Міхалюк атрымалі за барацьбу з бандытызмам і ахову грамадскага парадку медалі “За баявыя заслугі”. Даводзілася ўдзельнічаць у сапраўдных аперацыях па ліквідацыі ўзброеных груп, што да пачатку 50-ых тэрарызавалі мясцовае насельніцтва.
Так, напрыканцы 1947-га на Жабінкаўшчыне былі ліквідаваны ўкраінскія нацыяналісты, якія дзейнічалі пад кіраўніцтвам нейкага Кірылюка ў Камянецкім і Брэсцкім раёнах. А 3 мая ўжо наступнага года на хутары Мельнікі паблізу Азятаў быў знішчаны штаб Брэсцкага надраённага проваду АУН, забіты адзін з яго лідараў Беразоўскі. У вёсцы Сычова праваахоўнікі выявілі два схроны падпольнай бандэраўскай групы з цэлым арсеналам зброі і патронаў.
Яшчэ больш напружаная барацьба вялася з польскімі вайскоўцамі, найперш з 47-ым брэсцкім абводам Арміі Краёвай “Усходні Бераг”, якую ўзначальваў капітан Данііл Трэплінскі. Непасрэдна на Жабінкаўшчыне дзейнічала падраздзяленне паручніка Арцемія Фядзінскага. 12 сакавіка 1945 года яно знішчыла міліцэйскі ўчастак у Жабінцы. 7 студзеня наступнага года ў Сенькавічах байцы Фядзінскага жорстка зарэзалі лейтэнанта МУС Кузняцова і трох оперупаўнаважаных. 20 жніўня паблізу Здзітава банда атакавала 63 курсантаў Міністэрства ўнутраных спраў, якія знаходзіліся на вайсковых зборах, большасць схавалася ў блізкіх вёсках, астатніх чакала жудасная кара: адных застрэлілі, іншых спалілі ў лецішчы, а начальніка, старшага лейтэнанта Хомскага, з двума малодшымі афіцэрамі падвесілі за рэбры. У пачатку верасня арганізавана вялікая аперацыя ўнутраных войск з удзелам каля 2300 байцоў. Часці былі накіраваны ў раён Здзітава для зачысткі блізкага лесу. Праз год каля Нагаранаў міліцыянеры знішчылі аддзел падпаручніка Дзмітрыя Самарскага, забойцаў чатырох супрацоўнікаў МУС. 26 кастрычніка 1948 года пад былой вёскай Пуцішча паспрабавалі ліквідаваць і Фядзінскага з яго аддзелам у 30 баевікоў, аднак той змог вырвацца з акружэння. 7 чэрвеня 1949 года акаўцы ў Пшанаях нанеслі ўдар у адказ: паланілі і расстралялі дзявяцера міліцыянераў, у тым ліку актыўнага ўдзельніка барацьбы з бандытамі Чысцякоўскага. Нарэшце, 12 снежня 1950 года ля тых самых Пшанаёў міліцыянеры наткнуліся на штаб Фядзінскага.  Тры гадзіны ішла перастрэлка, з бандыцкага атрада застаўся толькі кіраўнік. Ён забарыкадаваўся і адбіваўся, пакуль не закончыліся патроны, а затым падпаліў сваю схованку і згарэў у агні. Гэта быў апошні вялікі бой на нашай зямлі.

Служба дні і ночы

СУЧАСНЫ ЭТАП РАЗВІЦЦЯ жабінкаўскай міліцыі распачаўся з 1966 года, пасля аднаўлення раёна. Сваім станаўленнем аддзел унутраных спраў Жабінкаўскага райвыканкама ў многім абавязаны Дзмітрыю Кавалевічу, які ўзначальваў яго з 1966-га
да 1983 года. Рупіліся пра развіццё аддзела, яго тэхнічнае аснашчэнне, павышэнне прафесіяналізму супрацоўнікаў і наступныя кіраўнікі РАУС: Аляксей Клімчук (1983-1994), Міхаіл Ляшук (1994-1999), Аляксандр Грыцук (1999-2002), Юрый Карпінчык (2002-2004), Аляксандр Ясько (2005-2007), Уладзімір Жук (2008-2012) і Уладзімір Барысюк (2013-2014). Сёння аддзел узначальвае падпалкоўнік міліцыі Андрэй Лагота.
Ужо не першы год узровень злачыннасці ў нашым раёне адзін з самых нізкіх на Брэстчыне. Жабінкаўскія міліцыянеры сумленна нясуць сваю службу, што адзначаецца на розных узроўнях, ставіцца ў прыклад іншым райаддзелам унутраных спраў вобласці. Гэта ёсць сведчанне прафесіяналізму, штодзённай працы на карысць простых грамадзян.
– Летась назіралася прыкметнае змяншэнне зарэгістраваных злачынстваў (у 2015 годзе іх было 181, у мінулым – 163), – гаворыць Андрэй Яўгенавіч. – Як і раней, большасць сярод парушэнняў закона складаюць крадзяжы (70 %), аднак і тут адзначаем зніжэнне з 83 у пазамінулым годзе да 73 летась. Амаль у два разы паменшылася разбойных нападзенняў, забойстваў, згвалтаванняў ды іншых асабліва цяжкіх злачынстваў, а парушэнняў закона, што прыводзяць да цяжкіх цялесных пашкоджанняў, – нават у 4 разы з нечым.
На пытанне, у чым бачыцца крыніца такога поспеху, начальнік райаддзела адказаў:
– Перш-наперш яна ў зладжанай дзейнасці ўсіх, хто стаіць на ахове законнасці. Пагэтаму ахвотна выказваю падзяку за падтрымку і разуменне раённым уладам, якія ўзначальваюць старшыні райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў Дзмітрый Гарадзецкі і Анатоль Шалтанюк. За дапамогу, прынцыповасць у вядзенні спраў хочацца таксама шчыра падзякаваць супрацоўнікам суда і пракуратуры Жабінкаўскага раёна, раённых аддзелаў Следчага камітэта і Дэпартамента аховы ў асобах іх кіраўнікоў Віктара Новіка, Уладзіміра Кірылюка, Юрыя Юркевіча, Сяргея Ханіна.
Сённяшні склад РАУС – аптымальны, яго супрацоўнікі здольныя якасна выконваць ускла-
дзеныя задачы. Зарука станоўчага выніку – зла-джанасць і кваліфікаванасць усіх міліцэйскіх падраздзяленняў.
Ужо неаднойчы ў ліку лідараў сярод падобных падраздзяленняў вобласці служба ўчастковых, якую ўзначальвае маёр міліцыі Ігар Пастушын. Асабліва вызначаюцца старшыя ўчастковыя капітан міліцыі Сяргей Галоўчык і маёр міліцыі Уладзімір Сава, старшы ўчастковы інспектар спраў непаўнагадовых маёр міліцыі Васіль Бурко, якія актыўна займаюцца прафілактыкай правапарушэнняў і не дапускаюць на сваіх участках цяжкіх злачынстваў.
Надзвычай умела працуе аддзяленне грамадзянства і міграцыі, якое ўзначальвае маёр міліцыі Вікторыя Раецкая. У выніку назіраецца змяншэнне колькасці злачынстваў, здзейсненых на Жабінкаўшчыне замежнікамі.
Заўсёды на добрым рахунку дзейнасць АДАІ, якім кіруе маёр міліцыі Андрэй Мядзведзь. Дзякуючы нашым “вартавым дарог” абстаноўка ў раёне, праз які пралягаюць міжнародная аўтатраса М 1 ды некалькі важных аўтадарог рэспубліканскага значэння, застаецца ў цэлым спакойнай, таму й гаворыць кіраўнік райаддзела ўнутраных спраў:
– Нашы дарогі – адны з самых бяспечных у рэгіёне.
Справы аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі нязменна прыносяць карысць грамадству. Бо сваёй дзейнасцю, скіраванай супраць парушальнікаў, ягоныя супрацоўнікі стаяць на варце дабрабыту не толькі асобных грамадзян, але й усёй краіны ў цэлым. Узначальвае аддзел маёр міліцыі Аляксандр Лісюк. І вось прыемная навіна! Варта павіншаваць Аляксандра Мікалаевіча з перамогай у абласным этапе прафесійнага спаборніцтва, і зусім хутка яму давядзецца пазмагацца за права звацца лепшым сярод супрацоўнікаў АБЭПа на рэспубліканскім узроўні.
Канечне, з паспяховай працы асобных супрацоўнікаў, нібыта з цаглінак, складваецца поспех усяго калектыву. Пра тое сведчаць высокія ўзнагароды і прызнанне, якое ўжо неаднойчы меў Жабінкаўскі РАУС. Бадай, найвышэйшае было ў 2009-ым, калі раённы аддзел уганаравалі пераходным прызам імя Уладзімірава, прызналі лепшым у краіне. А праз пяць гадоў жабінкаўскія міліцыянеры сталі пераможцамі на Брэстчыне, за што атрымалі пераходны прыз імя генерал-маёра міліцыі Валерыя Асташонка.

Час выбірае нас

ЗАРАЗ ПРЫКМЕТНА ЎЗРАСЛА павага да міліцыі. Хоць яшчэ на памяці часы, калі “героямі нашага часу” раптам сталі крымінальныя “браткі”, згуртаваныя ў бандыцкія “брыгады”, а адносіны да людзей у форме былі, мякка кажучы, зусім іншымі. Прычын для гэтых зменаў нямала, але ж галоўная з іх, падаецца, у тым, што сёння ў шэрагі праваахоўнікаў уліваюцца невыпадковыя і адукаваныя людзі, якія ведаюць не толькі літару закона, але й кошт сумленню ды адказнасці. Вельмі трапна пра гэта сказаў аднойчы былы кіраўнік Жабінкаўскага РАУС Уладзімір Жук:
– Нават самае чыстае імя можна зняславіць нядбалай працай, запляміць злачынствам. Міліцыянер… За гэтым словам – славутая гісторыя, а калі нехта гэтага не разумее, няхай пакладзе пагоны! Прэстыж нашай прафесіі непасрэдна залежыць ад таго, наколькі кожны – ад начальніка да інспектара і ўчастковага – мае прызванне да службы, што вымагае не толькі фізічнай трываласці, але й маральнай адказнасці, нават самаахвярнасці.
Ва ўнісон гаворыць і сённяшні начальнік райаддзела міліцыі Андрэй Лагота:
– Адзін з асноўных паказчыкаў працы міліцыі – гэта давер насельніцтва. Штогод ва ўсіх без выключэння раёнах і буйных гарадах краіны праводзіцца маніторынг, каб высветліць узровень даверу да праваахоўнікаў. Жабінкаўскія міліцыянеры ня-зменна маюць станоўчую адзнаку ад суграмадзян, бо тыя бачаць, што ў нашым райцэнтры і наваколлях надзейна захоўваецца правапарадак. Таму з гонарам адзначым – у гэтым плане Жабінкаўскі РАУС у ліку лепшых на Брэстчыне. Нам вельмі прыемна, што землякі гэтак высока ацэньваюць працу сваёй міліцыі. Спадзяемся і ў будучым не губляць непарыўную повязь з імі, каб наша служба яшчэ бліжэй была да народа. У гэты святочны дзень хочацца пажадаць усяго найлепшага ветэранам міліцэйскай службы і тым, хто сёлета стаіць на варце правапарадку. Здароўя вам і вашым сем’ям!

На здымку: прадстаўнікі суда, пракуратуры і сілавых органаў Жабінкаўшчыны пад час сустрэчы са старшынёй райвыканкама Д.М. Гарадзецкім.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro