Было тут сенасховішча, а стаў малочны блок

Было тут сенасховішча, а стаў малочны блок


Снег гулка рыпіць пад нагамі, а марозец добра шчыпле за нос і далоні: як-ніяк, градусаў 17 ніжэй за нуль тэрмометр паказвае. Думалася, што і на комплексе “Якаўчыцы” такі ж холад. Аднак, заўважыла, што вада ў паілках нават не пакрылася іголкамі лёду, корм не змярзае ў камякі, цяляткі не збіваюцца у гурт, каб пагрэцца, значыць, не так ужо і холадна.
— Гэтая зімоўка, нягледзячы на маразы і гурбы снегу, даволі лёгкая, — расказвае загадчык комплексу Пётр Канстанцінавіч Лучко. — З пераходзячым запасам маем кармоў, у нас згуртаваны калектыў жывёлаводаў, якія выдатна ведаюць сваю справу. У напружаным рэжыме давядзецца папрацаваць ў лютым-сакавіку, бо менавіта на гэтыя месяцы чакаюцца масавыя расцёлы. А так вялікіх турбот і занепакоенасці рабочыя будні не выклікаюць. Па раскладу кармленне, даенне, выдаленне гною. Спяшаюся на комплекс з задавальненнем, каб бачыць, як ідуць справы на новай ферме. Вельмі прыемна, што давялося працаваць ва ўмовах тэхналагічнага прагрэсу, які не абмінуў нашу гаспадарку.
“Новай” фермай якаўчукі з гонарам і надзеяй называюць рэканструяваны будынак сенасховішча, якое знаходзіцца побач, на комплексе. Яго пашырылі і падоўжылі, устанавілі шторкі-вокны і празрысты дах (апошняе дазваляе значна эканоміць электраэнергію), стойлаў-месцаў тут на 305 галоў, зрабілі зручны кармавы стол для жывёлы і дабудавалі малочны блок. На гэта спатрэбілася паўтары гады і нямала грошай.
Першы час работнікаў здзіўляла малочная зала. Да “ёлачкі” гомельскай вытворчасці, разлічанай на 20 рагуль, даўжэй прызвычаліся даяркі, чым жывёла. Цяпер каровы спакойна чакаюць сваёй чаргі, не палохаюцца абсталявання. Кожная жывёліна мае ашыйнік з асабістым нумарам і чыпам, і на спецыяльным экране адбіваецца, колькі карова дае малака. У сярэднім ад кожнай штодня атрымліваюць 12,5 кілаграма яго. З новым абсталяваннем значна палепшылася якасць здаваемай прадукцыі: за снежань атрымалі 97% высокагатунковай, у той час як раней гэтая лічба складала 60-70%. А гэта – дадатковыя грошы. Мастытных і нізкаўдойных рагуль адразу выбракоўваюць. Даяркам Кацярыне Лашч і Любові Дымковіч цяпер не трэба цягаць ваду, бідоны, чысціць гной, пасцілаць. Калі раней дойка больш чым тры гадзіны доўжылася, дык зараз за дзве ўпраўляюцца, хаця колькасць кароў на кожную даярку павялічылася ў два разы.
— Цяпер, каб уладкавацца на месца даяркі на “новую” ферму своеасаблівы конкурс, — не без гонару кажа Пётр Лучко. — Галоўны стымул, зразумела, заробкі. Яны у даярак і ў даглядчыкаў жывёлы ў два разы вышэйшыя, чым па іншых фермах, і набліжаюцца да мільёна рублёў…
— Нам тут вельмі падабаецца, — расказваюць скотнікі бацька і сын Андрэй і Уладзімір Кунцэвічы, — На ферме з паловы шостай раніцы. Сочым за чысцінёй у праходах, пераганяем жывёлу ў суседнія загоны, калі трактар двойчы на дзень выдаляе гной, накіроўваем рагуль у малочны блок, падкідваем корм. Зімовае “меню” дойнага статка складаецца з плюшчанага збожжа, пакупнога і ўласна прыгатаванага камбікорму, жому, патакі. Усё гэта рыхтуецца ў кормазмяшальніку. Работы хапае, аднак большасць яе механізаваная, таму і лягчэй… Адрацавалі, ёсць магчымасць адпачыць, схадзіць ў душ, памыць рабочае адзенне ў пральнай машыне.
Задаволены ўмовамі працы і астатнія жывёлаводы фермы. Менавіта за такімі фермамі, на іх думку, будучыня.

С.Кіслая.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top