Часу хапае на ўсё і на ўсіх: дзяцей развівае сваіх і чужых

Наталья Бакун

Гераіні “Жаночай альтанкі” – жанчыны цікавыя, неардынарныя, рознабакова развітыя, часу якім хапае на ўсё. Адна з такіх – жыхарка Жабінкі, настаўнік-дэфектолаг СШ № 3 Наталля Фёдараўна Бакун.
Яе жыццёвая геаграфія ахоплівае адразу некалькі краін былога Савецкага Саюза і не толькі: бацька быў ваенным, таму сям’я пастаянна пераязджала з месца на месца. Наталля нарадзілася ва Украіне, у горадзе Наваград-Валынскі Жытомірскай вобласці, тры гады жылі ў Дэбрэцэне (Венгрыя), потым у Каўнасе, у Мінску. Менавіта ў сталіцы нашай краіны дзяўчына скончыла сярэднюю школу № 108.
Наступнай прыступкай у навучанні стаў дэфекталагічны факультэт педагагічнага інстытута імя М. Горкага ў Мінску, дзе атрымала спецыяльнасць лагапеда. Наталля Фёдараўна ўзгадвае, што пры паступленні конкурс быў 7-8 медалістаў на месца, але яе гэта не спалохала. Яна ніколі не шукала лёгкіх шляхоў, з дзяцінства любіла пераадольваць цяжкасці, браць высокія планкі ­– у вучобе, у спорце. На першым курсе выйшла замуж за сімпатычнага і стараннага Васіля Бакуна. На трэцім нарадзілася дачушка Веранічка, і маладой маме-студэнтцы даводзілася сумяшчаць вучобу з мацярынствам. Як ні складана было, але Наталля выдатна спраўлялася з абедзвюма ролямі, усё атрымлівалася.
Пасля заканчэння сваіх альма-матар маладыя вырашылі пераехаць на малую радзіму Васіля – у вёску Алізараў Стаў Жабінкаўскага раёна. Гаспадар сям’і ўладкаваўся брыгадзірам у СВК “Шпіталі”, а Наталля Фёдараўна – настаўнікам-дэфектолагам у сярэднюю школу
№ 3 у Жабінцы.
– Быў час, калі пакідала родную ўстанову і з 2004 па 2008 год узначальвала цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Жабінкаўскага раёна, – дзеліцца мая суразмоўца. – Аднак сям’і за работай не бачыла, таму давялося пакінуць дырэктарскую пасаду і вярнуцца ў трэцюю школу. Я не “папяровы” чалавек, люблю працаваць з дзецьмі. Мне цікавей не паперкамі займацца, а вучняў развіваць. Быць настаўнікам – вось маё прызванне.
Працоўны стаж Наталлі Фёдараўны амаль 25 гадоў, у гэтым навучальным годзе рупіцца на 1,5 стаўкі, таму што дзяцей з парушэннямі маўлення з кожным годам становіцца ўсё больш і больш. Гэта засмучае настаўніка-дэфектолага.
– Наш пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі на сённяшні дзень загружаны максімальна, – кажа Наталля Бакун. – Я займаюся з шасцю групамі, а гэта 36 чалавек. Хаця жадаючых нашмат больш. Ёсць дзеткі, якія не вымаўляюць гукі “р”, “л”, “ш”, з рыналаліяй, заіканнем, першакласнікі, якія прыходзяць у школу, але пры гэтым вельмі дрэнна размаўляюць. Калі дзіця не адрознівае на слых гукі мовы, яно не будзе граматна пісаць. Уявіце, што вы чуеце французскую мову. Ра-зумееце, што яна французская, а не англійская або нямецкая, а напісаць тое, што чуеце, вы не можаце. Так і дзіця з фанетыка-фанематычным парушэннем слыху. І такія недахопы я ра-
зам з навучэнцамі стараюся лік-відаваць. Калі ставіш дзецям гукі, выводзіш іх на норму, бачыш вынік сваёй працы – адчуваеш задавальненне і радасць, што выкладваешся недарэмна.
Вопытны настаўнік-дэфектолаг карыстаецца аўтарытэтам і павагай сярод калег, бацькоў і вучняў. Наталля Фёдараўна – чалавек, які рэалізаваў сябе ў прафесіі. Да таго ж яна шчаслівая маці чацвярых дзяцей. Старэйшая Вераніка пасля заканчэння факультэта прыкладной матэматыкі БДУ працуе спецыялістам па абароне камп’ютарнай інфармацыі, “антыхакерам”, як кажа Наталля Бакун, і разам з мужам гадуе дачушку Машаньку. Арцём вучыцца на пятым курсе таго ж факультэта, што раней скончыла сястра, толькі на распрацоўшчыка веб-сайтаў, і адначасова працуе ў прыватнай фірме. Малодшая дачка Юля – шасцікласніца трэцяй гарадской школы, вельмі прыгожа малюе, займаецца ў дзіцячай школе мастацтваў і ў аб’яднанні па інтарэсах “Кераміка” ў РЦТДіМ. Наталля Фёдараўна прыгадвае, што калі дачка вучылася ў
4 класе, то наведвала факультатывы па рускай мове і матэматыцы, аб’яднанні па інтарэсах “Квілінг” у школе, а таксама “Кераміка”, “Бісерапляценне” і “Залатая саломка” ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, нядзельную школу. Максімілян – чацвёртакласнік, вучыцца ў другую змену, як большасць хлопчыкаў, падленьваецца, над ім трэба стаяць, пакуль рыхтуе дамашнія заданні.
– У народзе кажуць: першыя дзеці – апошнія лялькі, – успамінае народнае выслоўе Наталля Бакун. – Маім хобі было займацца з малымі: вазіла іх у школу ранняга развіцця ў Брэст, спрабавала на іх розныя педагагічныя методыкі (Барыса і Алены Нікіціных, Сесіль Лупан і іншыя). Я халерык па натуры, таму вязаць і вышываць – не па мне. А вось шыць вельмі люблю. Раз шоў, два шоў – і падкоўдранік гатоў. Пялёнкі, дзіцячае адзенне, пасцельную бялізну, цюлі, шторы шыла сама. Зараз такой вострай неабходнасці няма, займаюся любімым заняткам радзей, але швейная машынка, якую старэйшыя дзеці падарылі, зусім без справы не стаіць.
Наталля Фёдараўна – сапраўдная гаспадыня. З задавальненнем наводзіць чысціню і парадак ва ўласным доме, які чатыры гады таму пабудавалі ў Жабінцы. Летам з ахвотаю займаецца нарыхтоўкамі на зіму. Летась шмат іх было з чарніц і буякоў. Яшчэ адзін любімы занятак жанчыны – чытанне кніг.
Вадзіць аўтамабіль Наталля Бакун марыла даўно, але муж сказаў аднойчы: “Ты на веласіпедзе па праезнай частцы баішся ездзіць, пра аўто не можа быць і мовы”. Калі ж лёс закінуў жанчыну разам з сям’ёй у Алізараў Стаў і на працу ёй, і ў школу дзецям трэба было дабірацца ў Жабінку, хочаш-не хочаш, а давялося Васілю Рыгоравічу пагадзіцца, што жонцы неабходна здаваць на правы. Сёння вадзіцельскі стаж Наталлі Фёдараўны налічвае 9 гадоў. Зараз адвезці малодшых дзяцей у школу або ў паліклініку для яе не праблема.
Двойчы на тыдзень Наталля Фёдараўна займаецца аэробікай пад кіраўніцтвам Ірыны Феафанаўны Румко і сцвярджае, што цела дзякуючы трэніроўкам стала абсалютна іншым – гнуткім, пластычным, што пасля заняткаў пад рытмічную музыку адчуваеш прыліў бадзёрасці і добрага настрою.
Штодзень Наталлю Бакун чакае з дзясятак працоўных, сямейных і гаспадарчых спраў, з якімі яна выдатна спраўляецца. І штогод яна чуе дзясяткі ўдзячнасцяў ад бацькоў, дзеці якіх пачынаюць вымаўляць “згубленыя” гукі, пісаць без памылак, перастаюць заікацца і саромецца свайго вымаўлення.
На здымку: настаўнік-дэфектолаг СШ № 3 Жабінкі Наталля Фёдараўна БАКУН праводзіць заняткі
з другакласнікамі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.