Наймальнік не мае права ў аднабаковым парадку спыняць дзеянне калектыўнага дагавору. Аб гэтым ішла размова на пасяджэнні Прэзідыума Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, які адбыўся 22 лютага ў Мінску ў штаб-кватэры нацыянальнага прафцэнтра.
“У калектыўных дагаворах арганізацый часта ўтрымліваюцца нормы, якія дзейнічаюць толькі пры наяўнасці прыбытку на прадпрыемствах. Многія наймальнікі аднагалосна прымаюць рашэнні спыніць іх дзеянні, матывуючы адсутнасцю фінансаў. Так быць не павінна, – адзначыла намеснік старшыні ФПБ Алена Манкевіч. – Наймальнік у аднабаковым парадку не можа спыніць дзеянне нормаў калектыўнага дагавору. Спачатку яму трэба падаць інфармацыю свайму сацыяльнаму партнёру, разам разгледзець яе, вызначыць тэрмін, на які прыпыняецца тая ці іншая ўмова калектыўнага дагавору. А для гэтага неабходна сабраць камісію, правесці ўсю працэдуру і ў абавязковым парадку праінфармаваць калектыў”.
Акрамя таго, на пасяджэнні абмеркавалі пытанні стварэння ў кожным галіновым прафсаюзе рэестра калектыўных дагавораў у электронным выглядзе. Плануецца, што ён з’явіцца сёлета. Поўны рэестр дазволіць максімальна аператыўна рэагаваць на тую ці іншую праблемную сітуацыю і прымаць справядлівыя рашэнні па іх ухіленні.
Вольга КАБЯК, спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Федэрацыі прафсаюзаў па Брэсцкай вобласці.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%