Фота аўтара.
Выдатны падарунак гораду зрабілі індывідуальныя прадпрымальнікі Святлана і Юрый Завяржэнцы, калі акурат у Дзень абаронцаў Айчыны адчынілі дзверы магазіна “БудМаркет”, што непадалёку ад чыгуначнай станцыі.
Калісьці ў гэтым будынку размяшчалася пякарня, якая славілася смачным хлебам і батонамі. Потым яе зачынілі, і будынак шмат гадоў у чаканні новага гаспадара паціху прыходзіў у заняпад.
“Другое жыццё” ў былую пякарню “ўдыхнулі” Завяржэнцы. Прадпрымальнікі два гады таму купілі памяшканне з аўкцыёну і зрабілі ў ім рэканструкцыю. Цяпер гэта з густам аформленыя гандлёвыя залы агульнай плошчай звыш 150 кв. м. На паліцах шырокі выбар электра- і слясарнага інструменту, фарбаў, мэблевай фурнітуры і інш. Адных толькі метызных вырабаў (самарэзаў і шрубаў) налічваецца звыш 450 найменняў!
Як паабяцала Святлана Завяржэнец, у бліжэйшы час бу-дзе паступленне новага тавару.
Шчыра кажучы, нават і тое, што ўжо ёсць, можа задаволіць густы самага патрабавальнага пакупніка.
…У дзень адкрыцця ў магазіне было шмат пакупнікоў. У асноўным, мужчын. Заўважыла, што яны найбольш спыняліся ля вітрыны з неабходным у хатняй гаспадарцы інструментам: пасаціжамі, абцугамі, адвёрткамі, свердламі (гэты аддзел негалосна завецца “мужчынскай касметыкай”), і мала хто пакідаў “БудМаркет” без пакупкі.
Адзін з іх, Іван Якаўлевіч Рубец, выглядаў вельмі задаволеным, калі разлічваўся за пакупку. Збылася яго даўняя мара – набыў зварачны апарат, маску і электроды.
– Гэта падарунак ад жонкі. Яна такім чынам мяне з 23 лютага павіншавала, нават банкаўскую картку дала. Менавіта такую мадэль зварачнага апарата шукаў, – сказаў ён.
У “БудМаркеце” ведаюць, што пакупнікам патрэбна…
Каментарый начальніка аддзела эканомікі Жа-бінкаўскага райвыканкама Леаніда Аляксеевіча Саковіча:
– Важная роля ў сацыяльна-эканамічным развіцці раёна належыць малому прадпрымальніцтву. Яно садзейнічае фарміраванню канкурэнтнага асяроддзя, росту вытворчасці спажывецкіх тавараў, пашырэнню сферы паслуг.
У нашым раёне налічваецца 446 індывідуальных пра-дпрымальнікаў. Доля малых і сярэдніх прадпрыемстваў у агульнай колькасці складае 47 %.
На іх працуе 1360 чалавек, або 14 % занятых у эканоміцы раёна. Летась створана 13 малых прадпрыемстваў (пры заданні – 5).
Што датычыцца індывіду-альнага прадпрымальніка Юрыя Завяржэнца, дык ён займаецца рознічным гандлем з 2005 года, а Святлана Завяржэнец – з 2007-га. Цяпер яны працуюць у “БудМаркеце”. Святлана Уладзіміраўна прапануе будаўнічыя матэрыялы, а Юрый Сцяпанавіч – тавары для дома, сада і агарода. Асартымент прадукцыі ў гандлёвых залах будзе пашырацца. Думаю, жабінкаўцы годна ацэняць намаганні Завяржэнцаў і стануць іх рэгулярнымі пакупнікамі.
На здымках: Леанід Саковіч і Юрый Завяржэнец; Іван Рубец з пакупкай.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%