Што для вас значыць родная мова?

Што для вас значыць родная мова?

матчына мова

21 лютага ў нашай краіне адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы. Мерапрыемствы праводзіліся ў школах, іншых установах адукацыі і культур. У Брэсце, паводле друку, абласное свята назвалі “Жывыя вытокі”, а магілёўскія мытнікі дэкламавалі вершы беларускіх паэтаў, у некаторых абласцях пісьменнікі, сябры грамадскай арганізацыі ТБМ, іншыя жадаючыя пісалі дыктоўку.
Дзень роднай мовы праводзіўся і на Жабінкаўшчыне. Пад час яго мы папрасілі некаторых жыхароў раёна падзяліцца думкамі пра адносіны да беларускай мовы, што яна значыць у ягоным жыцці.
Святлана Пешка:
– Нарадзілася я і вырасла ў Беларусі. Вучылася ў беларускамоўнай Гараднянскай сярэдняй школе, што на Століншчыне. Але ўсё роўна маё вымаўленне не было ідэальным. Наганяла прапушчанае ў Пінскім педвучылішчы і ў Брэсцкім дзяржаўным педінстытуце імя А.С. Пушкіна. Цяпер на беларускай мове размаўляю толькі як прыязджаю ў бацькоўскі дом. Думаю, што па-беларуску размаўляць за межамі Беларусі будзе модна. Мы ж памятаем, што наша мова была адной з афіцыйных у Вялікім Княстве Літоўскім – дзяржаве шматнацыянальнай, а значыць, існавала мода на беларушчыну і за межамі нашага роднага кута.
Яўгенія Антанюк:
– Я вучуся ў дзявятым класе Маціевіцкай базавай школы. Мне падабаецца беларуская мова, яна мілагучная і цікавая. На жаль, я не магу пахваліцца выдатным веданнем яе, але люблю ўрокі роднай мовы і літаратуры, мне на іх цікава. Менавіта праз настаўніка мы далучаемся да гэтых прадметаў. Я заўсёды актыўна ўдзельнічаю ў тыдні нацыянальнай мовы і літаратуры, што па добрай традыцыі праводзіцца ў нашай школе. Згодная: кожны чалавек павінен ведаць мову той краіны, у якой ён жыве. Мне вельмі падабаюцца такія выразы: “Добры дзень!”, “Да пабачэння”, “Смачна есці”. Трэба абавязкова добра ведаць родную мову, а лепш розныя, у дапаўненне да матчынай. У маёй памяці заўсёды словы Івана Мележа: “Мова – гэта вялікі скарб. Яе нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ”.
Святлана Пойта:
– Каму лянота вучыць мовы, той гаворыць пра іх непатрэбнасць. У Тамашоўскай адзінаццацігодцы, дзе я вучылася, мы развучвалі беларускія народныя песні і беларускамоўныя эстрадныя. Паспяхова выступалі на раённых конкурсах мастацкай самадзейнасці. Добра, што на конкурсе “Еўрабачанне – 2017” наш беларускі гурт выступіць з песняй на нацыянальнай мове.
Міжнародны дзень мовы ў сучасных умовах дае людзям знак: шануйце кожную культуру, беражыце разнастайнасць на зямлі. Наша багацце – мы самі, у сваёй непаўторнасці, у тым ліку ў адметнасці нашых манер гаварыць. Зрэшты, што тут незвычайнага? Напачатку ж было Слова… І яно робіць чалавека разумным, мудрым, яго трэба шанаваць, як святыню і менавіта тое слова, “… з якім вас літасціва Бог на свет пусціў”. Так гаварыў Францыск Скарына.
Кацярына Квачанюк:
– На ўроках беларускай літаратуры некаторыя вучні расказваюць хатняе заданне на руска-беларускай мове і гавораць, што ім цяжка размаўляць толькі на роднай мове. На мой погляд, трэба старацца гаварыць па-беларуску, нават калі не вельмі атрымліваецца, бо мову па-іншаму не вывучыш.
Гаварыць на роднай – для мяне гэта сур’ёзная справа, і стаўлюся да яе вельмі адказна. Спадзяюся, што беларуская мова ніколі не знікне.
Наталля Навачук:
– У нашай краіне пэўная ўвага надаецца захаванню нацыянальнай культуры, шанаванню айчыннай гісторыі і народных традыцый. На гэта накіраваны многія выхаваўчыя мерапрыемствы. 21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы ў Маціевіцкай базавай школе перад урокамі была праведзена акцыя “Любімае роднае слова”. Вучні на папяровых сэрцайках пісалі любімыя беларускія словы, з якіх потым утварылася вялікае “сэрца” любімых слоў. Пасля ўрокаў дзеці спаборнічалі ў гульні-віктарыне “Дакраніся да роднага слова”. Была арганізавана выстава кніг “Рускай мове дай разгрузку і чытай па-беларуску”.
Ушаноўванне чалавекам роднай мовы сведчыць менавіта пра яго павагу да культуры свайго народа. Я люблю нашу мову, таму што яна родная. Для мяне, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, размаўляць па-руску неяк нязвыкла. Міжнародны дзень роднай мовы – выдатная магчымасць павысіць цікавасць дзяцей да вывучэння ўсяго нацыянальнага, ставіцца да мовы з павагай і любоўю.
Апытанне правяла Лідзія Іваніхіна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

1 Comment Posted

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro