Наталля ВАЛОШКА.
Фота Святланы КІСЛАЙ.
Зіма-зімачка надакучыла, снегам-холадам нас замучыла, таму ў мінулую суботу сабраліся жабінкаўцы на гарадской плошчы, каб Зіму праводзіць, а Вясну прывітаць – Масленіцу адсвяткаваць.
Галоўная гераіня свята Маслёна Сяргееўна весяліла і заклікала ўсіх, хто сачыў за тэатралізаваным відовішчам на прыступках гарадскога Дома культуры, да песень і скокаў, а яшчэ, як хлебасольная гаспадыня, частавала масленічнымі блінамі. Яе памочнікі багатыр Алёша Паповіч з верным сваім канём Юліем вызвалілі Вясну-красуню з палону Тугарына-змея. Дома Алёшу чакала ды хвалявалася за яго царэўна Любава. А Вясну ўсе чакалі, хлебам-соллю віталі. Баба Яга ды скамарохі прысутных забаўлялі, шчасця, здароўя і веснавога цяпла ўсім жадалі.
Як вядома, чалавек галодны ні на што не годны, таму гандлёвыя палаткі запрашалі па бліны ды аладкі. Кожны мог падсілкавацца шашлыкамі, чабурэкамі ды беляшамі, печывам, пірожнымі, булачкамі рознымі.
На алеі масленічных цудаў быў шырокі выбар вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: для сябе, для дома і для лазні, і на падарункі, і для патрэб уласных.
На масленічным гулянні не было калі сумаваць, бо была магчымасць паспяваць, пасмяяцца, патанцаваць. Усіх чакалі гульні, жарты, кожны паказаў, на што ён варты. Безумоўна, самымі шчаслівымі на свяце былі дзеці. Малыя вадзілі карагоды, адгадвалі загадкі, каталіся на атракцыёнах, скакалі на батутах, сілкаваліся салодкай ватай і папкорнам, набывалі цацкі.
Сваё майстэрства гледачам прадэманстравалі адны з лепшых фальклорных калектываў Жабінкаўшчыны: народны хор “Скарбніца” гарадскога Дома культуры, вакальны калектыў “Сахарные бабушки” клуба цукровага завода, вакальны ансамбль “Белыя росы” Азяцкага СДК, міні-тэатр гумару і песні “Спявай, душа!” Крыўлянскага СДК, а таксама салісты ГДК Валерый Няменьшы, Аксана Пракошына і Алеся Жукава.
Калі ўдзельнікі свята ўдосталь наслухаліся песень, наспяваліся ды падсілкаваліся, надышоў кульмінацыйны момант свята – спальванне пудзіла – сімвала адыходзячай зімы. Дзея адбывалася ў парку, дзе ўжо было прыгатавана вогнішча. Дзеці і дарослыя вадзілі вакол яго карагод, спявалі прыпеўкі, вядучая Яна Макасюк (яна ж – Баба Яга) загадвала загадкі, праводзіла гульні. Пераможцы заахвочваліся падарункамі.
Нягледзячы на пранізлівы вецер і сырое надвор’е, праводзіны зімы ўдаліся на славу, кожны знайшоў па душы забаву. Хто прыйшоў, не пашкадаваў – добры настрой на дзень цэлы прыдбаў. Зіма саступіла дарогу вясне, чакаюць цяпла, абнаўлення ўсе. Даруем жа адзін аднаму крыўды і з чыстымі сэрцамі распачнем Вялікі пост.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%