Хоць дарог многа, ды толькі адна – твая, і кожнаму выбіраць, як па ёй ісці: пакручаста або прама да пастаўленай мэты – галоўнае наперад, з карысцю для людзей! Гэтак лічыць оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку капітан міліцыі Аляксандр Анатольевіч Андрасюк.
Першы крок падказалі старэйшыя
У ЯГОНАЙ СЯМ’І спрадвеку былі будаўнікі, вадзіцелі, медыкі. Працягваючы традыцыю, і Аляксандр падаўся ў Кобрынскае СПТВ-102, каб атрымаць будаўнічую спецыяльнасць, стаў электрагазазваршчыкам ІV разраду. Адслужыў у войску і прыйшоў працаваць на торфабрыкетны завод. Неяк стомлены вярнуўся са змены дамоў, дзе чакалі сына вячэра, згатаваная маці, ды сур’ёзная размова з бацькам.
– Сёння да нас прыязджаў Сяргей Сяргеевіч. У Жабінцы ствараецца патрульна-паставая служба і патрэбны юнакі, згодныя яе несці. Можа, паспрабуеш сябе ў гэтай справе? – запытаўся Андрасюк-старэйшы.
Свайго ўчастковага Сяргея Мірко выдатна ведаў кожны, хто жыў у санаторыі “Буг”. Многае ад яго залежала, каб спакой панаваў на няпростым участку, дзе штодня прыбывалі госці, лічы, з усяго свету. Сяргею Сяргеевічу давяралі, да слоў ягоных прыслухоўваліся. Ад Сашы ён не патрабаваў імгненнага адказу: час маеш, каб узважыць, ды не зацягвай надта… Юнак узважыў. І прыйшоў да высновы: і сабе, і людзям будзе на карысць, калі пойдзе ў міліцыю служыць.
У раённым аддзеле ўнутраных спраў яго прыветліва сустрэў намеснік начальніка капітан міліцыі Сяргей Капусцін, ухваліў рашэнне, аднак папярэдзіў: каб стаць праваахоўнікам, патрэбна здаць фізпадрыхтоўку, прайсці гутарку ды выпрабавальны перыяд.
На працягу некалькіх месяцаў, яшчэ ў грамадзянскім адзенні, але з дзеючымі супрацоўнікамі міліцыі, давялося патруляваць вуліцы роднага горада. Стажор зарэкамендаваў сябе выдатна і ў адзін з кастрычніцкіх дзён 1998 года пачуў у тэлефоннай трубцы знаёмы голас намесніка начальніка РАУС:
– Ну што, Аляксандр, ідзеш да нас, не перадумаў? Гатоў служыць?
Адказаў коратка, як і належыць чалавеку ў пагонах:
– Гатовы! – І ўжо на наступны дзень апрануў міліцэйскае абмундзіраванне.
Крок другі: будзённыя святы
ДЛЯ АЛЯКСАНДРА АНДРАСЮКА і ягоных таварышаў з патрульна-паставой службы ўсе святочныя дні, насычаныя масавымі мерапрыемствамі, прысвечаны службе. Калі ў грамадзян радаснае свята, у людзей у міліцэйскай форме будні.
У самым пачатку службы Аляксандра ў ППС здарыўся выпадак. Звярнуўся мужчына. У самым цэнтры Жабінкі, на вуліцы Леніна, да яго падышоў невядомы маладзён, папрасіў цыгарэту. Не паспеў мужчына паднесці руку да кішэні, як снопам паваліўся на снег і страціў прытомнасць. Ачуняў ад болю і холаду, распрануты. Рукі, твар у крыві – вынік моцнага ўдару. Андрасюк разам са сваім настаўнікам у міліцэйскай справе Мікалаем Кузьмуком дасканала апыталі пацярпелага. Хоць той і бачыў ліхадзея лічаныя імгненні, ды паспеў запомніць ягоныя прыкметы – рост, колер валасоў, вопратку. Міліцыянеры разважылі: перш-наперш праверым месцы, дзе ў начную пару ракою льецца спіртное. Не губляючы ні хвіліны, па гарачых слядах у адным з бараў на вуліцы Кірава затрымалі ў падвале маладога жабінкаўца, падобнага па прыкметах. Як пачалі выводзіць з памяшкання, з-пад крыса злачынцы выпала куртка пацярпелага. Праваахоўнікі заўважылі і тое, што на руках затрыманага сляды крыві.
Гэта была першая злачынная справа, раскрытая з удзелам Андрасюка. За ёй было яшчэ нямала пад час амаль двухгадовай службы ў ППС.
Трэці крок – за спакой на дарогах
УСЕ МЫ ЎДЗЕЛЬНІКІ дарожнага руху: нехта – пешшу, іншы – з абаранкам, а найчасцей і нагамі, і на колах рухаемся па жыццёвай дарозе. Каб не абарвалася яна заўчасна, трагічна, многае залежыць ад супрацоўнікаў ДАІ. У іх кола Аляксандр Андрасюк уліўся ў 2000-ым. Прапанову атрымаў ад тагачаснага начальніка Дзяржаўтаінспекцыі Аляксандра Барысавіча Семенюка. Даў згоду стаць інспектарам дарожна-патрульнай службы і не пашкадаваў, бо адкрываліся новыя гарызонты ў службе, таксама вельмі карысныя лю-дзям.
У памяці захаваўся выпадак. З сённяшнім начальнікам ДАІ, а тады інспектарам Андрэем Мядзведзем давялося несці службу на пункце спагнання дарожных збораў у Федзькавічах. Андрасюк кантраляваў праезд транспарту, каб выяўляць парушальнікаў. Раптам заўважыў іншамарку, што неяк надта павольна рухалася ў накірунку Брэста. Як толькі машына параўнялася з інспектарам, раптоўна рэзка спынілася, з яе выскачыў перапалоханы кіроўца і пачаў узбуджана гаварыць:
– У мяне ў салоне – бандыт. Ён ужо чатыры гадзіны прымушае мяне, пагражаючы нажом, вазіць яго.
Рэакцыя спрацавала імгненна. Лічаныя крокі, што аддзялялі яго ад аўто, Аляксандр пераадолеў надзвычай хутка, расчыніў дзверы і ўбачыў нецвярозага мужчыну, выцягнуў яго з салона. У той самы час нешта нядобрае заўважыў і Мядзведзь, які кінуўся дапамагаць таварышу. Разам даставілі зламысніка ў пакой міліцыі, абшукалі і ў халяве бота знайшлі доўгі нож. Злачынцу чакала заслужанае пакаранне, вынесенае судом, а інспектараў – шчырыя словы падзякі ад чалавека, якому яны, магчыма, выратавалі жыццё.
Крок чацвёрты:
на варце маёмасці
ПРАЗ ДВА З ПАЛОВАЮ ГАДЫ ў сувязі з рэарганізацыяй ДАІ Аляксандр Андрасюк перавёўся ў Жабінкаўскі аддзел Дэпартамента аховы МУС Беларусі, якому прысвяціў больш за дзесяць гадоў. Прайшоў па службовай лесвіцы цярністую дарогу ад радавога міліцыянера, што непасрэдна займаецца аховай аб’ектаў, тэрыторыі, маршрутаў патрулявання, да камандзіра аддзялення аховы цукровага завода. У ягоным падпарадкаванні было дзевяць чалавек, якія ахоўвалі вялікую тэрыторыю найбуйнейшага прадпрыемства Жабінкаўшчыны. Яны былі сапраўднай пагрозай для раскрадальнікаў заводскай маёмасці і прадукцыі.
Неўзабаве Аляксандра Андрасюка прызначылі на першую афіцэрскую пасаду – намесніка камандзіра ўзвода міліцыі. Гэта адбылося ў 2011-ым. Упершыню на ягоных пагонах зазіхацелі зоркі, пакуль маленькія і па адной. Затое атрымаў іх малодшы лейтэнант міліцыі Андрасюк у сталіцы, у Дэпартаменце аховы Рэспублікі Беларусь з рук палкоўніка міліцыі Сяргея Буйноўскага. Прычым, уручаючы пагоны, той амаль па-братэрску павітаўся:
– Ну, добры дзень, зямляк!
Сяргей Аляксандравіч, як высветлілася, нейкі час служыў у Жабінцы, таму й асабліва ўзрадаваўся, як даведаўся, што афіцэр з тых краёў.
Зразумела, спраў прыбавілася. Цяпер Аляксандру даводзілася адказваць не толькі за асабовы склад, але і за аўтатранспарт, навучанне міліцыянераў раённага аддзела Дэпартамента аховы. Падабаліся заняткі з кінолагамі, асабліва калі таленавітымі былі абодва – і міліцыянер, і ягоны верны сабака.
Дасюль Андрасюк захоўвае добрыя прафесійныя і сяброўскія стасункі з супрацоўнікамі Дэпартамента, якім выказвае шчырую сваю падзяку.
Крок пяты – каб спыніць “дурман”
ЧАС ЛЯЦІЦЬ, калі справамі напоўнены. Служба прыносіць неацэнны вопыт і, вядома ж, чарговыя званні. Зорак ужо па чатыры на кожным пагоне, змянілася і месца службы. Зараз капітан Андрасюк – оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі аддзела ўнутраных спраў Жабінкаўскага райвыканкама.
Аднойчы (было гэта амаль чатыры гады таму) Аляксандр Андрасюк звярнуўся з просьбай аб пераводзе да тагачаснага начальніка РАУС падпалкоўніка міліцыі Уладзіміра Барысюка. Той адказаў адразу:
– Мы цябе возьмем. Абавязкова. Такія спецыялісты нам патрэбныя. – І слова сваё стрымаў.
Калі адбываўся перавод, Аляксандр яшчэ не вызначыўся канчаткова, якой справе прысвяціць сябе канкрэтна. Падказку атрымаў ад першага намесніка начальніка РАУС, які сёння ўзначальвае райаддзел міліцыі, Андрэя Лаготы:
– Паспрабуй сябе ў крымінальным вышуку, думаю, у цябе павінна атрымацца.
Словы былі пачуты і ўспрыняты станоўча. Так з 1 ліпеня 2013 года Аляксандр Андрасюк прыйшоў у вышук. Сярод шматлікіх абавязкаў і спраў адзін з найбольш важных накірункаў дзейнасці – выяўленне злачынстваў па лініі незаконнага абароту наркотыкаў.
– Нярэдка даводзіцца сутыкацца з людзьмі, залежнымі ад “зелля” і “дурману”, – гаворыць Аляксандр Анатольевіч. – На жаль, з году ў год узровень “рабства”, у якое трапляюць такія асобы, узрастае. Вельмі балюча, што сярод іх досыць шмат маладых. Гэта звязана з так званымі сінтэтычнымі наркотыкамі, такімі, як “спайсы”, “маркі” ды іншымі, што прыводзяць да моцнай залежнасці, якая развіваецца нават ад адзінкавага ўжывання. Сярод жыхароў Жабінкі і раёна нямала асоб, асуджаных паводле артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь за захаванне і выкарыстанне наркатычных і псіхатропных рэчываў.
Адно з першых затрыманняў адбылося напрыканцы 2014 года. У двары ўласнага дома быў узяты пад варту жабінкавец, які хаваў і ўжываў марыхуану. Аднак, паколькі раней не быў пад судом, атрымаў пакаранне без накіравання ў папраўчыя ўстановы. З тае пары нямала падобных эпізодаў можа згадаць Аляксандр Андрасюк. Аднаго разу нават давялося прыкрыць цэлы наркатычны прытон, дзе маладыя людзі, гасцюючы ў сябра, варылі на кухні небяспечнае “зелле”.
Сёння оперупаўнаважаны кры-мінальнага вышуку звяртаецца да ўсіх жыхароў Жабінкаўшчыны:
– У Беларусі ўзмацніліся пакаранні ў адносінах да тых, хто замешаны ў незаконным абароце наркотыкаў. Гэтыя меры вымушаныя, каб наша чыстая зямля раптам не насыцілася наскрозь страшным “дурманам”. Хочацца, каб землякі ўсведамлялі гэта, ні ў якім разе не займаліся такімі справамі і не зведалі на сабе суровасць закону, а таксама захоўвалі жыццё ўласнае і тых людзей, што знаходзяцца побач.
Замест заключэння
СЁННЯ Ў ДАЧЫНЕННІ да міліцэйскай службы не ўжываецца слова “фронт”. Хоць часам праваахоўнікам і даводзіцца сам-насам ісці на ўзброенага злачынцу. Затое ў адносінах да тых, хто чакае мужа і бацьку са службы, упэўнена гаворым “тыл” і цешымся, калі ён надзейны.
Аляксандру Андрасюку пашчасціла – тыл ягоны надзейны. З нецярплівай радасцю кожны раз сустракаюць яго са службы жонка Ніна і дзеці Таня ды Глеб.
…Капітан міліцыі здымае кіцель. Сёння ўсё спакойна. Вось ужо і дома.
Ён робіць крок у накірунку родных, каб прыняць іх у свае абдымкі. Гэты шосты крок, можа, самы важны ў жыцці, дзе святы і будні даўно перамешаныя.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 23%
жыццё раставит усё на сваё месца