Удзячнасць ад усяго сэрца

Удзячнасць ад усяго сэрца

 

i (1)Паважаная рэдакцыя!

 

Мяне завуць Алена Вітальеўна Філіпчанка. Я пенсіянерка, але пакуль яшчэ працую, таму нядаўна атрымала ў родным Беларускім навукова-тэхнічным універсітэце па прафсаюзнай лініі пуцёўку ў санаторый “Буг”, што знаходзіцца на тэрыторыі вашага раёна. Вядома, хацелася падтрымаць здароўе, падлячыцца, прыняць фізіятэрапеўтычныя працэдуры, проста адпачыць у гаючым сасновым бары.

Пуцёўка была на 18 дзён. Аднак, калі ўжо амаль прыйшоў час пакаваць рэчы і трошкі засумавала па доме, надарылася нечаканая непрыемнасць. Хоць і непрыемнасцю гэты мой стан было назваць цяжка: раптоўна адбыўся сардэчны прыступ. Прайшла мо гадзіна пасля вячэры, як адчула сябе дрэнна. У мяне даўно павышаны артэрыяльны ціск, таму адразу падумала, што зноў праблемы з ім. Звярнулася да дзяжурнай медсястры, тая памерала ціск і хуценька выклікала дзяжурнага ўрача (на жаль, у тыя імгненні мне было зусім не да таго, каб запытаць імёны медыкаў, якія аказалі першую дапамогу, але ўдзячная ім вельмі!) Урач санаторыя даў каманду правесці абследаванне, зрабіць ін’екцыю, каб падтрымаць сэрца, якое, як гаворыцца, няроўна білася. Выклікалі адначасова хуткую дапамогу з Жабінкі. Нават не чакала, што карэта так хутка даедзе да нас, бо была на выкліках у суседніх вёсках. Аднак ужо праз лічаныя хвіліны я апынулася ў надзейных руках фельчара Наталлі Аляксандраўны Дзмітрук. Яе імя даведалася потым, ужо знаходзячыся ў райбальніцы, а тады запомніліся яе чулыя адносіны да мяне, усю дарогу ад санаторыя да бальніцы жанчына-медык уважліва назірала за сваёй пацыенткай, пакуль не перадала дзяжурнай брыгадзе, якую ўзначальвала Ганна Мікалаеўна Кірылюк. Пасля першаснага агляду жабінкаўскія медыкі вырашылі змясціць мяне ў рэанімацыйнае аддзяленне (загадчык Алег Яўгенавіч Кузько).

Цяпер я вярнулася дамоў. Стан майго сэрца нармалізаваўся. Як трошкі прыйшла ў сябе, між волі згадаліся цудоўныя людзі ў белых халатах, якія, магчыма, выратавалі мне жыццё. Ад усяго сэрца, якое цяпер не баліць, выказваю падзяку жабікаўскім урачам, што ратавалі мяне. Акрамя вышэй названых, гэта Юрый Уладзіміравіч Сідорка і Святлана Міхайлаўна Дубоўская. Не меншай павагі і ўдзячнасці заслугоўваюць таксама медсёстры і санітаркі, што і днём, і ноччу на варце нашага здароўя. Ведаеце, напрыканцы скажу нават: жыць хочацца, калі за табою назіраюць у любові і суперажыванні! Гэта прыдае сілы і надзею, каб здаравець.

Алена ФІЛІПЧАНКА, г. Мінск.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top