Махлярствы з пластыкавымі карткамі

Махлярствы з пластыкавымі карткамі

фемидаУсуда

Ніхто не стане аспрэчваць той факт, што тэхніка ў ХХІ стагоддзі зрабіла крок далёка наперад. Прыйшла яна і ў наша паўсядзённае жыццё. Перавагі відавочныя. Напрыклад, не трэба, як было да гэтага, стаяць у чарзе ля касы, каб атрымаць заробленыя грошы. У бухгалтэрыі вам пералічаць іх на пластыкавую картку і яшчэ папярэдзяць, што інфармацыяй пра яе нельга ні з кім дзяліцца, бо могуць знайсціся нейкія нядобразычліўцы, якім захочацца пакарыстацца вашымі грашыма… Нядаўна ў раёне адбылася чарговая крымінальная гісторыя з удзелам такой асобы.
Святлана Н. працуе ветэрынарным фельчарам на свінаводчым комплексе ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, які размяшчаецца ў вёсцы Сычова. Знайшоўшы магчымасць, яна на працягу трох месяцаў здзяйсняла крадзеж грашовых сродкаў з картак пяці работнікаў, не засмучала яе нават тое, што даводзілася працаваць з імі поруч. Такім чынам усяго было ўкрадзена 1588 рублёў 81 капейка. Здабытыя грошы зладзейка, не ўлічваючы аплаты розных паслуг, траціла выключна на сябе, свае патрэбы – такія, як купля адзення, прадуктаў харчавання ды іншае.
Як жа маглі трапіць усе да-дзеныя да чалавека, нячыстага на руку? Святлана патлумачыла суду, што звесткі аб логінах, паролях і сеансавых ключах яна падгледзела ў асабістых рэчах работнікаў. Яны, прыходзячы на працу на свінакомплекс, пакідалі сваё адзенне, сумкі, а ў іх – шмат цікавай для злодзея інфармацыі. Жанчына неабходныя дадзеныя фатаграфала на свой мабільны тэлефон “Эл Джы”, а далей, як гаворыцца, патрабавалася толькі спрытнасць рук.
Яна мела магчымасць красці грашовыя сродкі з чужых картак, выкарыстоўваючы ноўтбук “Асер” і названы ўжо мабільны тэлефон, праз сетку інтэрнэт, шляхам уваходу ў сістэму “Інтэрнэт-банкінг” ААТ “Белаграпрамбанк”. Здабытыя грошы жанчына пераводзіла на сваю банкаўскую карту, аплачвала паслугі мабільнай сувязі сваіх маці і бацькі, а таксама блізкіх знаёмых.
Чаму ж гэтак доўга не ўдавалася раскрыць зламысніцу? Па-першае, свае махінацыі Святлана Н. ажыццяўляла не толькі на Жабінкаўшчыне, а яшчэ ў шасці раёнах Брэсцкай вобласці, курсіруючы ад Брэста і ажно да Лунінца ўключна. Па-другое, не ўсе пацярпелыя звярталі ўвагу, што з іх банкаўскіх карт знікалі грошы. Напрыклад, Аліне Л. стала вядома пра злачынства толькі тады, калі жанчыне пра тое сказаў следчы.
Ірына Л. ды Настасся К. раней выявілі недастачу на сваіх банкаўскіх картках, і Святлана разлічылася з імі. Падобнае здарылася і з Валянцінам С. 2 мая мінулага года ён знаходзіўся на рабочым месцы, калі на тэлефон прыйшло паведамленне аб тым, што з яго банкаўскай карты на другую пераведзены грошы ў суме 203 тысячы недэнамінаваных рублёў. Ён сказаў пра гэта Святлане, якая сядзела на прахадной у якасці дзённага вартаўніка, і аб’явіў, што пойдзе разбірацца ў банк. “Гэта банкаўская памылка, – адказала жанчына. – У мяне такое таксама было. Дык да вечара грошы перавялі назад”. І сапраўды, у той жа дзень нават большая сума – 206 тысяч рублёў – была вернута на Валянцінаву карту…
У судзе Святлана Н. поўнасцю прызнала сваю віну і раскаялася ў здзейсненым. Яна кампенсавала ўжо ўсе страты пацярпелым. У жанчыны на ўтрыманні малагадовае дзіця. Яна мае пастаяннае месца жыхарства і працы.
Суд прызнаў яе вінаватай у крадзяжы маёмасці шляхам увядзення ў камп’ютарную сістэму фальшывай інфармацыі, што спалучалася з несанкцыянаваным доступам да камп’ютарнай інфармацыі і на аснове часткі 2 артыкула 212 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь вынес пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін у два гады без накіравання ў выпраўленчыя ўстановы адкрытага тыпу, без пазбаўлення права займаць пэўныя пасады або выконваць пэўную працу.
А таксама, на аснове часткі 6 артыкула 61 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прымяніў спецыяльную канфіскацыю: на карысць дзяржавы былі забраныя прылады здзяйснення злачынства – ноўтбук “Асер” і мабільны тэлефон “Эл Джы”, з дапамогай якіх жанчына здзяйсняла свае супрацьпраўныя дзеянні.
Віктар НОВІК, старшыня суда Жабінкаўскага раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top