Нарошчваць аб’ёмы вытворчасці, зніжаць затраты, аптымізаваць колькасць працаўнікоў

Нарошчваць аб’ёмы вытворчасці, зніжаць затраты, аптымізаваць колькасць працаўнікоў

IMG_4723 IMG_4736 IMG_4756 IMG_4812

17 лютага быў праведзены актыў органаў выканаўчай улады і гаспадарчых кадраў раёна. З дакладам на ім выступіў старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі. У абмеркаванні справаздачы ўдзельнічалі дырэктар ААТ “Арэпічы” Павел Шыдловіч, дырэкатар ДУА “Ленінская сярэдняя школа” Ірына Гурская, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Надзея Шосцік, галоўны інжынер ААТ “Торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскі” Аляксандр Сялецкі, дырэктар КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” Генадзь Камянец, старшыня Ракітніцкага сельвыканкама Уладзімір Дземідзюк.
У рабоце актыву прыняў удзел і выступіў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў.
Сяргей Дзмітрыевіч узнагародзіў Ганаровай граматай абласнога Савета дэпутатаў дырэктара Жабінкаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Раісу Мышкавец за дасягненне высокіх паказчыкаў у рабоце ў 2016 годзе і значны асабісты ўклад у развіццё сацыяльнага забеспячэння ў раёне.
З гэтага моманту, якім завяршылася афіцыйная частка работы актыву, пачалося ўзнагароджванне лепшых работнікаў раёна. У прыватнасці, Лісты падзякі Жабінкаўскага раённага выканаўчага камітэта занесеным у Галерэю працоўнай славы за дасягненне высокіх паказчыкаў у розных галінах эканомікі раёна (поўны спіс іх надрукаваны ў “Сельскай праўдзе” за 4 лютага сёлетняга года) уручыў кіраўнік раёна Дзмітрый Гарадзецкі.
Дзмітрый Мікалаевіч таксама ўзнагародзіў Лістамі падзякі райвыканкама старастаў: Анатоля Ляшука з Федзькавічаў Ракітніцкага сельсавета і Уладзіміра Тарасюка з вёсак Жыцінь і Хмялёўка Сцяпанкаўскага сельсавета за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, значны асабісты ўклад у рашэнне пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва ў 2016 годзе.
Старшыня Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк узнагародзіў за перамогу ў конкурсе сярод сельскіх Саветаў дэпутатаў і органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання раёна ў рашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва па выніках работы ў мінулым годзе грашовай прэміяй у памеры 150 базавых велічынь і памятным дыпломам Хмелеўскі сельскі Савет дэпутатаў (старшыня Сяргей Прылуцкі), а таксама за першае месца грашовай прэміяй у памеры пяці базавых велічынь і памятным дыпломам старасту аграгарадка Ленінскі Алену Пратасюк; за другое месца – грашовай прэміяй у чатыры базавыя велічыні і памятным дыпломам старасту вёскі Шчэглікі Алену Каменка; за трэцяе месца – грашовай прэміяй у тры базавыя велічыні і памятным дыпломам старасту аграгарадка Азяты і хутара Мельнікі Валянціну Андрасюк.
За перамогу ў раённым аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю аховы працы ў 2016 годзе ўзнагароды ўручаў намеснік старшыні райвыканкама Максім Антанюк. Грашовымі прэміямі ў 30 базавых велічынь і Ганаровымі граматамі раённага выканаўчага камітэта былі ўзнагароджаны працоўныя калектывы Жабінкаўскай дыстанцыі пуці (начальнік Дзмітрый Бялян), СВК “Вазнясенскі” (старшыня Надзея Кандрацюк) і ФАУ “Спартыўны комплекс “Бадзёрасць” (дырэктар Вячаслаў Каўганка).
Першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Іван Міцкевіч узнагародзіў Ганаровымі дыпломамі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу за перамогу ў раённым спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі: калектыў малочнатаварнай фермы “Бусні-1000” СВК “Рагазнянскі” (брыгадзір Надзея Багрова, галоўны заатэхнік сельгаспрадпрыемства Святлана Прудзялюк). Аналагічны дыплом і сертыфікат ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” на 40 рублёў за перамогу ў раённым спаборніцтве сярод вытворцаў мяса атрымалі аператар фермы “Пшанаі” ААТ “Жабінкаўскі” Наталія Стакольская, аператар па адкорме буйной рагатай жывёлы фермы “Мацясы” СВК “Вазнясенскі” Таццяна Вайтовіч, аператар па вырошчванні рамонтных цялушак Святлана Місіюк фермы “Мышчыцы” СВК “Рагазнянскі”, аператар па вырошчванні цялят у радзільных аддзяленнях Марыя Андрасюк з фермы “Бусні-1” СВК “Рагазнянскі” і тэхнік па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы Пётр Пашкевіч з ААТ “Жабінкаўскі”.
Усім узнагароджаным музычныя падарункі паднеслі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці раёна.

 

З даклада старшыні райвыканкама
Дзмітрыя ГАРАДЗЕЦКАГА

2016 год даў старт новай пяцігадовай праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця. Нягледзячы на аб’ектыўныя цяжкасці, эканоміка раёна развівалася, дасягнуты пэўны рост практычна ва ўсіх напрамках. Па выкананні прагнозных паказчыкаў раён лепшы ў вобласці. Тэмп росту выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ і паслуг адзін з самых высокіх на Брэстчыне і склаў больш як 119 %
(у вобласці 113 %). Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі больш як 17 % і павялічылася на 6 п. п. Абодва гэтыя паказчыкі з’яўляюцца самымі высокімі сярод раёнаў вобласці.
У прамысловасці найбольшы рост выручкі дасягнуты ў ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” – 133 %, а самы нізкі ў ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” – 98 %;
у сельскай гаспадарцы ў СВК “Рагазнянскі” – 113 %, а найменшы ў ААТ “Арэпічы” – 103 %. У будаўніцтве ўсе арганізацыі знізілі яго: ДРБУ № 103 на 1,1 %, ПМК-10 на 39 %,
ПМК № 19 на 53 %.
Эканомікай раёна летась зароблена больш як 7,5 мільёна рублёў чыстага прыбытку, што на 62 % больш, чым за папярэдні год.
Колькасць стратных прадпрыемстваў летась засталася на ранейшым узроўні – 4. З найбольшай сумай чыстага прыбытку спрацавалі ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” (2,2 млн. руб.) і СВК “Рагазнянскі” (1,3 млн. руб.), з найменшай сумай ААТ “Ракітніца” (2 тыс. руб.), а з найбольшымі стратамі – ААТ “Торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскі” (-1,5 млн. руб.).
Напрыклад, у ААТ “Торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскі” пасля правядзення рэканструкцыі кацельні з пераводам яе на мясцовыя віды паліва павінны максімальна скараціцца затраты і па выніках года тут плануецца выйсці на прыбытковую працу.
ЗНАЧНУЮ РОЛЮ ў дасягненні вынікаў на Жабінкаўшчыне адыгрывае прамысловы комплекс. Летась наш раён заняў другое месца ў вобласці па тэмпах росту аб’ёмаў прамысловай прадукцыі, што склала больш як 121 % пры прагнозе – 102 % (у аб’ёмах прамысловай вытворчасці вобласці ўдзельная вага нашага рэгіёна 3,2 %).
Перад усімі прамысловымі прадпрыемствамі стаіць задача ў нарошчванні аб’ёму вытворчасці, зніжэнні ўзроўню затрат, аптымізацыі колькасці работнікаў з мэтай павелічэння прадукцыйнасці працы і забеспячэння росту заработнай платы. Работа ў зніжэнні затрат з’яўляецца зарукай паляпшэння фінансавага стану і павышэння канкурэнтаздольнасці. Трэба адзначыць, што дзяржаўная падтрымка стратным прадпрыемствам будзе аказвацца толькі ў тым выпадку, калі яно вычарпала ўсе ўласныя рэзервы пры выхадзе са складанай сітуацыі на зніжэнне затрат у вытворчасці і рэалізацыю прадукцыі.
АДНЫМ З ВАЖНЕЙШЫХ НАКІРУНКАЎ дзейнасці структурных падраздзяленняў райвыканкама, кіраўнікоў раённых арганізацый з’яўляецца прыцягненне ў эканоміку раёна замежных інвестыцый. Летась іх было прыцягнута 781 тыс. долараў ЗША. Яны забяспечаны ў першую чаргу за кошт прадпрыемстваў малога бізнесу: ІП “ЗодчийВест”, СТАА “Баума-Брест” і ТАА “Будойлит”. Наш раён адзін з чатырох рэгіёнаў Брэстчыны, якія забяспечылі выкананне гэтага паказчыку летась.
Сёлета плануецца прыцягнуць замежных інвестыцый не менш як на $ 1 мільён. Такое магчыма за кошт рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, якія ўжо ёсць і не менш як на $ 700 тысяч. Найбольш буйны з іх “Будаўніцтва адміністрацыйна-складскога будынка”, што размяшчаецца ў в. Чыжэўшчына ($ 500 тыс.)
Для заключэння новых інвестыцыйных дагавораў сфарміраваны пералік з чатырох зямельных участкаў агульнай плошчай каля 12 га, якія ў будучым будуць перададзены інвестарам.
ЭКСПАРТ, як вядома, гэта паступленне валютнай выручкі і забеспячэнне прадпрыемстваў сродкамі для закупкі новага абсталявання і сыравіны для вытворчасці прадукцыі. Ён у цэлым у раёне склаў летась амаль $ 36 мільёнаў, сальда станоўчае – амаль $ 2 мільёны. Па гэтым паказчыку мы займаем трэцяе месца на Брэстчыне.
Асноўны ўклад у экспарт
унеслі (без уліку рэспублі-канскіх арганізацый) ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, фермерскія гаспадаркі “Яквіл” і “Улас”, ПГУП “Ева-ЛэндАгратэхніка”. Прагноз па росце экспарту на сёлета 105 %
да мінулагодняга ўзроўню.
У экспарце паслуг малюнак іншы, ён знізіўся на 19 % і склаў $ 2,5 млн., а станоўчае сальда – $ 1,9 млн. (за 2015 год $ 2,7 млн.).
Прагноз росту экспарту паслуг на сёлета 104 % да ўзроўню 2016 года. Аднак папярэднія вынікі студзеня с. г. паказваюць, што падзенне іх працягваецца.
НА ЎНУТРАНЫМ спажывецкім рынку сітуацыя іншая. Рознічны тавараабарот праз усе каналы рэалізацыі за студзень-снежань 2016 года склаў амаль 53 мільёны рублёў, ці 95 % у супастаўных цэнах да адпаведнага перыяду папярэдняга года (у вобласці 97 %). На зніжэнне яго летась паўплывала як непрадуктовая, так і прадуктовая групы тавараў, хоць і прымаліся пэўныя меры ў развіцці гандлёвай інфраструктуры. Так, у кастрычніку 2016-га быў адчынены спецыялізаваны магазін “Мясная лаўка” па продажы свініны ўласнай вытворчасці камбікормавага завода. На жаль, не ўдалося спыніць зніжэння тавараабароту.
Асноўныя накірункі ў развіцці ўнутранага гандлю вызначаны і будуць выконвацца ў рамках мерапрыемстваў Брэсцкай вобласці на 2016-2020 гады, зацверджаных рашэннем Брэсцкага аблвыканкама. У выніку за кошт рэалізацыі іх мы абавязаны забяспечыць рост рознічнага тавараабароту праз усе каналы рэалізацыі на ўзроўні 102,3 %. Гэта будзе забяспечана таксама за кошт прыросту гандлёвых плошчаў (адкрыцця чатырох магазінаў): ГУП “Санта Рытэйл”, Брэсцкай міжраённай гандлёвай базы ў в. Шчэглікі, ТАА “Будойлит”, “БудМаркет”; адкрыцця на пляцоўках філіяла “Жабінкаўскі” фірменых секцый вытворцаў непрадуктовых тавараў, такіх, як “Марка”, “Шагавіта”, “Світанак”, “Камінтэрн”, “Брэстгазаапарат”, інш.
АД СТАНУ ўсёй эканомікі залежыць у першую чаргу занятасць насельніцтва і заробак. На рынку працы сітуацыя ў нас кантралюецца. Летась на 144 чалавекі павялічылася колькасць занятых у эканоміцы. На прадпрыемствах і ў арганізацыях працуе 9917 чалавек. Узровень беспрацоўя ў раёне складае 0,6 % пры сярэднім абласным 1,1 %. Асаблівая ўвага нададзена працоўным адносінам і аплаце працы. За 2016 год сярэдні заробак у раёне ў цэлым склаў 627 рублёў, а ў бюджэтнай сферы 478 рублёў. Дынаміка яго росту назіраецца на ўсіх прадпрыемствах і арганізацыях Жабінкаўшчыны. Паводле ўзроўню заработнай платы за снежань мінулага года наш рэгіён на другім месцы ў вобласці і на чацвёртым – сярод раёнаў краіны. Цяпер галоўная задача – гэта дасягненне ў рэспубліцы да канца 2017 года сярэднемесячнай заработнай платы ў памеры 500 долараў ЗША ў эквіваленце.
Мы паставілі перад сабой задачу стварыць у раёне ў 2017 годзе 80 рабочых месцаў за кошт новых прадпрыемстваў і вытворчасцей. Доля малых і сярэдніх прадпрыемстваў цяпер складае 47 %. На іх працуе 1360 чалавек, ці 14 % занятых у эканоміцы, і фарміруецца 11 % мясцовага бюджэту. Летась было ўтворана 14 новых малых прадпрыемстваў пры заданні 5.
ПАВОДЛЕ ЛЕТАШНІХ ВЫНІКАЎ у сферы малога прадпрымальніцтва з найлепшага боку можна адзначыць дзейнасць прыватнага прадпрыемства “Ева-ЛэндАгратэхніка”, дырэктар якога Ігар Манчак. Экспарт тавараў тут склаў $ 666 тыс., што больш як 32 % усяго экспарту рэгіёна па прадпрыемствах мясцовага і бязведамаснага падпарадкавання. ТАА “Аграстыль” (дырэктар Дзмітрый Ніканчук) ажыццяўляе будаўніча-мантажныя і пуска-наладачныя работы зернесховішчаў і зернесушыльных комплексаў па ўсёй краіне. Фермерская гаспадарка “Яквіл” (кіраўнік Людміла Якаўчук) спецыялізуецца на вырошчванні садавіны і ягад. На долю гаспадаркі прыходзіцца 63 % паступленняў у бю-джэт ад фермерскіх гаспадарак раёна. Тут рэалізуецца ўласная прадукцыя на экспарт, развіваюцца новыя накірункі дзейнасці. Наша задача – падтрымаць прадпрымальніцкую ініцыятыву.
ВАЖНУЮ РОЛЮ ў эканоміцы раёна адыгрывае сельская гаспадарка. Мінулы год быў няпростым праз умовы надвор’я, але ў той жа час намі дасягнуты самы высокі ў вобласці тэмп росту вытворчасці валавой прадукцыі – амаль 120 % пры сярэднеабласным 108 %. Яе выраблена на 69,3 млн. руб. Вядучае месца традыцыйна займае жывёлагадоўля, доля якой 70 %. Хоць раён выканаў заданне па тэмпах росту валавой сельгаспрадукцыі, летась адбылося зніжэнне аб’ёмаў вытворчасці яе на суму больш як 3 мільёны рублёў, аб’ём вытворчасці малака знізіўся на 2,4 % да ўзроўню 2015 года і склаў 56 тысяч тон. Недаатрымана 1350 тон яго на 580 тысяч рублёў. Павялічана вытворчасць малака толькі ў ААТ “Хмелева” і “Арэпічы”, СВК “Вазнясенскі”. Прадуктыўнасць дойнага статка летась была зніжана на 117 кілаграмаў і склала 5922 кілаграмы. Звыш 6 тыс. кілаграмаў малака надоена ў ААТ “Хмелева” і “Арэпічы”, а звыш 7 тысяч кілаграмаў – у СВК “Вазнясенскі” і “Рагазнянскі”.
Калі ў малочнай жывёлагадоўлі праведзена вялікая работа па мадэрнізацыі вытворчасці, то працэс вырошчвання маладняку БРЖ застаўся на ранейшым узроўні. Шмат разоў гаварылася пра вырошчванне цялят, але па-ранейшаму работа ў стварэнні аптымальных умоў і захаванні рэгламентаў наперадзе яшчэ вялікая.
Задачы развіцця раёна на бліжэйшую перспектыву знайшлі адлюстраванне ў Комплексе мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы развіцця аграрнага бізнесу ў раёне на 2016-2020 гады. У сельскай гаспадарцы сёлета неабходна захаваць дасягнуты ўзровень у вытворчасці травяных кармоў, забяспечыць вытворчасць зерневых і зернебабовых культур на ўзроўні 55,6 тысячы тон (супраць 55 тысяч тон летась), каб мець магчымасць выдаткаваць на корм каля 41 тысячы тон збожжа, цукровых буракоў плануецца вырасціць 69 тысяч тон, рапсу – 4,8 тыс., бульбы – 4,1 тыс. тон. Для стопрацэнтнага забеспячэння грамадскага статка кармамі неабходна нарыхтаваць 72 тысячы тон кармавых адзінак: 6,5 тыс. сена, 88 тыс. сенажу і 158 тыс. тон сіласу. Згодна з даведзеным аблвыканкамам заданнем плануецца павялічыць аб’ём вытворчасці малака на 5 % да мінулага года. З мэтай павышэння яго прыбытковасці прадугле-джана рэалізаваць на перапрацоўчыя прадпрыемствы вобласці гатункам “экстра” не менш як 55 %. Але мы, жабінкаўцы, ставім перад сабой больш высокія задачы. Неабходна захаваць дынаміку росту вытворчасці малака, якая склалася сёлета ў студзені-лютым, што дасць магчымасць павялічыць валавую вытворчасць яго па выніках года на 9 %, забяспечыць таварнасць на ўзроўні 92 % і рэалізаваць гатункам “экстра” не менш як 75 %.
МІНУЛЫ ГОД быў няпростым для будаўнічага комплексу раёна. Ва ўмовах скарачэння льготнага крэдытавання, зніжэння інвестыцыйнай актыўнасці нашы арганізацыі вучыліся працаваць па-новаму. Аднак асноўная задача – будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю запланаваных аб’ектаў выканана. Уве-дзена ў эксплуатацыю больш як 14 тысяч квадратных метраў жылля (141 % да задання). Будаўнікі Жабінкаўшчыны спрацавалі без страт. Усе забяспечылі сваю фінансава-гаспадарчую дзейнасць, своечасовую выплату зарплаты, захавалі працоўныя калектывы. Праўда, чысты прыбытак зменшыўся ў ДРБУ № 103 на 23 %, ПМК № 19 – на 45 %.
Сёлета задачы ў будаўнікоў больш напружаныя. Тэмп росту будаўніча-мантажных работ трэба захаваць на ўзроўні 103 % да 2016 года. РУП “Брэстэнерга” запланавала распрацаваць дакументацыю па рэканструкцыі падстанцыі Жабінка. У студзені-лютым райвыканкамам сумесна з КУП “Брэстжылбуд” вырашана пытанне крэдытавання 25 шматдзетных сем’яў на будаўніцтва долевага жылля. На кантроль узята пытанне будаўніцтва сацыяльнага жылога дома за кошт кітайскіх крэдытаў, што дазволіць забяспечыць жыллём 36 дзяцей-сірот і чатыры сям’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў.
ШЭРАГ ПРАБЛЕМ выяўлены летась на прадпрыемстве ЖКГ. З даведзеных 22 паказчыкаў не выкананы 4 (планава-разліковыя цэны ў вывазе цвёрдых камунальных адходаў, чысты прыбытак, рэнтабельнасць, удзельныя нормы па электраэнергіі на каналізацыю). У выніку жыллёва-камунальная гаспадарка завяршыла год са стратамі – 52,6 тысячы руб. Праца па выпраўленні сітуацыі пачалася яшчэ летась. Камунальнай гаспадаркай перагледжаны нормы па электраэнергіі, аптымізавана работа лазняў, за кошт аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў закуплены кантэйнеры для іх паасобнага збору і смеццявоз, які паступіць у другім квартале. Зроблены таксама першыя крокі па прыцягненні грантаў. Сумесна з польскім бокам пададзены заяўкі на атрыманне фінансавання для будаўніцтва ачышчальных збудаванняў, сетак каналізацыі кварталаў “Паўднёвы” і “Усходні”. У другім квартале будзе вядома пра вынікі прапаноў па грантах за кошт ЕС.
Ва ўсіх галінах сацыяльнай сферы летась выкананы дзяржаўныя стандарты.
З 1 студзеня па прынцыпе ўрача агульнай практыкі працуюць усе сельскія амбулаторыі. На працягу года плануецца дааснасціць іх неабходным абсталяваннем. У ахове здароўя прадоўжыцца пашырэнне аб’ёмаў платных медыцынскіх паслуг, найперш за кошт медыцынскага страхавання работнікаў буйных прадпрыемстваў (ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” і “Жабінкаўскі камбікормавы завод”), а таксама грамадзян Расіі, якія адпачываюць у санаторыях “Буг” і “Надзея” (лабараторныя даследаванні і УЗІ).
У АДУКАЦЫІ ўсё больш запатрабаваным у школах з’яўляецца профільнае навучанне: 53 % вучняў 10-11 класаў займаюцца ў профільных класах. Абнаўляецца і папаўняецца вучэбна-матэрыяльная база. Прадоўжым аснашчаць вучэбныя кабінеты хіміі і працоўнага навучання сучаснымі сродкамі і абсталяваннем. Значныя фінансавыя выдаткі зроблены на рамонт асвятлення ў кабінетах. Летам будзе праведзены капітальны рамонт харчблока СШ № 3 Жабінкі, а таксама плануецца ўзнавіць вонкавае асвятленне на тэрыторыі школы.
Выклікае трывогу павелічэнне дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Летась такімі прызнаны 101 непаўнагадовы з 46 сем’яў. 15 непаўнагадовых атрымалі статус сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Для нашага раёна гэта вельмі многа, таму неабходна сур’ёзная праца па ўладкаванні хлопчыкаў і дзяўчынак на сямейныя формы выхавання.
Задачы, якія нам неабходна вырашаць сёлета, сапраўды няпростыя. Выніковасць іх залежыць ад добра прадуманых рашэнняў, зладжанай дзейнасці органаў улады, працоўных калектываў і грамадскасці.

 

Выступленні ў спрэчках

Генадзь Камянец, дырэктар КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ”:
– Сёлета перад нашым прадпрыемствам стаіць задача адрамантаваць практычна ўсе аб’екты ў Ленінскім перад правядзеннем там раённага свята “Дажынкі”. У тым ліку плануем вырашыць праблему якасці водазабеспячэння гэтага населенага пункта за кошт закальцоўкі існуючых тупіковых участкаў водаправода.
З бягучага года ўзнаўляецца практыка развіцця сетак водазабеспячэння і водаадвядзення ў раёнах індывідуальнай забудовы з долевым удзелам грамадзян. Так, сёлета на такіх умовах запланавана будаўніцтва сетак каналізацыі па вул. Піянерская, а сетак водазабеспячэння – квартала “Камсамольскі” і ў Федзькавічах. Таксама правядзём мадэрнізацыю ўчасткаў цеплавых сетак ад кацельняў № 4 і № 5.
Вырашаецца пытанне аб выдзяленні сродкаў з абласнога бюджэту на рамонт аб’ектаў водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі і на аўтаматызацыю работы свідравін. Атрымана папярэдняя згода на выдаткаванне 170 тысяч рублёў, што дазволіць нам поўнасцю перавесці ў аўтаматычны рэжым самыя аддаленыя і праблемныя свідравіны.
Летась было сабрана 296,3 тоны другасных матэрыяльных рэсурсаў, што ў 1,5 раза больш як у 2015 го-дзе. Работа ў гэтым накірунку будзе працягвацца і сёлета. Так, закуплены 180 еўракантэйнераў для паасобнага збору шкла, пластыку і паперы, якія будуць устаноўлены ў горадзе і яшчэ 100 – у вёсках.
Вельмі востра стаіць праблема капітальнага рамонту звыш трох дзясяткаў шматкватэрных дамоў. Сума адлічэнняў жыльцоў на капітальны рамонт за год склала 166 тысяч рублёў, а каб адрамантаваць, скажам, 48-кватэрны дом, патрэбна 248 тысяч рублёў. Без дапамогі бюджэту гэтую праблему не вырашыць.
Статус горада-спадарожніка абавязвае да развіцця інжынернай інфраструктуры горада. Так, распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя на ўзвядзенне ачышчальных збудаванняў у горадзе.
Уладзімір ДЗЕМІДЗЮК, старшыня Ракітніцкага сельсавета:
– Нямала зроблена на тэрыторыі сельсавета ў навядзенні санітарнага парадку і добраўпарадкаванні населеных пунктаў. На гэта летась было затрачана 12 тысяч рублёў, на вулічнае асвятленне – 15 тысяч рублёў. Так, напрыклад, наводзіўся парадак на могілках, высякалася кустоўе ўздоўж трасы М1 у в. Федзькавічы, каля царквы ў в. Булькова, фарбаваліся платы, рамантаваліся помнікі, устаноўлены новы ўязны знак “аграгарадок Ракітніца” з новых кампазіцыйных матэрыялаў і многае іншае.
Па-ранейшаму актыўна вядзецца індывідуальнае будаўніцтва – налічваецца звыш 300 забудоўшчыкаў. На чарзе жадаючых палепшыць жыллёвыя ўмовы стаяць 95 чалавек.
Летась з аўкцыёну прадалі 11 зямельных участкаў (атрымалі 96,7 тысячы рублёў). Будзем займацца гэтай работай і сёлета – на чарзе яшчэ 12 участкаў.
На бягучы год плануецца будаўніцтва водаправодных сетак у Федзькавічах, абуладкаванне вуліц Меліяратыўная ў Ракітніцы, Лясная ў Пятровічах. У квартале індывідуальнай жылой забудовы “Стрыганец – Паўднёвы” таксама запланавана будаўніцтва дарожнай сеткі. Таксама неабходна распрацаваць праект ушчыльнення жылой забудовы каля закладзенага храма ў Ракітніцы.
У сувязі са шматлікім будаўніцтвам індывідуальнага жылля (толькі летась у Ракітніцы адсвяткаваў наваселле 21 забудоўшчык) павялічылася колькасць школьнікаў і выхаванцаў у дзіцячых яслях-садзе ў аграгарадку. Ужо зараз яго наведваюць 98 дзяцей (пры норме 75). Таму лічу неабходным запланаваць узвядзенне прыбудовы да дзіцячага сада. Таксама жыхароў Ракітніцы хвалюе якасць пітной вады.
Павел Шыдловіч, дырэктар ААТ “Арэпічы”:
– У 2016 годзе, нягледзячы на складанасці, мы дасягнулі пэўных вынікаў. Так, пабудавалі цялятнік-прафілакторый у Арэпічах, сенасховішча, сянажную траншэю.
На адну фуражную карову атрымалі 6064 кг малака, а валавы надой павялічыўся на 68 тон і дасягнуў 3966 тон. Сярэднесутачныя прыбаўленні ў вазе БРЖ на вырошчванні і адкорме склалі 500 грамаў.
На сённяшні дзень у малочнай жывёлагадоўлі асноўная праблема – сіласна-канцэнтратная сістэма кармлення. Яна абмяжоўвае прадукцыйнасць статка, вядзе да падаражання прадукцыі, скарачае рэпрадукцыйны перыяд, змяншае выхад цялят. Таму сёлета плануем давесці нарыхтоўку сена да 330 тон, сенажу і зернесенажу – да 6600 тон. Паставілі сабе задачу перагледзець структуру кормавытворчасці і пасяўных плошчаў. Плануем пашырыць пасяўныя плошчы пад зернебабовыя да 120 га, пасеяць не менш як 200 га аднагадовых траў і 406 га пажніўных, адвезці на зерне не менш за 70 га кукурузы. Гэта дазволіць нарыхтаваць больш чым 30 ц. к. адз. на адну ўмоўную галаву і стварыць пераходзячы запас кармоў.
Мы і далей будзем нарошчваць аб’ёмы вытворчасці сельгаспрадукцыі: ставім задачу надаіць 4200 тон малака (+235 тон), павялічыць яго таварнасць да 90 працэнтаў і г.д.
Аляксандр Сялецкі, галоўны інжынер ААТ “Торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскі”:
– За мінулы год наш калектыў вырабіў 32,2 тысячы тон паліўных брыкетаў, што складае 107,3 % да плана, здабыў 25,8 тысячы тон торфу (86,0 % да плана), асвоена 3139 тысяч рублёў інвестыцый у асноўны капітал. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, работ, тавараў і паслуг склала 2698 тысяч рублёў і рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі – мінус 37,2 %.
Чаму не выканалі даведзеныя паказчыкі? Нізкі попыт насельніцтва на паліўныя брыкеты не дазволіў выкарыстаць магутнасці прадпрыемства напоўніцу. Напрыканцы года на вытворчасць паліўных брыкетаў зрасходавалі рэшткі торфу па вышэйшым сабекошце. Сушылі брыкет прыродным газам.
На бягучы год запланавана вырабіць 30 тысяч тон паліўных брыкетаў, 5 тысяч тон – “сушонкі”, здабыць 65 тысяч тон торфу, павялічыць зарплату работнікам з 358 да 442 рублёў і інш.
Ірына Гурская, дырэктар ДУА “Ленінская сярэдняя школа”:
– Наша школа намагаецца не адставаць ад тых змен, якія адбываюцца ў адукацыі. Выкладанне вучэбных прадметаў ажыццяўляецца на базавым і павышаным узроўнях, створаны ўмовы для навучання дзяцей з псіхафізічнымі асаблівасцямі развіцця.
На сённяшні дзень у нас дапамагаюць 279 вучням асвойваць веды 47 педагогаў, з якіх 22 – былыя выпускнікі, якія вярнуліся ў сцены “альма-матар”.
Нашы дзеці годна прадстаўляюць школу на алімпіядах і навукова-практычных канферэнцыях, у конкурсах. Так, толькі ў бягучым навучальным годзе “скарбонка” перамог папоўнілася 43 дыпломамі раённага ўзроўню, 10 Лістамі падзякі – абласнога. Ёсць пэўныя дасягненні і ў спартыўнай галіне.
Педагогі клапоцяцца пра здароўе дзяцей. Для гэтага створаны ўсе ўмовы. Не застаецца ўбаку і фарміраванне здаровага ладу жыцця – вядзецца прафілактыка курэння, ужывання алкаголю і наркотыкаў і г. д.
Хлопчыкі і дзяўчынкі ўдзельнічаюць у школьнай акцыі “Чысты двор”. Гэта экалагічныя суботнікі, пасадка лесу ў Пятровіцкім лясніцтве, супрацоўніцтва са Свята-Уладзімірскай царквою Чыжэўшчыны.
Традыцыйным стала ўручэнне грашовых прэмій на ўрачыстай лінейцы лепшым вучням школы, бацькі якіх працуюць у СВК “Рагазнянскі”, ААТ “Торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскі”, санаторыі “Буг”.
Надзея Шосцік, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна:
– На Жабінкаўшчыне ў апошнія гады захоўваецца стабільная эпідэмічная сітуацыя па інфекцыях, якія рэгулююцца вакцынацыяй. У нас высокі ахоп насельніцтва прафілактычнымі прышчэпкамі.
Працягваецца актыўны ўдзел жабінкаўцаў у акцыі “Бязвыплатнае донарства пачынаецца з мяне!”, што дазволіла практычна ўдвая павялічыць колькасць бязвыплатных данацый крыві ў параўнанні з папярэднім годам і ўнесці значны ўклад у эканомію бюджэтных сродкаў у сістэме аховы здароўя. Асаблівую падзяку хочацца выказаць работнікам цукровага і камбікормавага заводаў за іх актыўную жыццёвую пазіцыю і ўдзел у акцыі.
Сёлета стартавала кансультатыўна-прафілактычная акцыя “Мой выбар – жыць з пазітывам” для школьнікаў і бацькоў у межах абласнога конкурсу “Самая здаровая сям’я”. Як вядома, здароўе толькі на 10 % залежыць ад медыкаў, а на 50 % – ад ладу жыцця кожнага.
У нашым раёне праведзена вялікая работа па навядзенні парадку ў населеных пунктах, на могілках, дарогах, прыдамовых тэрыторыях. Давайце далей разам падтрымліваць імідж самага чыстага раёна Брэсцкай вобласці!
Людміла КАСКО.
Святлана КІСЛАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top