Что нужно для профилактики правонарушений?

Что нужно для профилактики правонарушений?

На пытанні нашага карэспандэнта адказвае намеснік пракурора раёна А.М.Сідарук.
— Алена Міхайлаўна, бадай, любы месяц з’яўляецца люстэркам агульнага стану законнасці і правапарадку, яго тэндэнцыі да паляпшэння ці пагаршэння. Што засведчыў студзень?
— За першы месяц гэтага года зарэгістравана 13 злачынстваў. З іх сем у горадзе: тры крадзяжы асабістай маёмасці грамадзян, адзін крадзеж грашовых сродкаў з банкаўскай карткі, адзін — шляхам злоўжывання службовым становішчам, адно злачынства — невыкананне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду, яшчэ адно — паўторнае кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення. Даволі шырокі спектр законапарушэнняў. Тое самае і ў сельсаветах. У Хмелеўскім — крадзеж злоўжываннем службовым становішчам, у Жабінкаўскім — тры крадзяжы маёмасці, у Ракітніцкім — незаконнае вырошчванне раслін, што ўтрымліваюць наркатычныя рэчывы, а таксама паўторнае кіраванне транспартным сродкам у алкагольным ап’яненні. У астатніх пяці сельсаветах злачынстваў не зарэгістравана.
Якія тэндэнцыі заўважаюцца? Па-ранейшаму шмат крадзяжоў. Іх у мінулым годзе было 81, або на 17 больш, чым залетась. Што да раскрадання дзяржаўных сродкаў за кошт службовага становішча, дык раён ужо “дасягнуў” леташняга ўзроўню: за ўвесь мінулы год былі два такія злачынствы. І гэта не можа не насцярожваць. Насцярожвае таксама работа кантралюючых органаў. Мінулагоднія праверкі не выявілі ніводнага карупцыйнага парушэння, а такія былі і, як бачыце, ёсць.
— Ці назіраюцца станоўчыя зрухі? Скажам, у прыведзенай студзеньскай зводцы няма забойства або калецтва чалавека чалавекам.
— Цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў пакуль што, сапраўды, не зарэгістравана. Наогул у апошнія тры гады іх колькасць скарачаецца. Як, дарэчы, і колькасць асобаў, што парушылі закон у п’яным стане. Падае таксама групавая злачыннасць. Зноў выяўлены п’яныя кіроўцы, прычым паўторна. З аднаго боку негатыўны факт, з другога — ён сведчыць пра тое, што ўзмацніла барацьбу з гора-кіроўцамі служба ДАІ. У 2010 годзе дзяржаўтаінспекцыя затрымала 29, тых, хто не першы раз сеў за руль нападпітку. Яны былі прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.
— Летась у раёне значна ўзрасла раскрывальнасць злачынстваў. Факт, бясспрэчна, станоўчы. І ўсё ж, напэўна, важней злачынства папярэдзіць, чым потым паспяхова яго раскрыць. Як наладжана прафілактычная работа?
— Мае значэнне тое і другое. Раскрывальнасць у мінулым годзе склала 86,9 працэнта, што з’яўляецца адным з самых высокіх паказчыкаў у вобласці. Някепскі паказчык студзеня — 83,3 працэнта. Натуральна, гэта ўплывае на прафілактычную работу. Па-першае, стрымлівае парушальніка ад паўторнага ўчынку. Па-другое, нагадвае грамадзянам пра немінучасць адказнасці перад законам. І па-трэцяе, крымінальная служба атрымлівае магчымасць лепш ведаць кола асобаў, схільных да правапарушэнняў, дапамагчы суб’ектам прафілактыкі ў іх рабоце. Параўнаем: у студзені 2010 года зрабілі злачынствы шасцёра раней асуджаных, у студзені сёлетняга — чацвёра.
Належным чынам  наладжана ўзаемадзеянне дзяржаўных і грамадскіх органаў у выкананні Закона “Аб асновах дзейнасці ў прафілактыцы правапарушэнняў”. Раз у два месяцы праводзіцца сход прадстаўнікоў райвыканкама, пракуратуры, РАУС, духавенства, на які запрашаюцца асобы, што злоўжываюць спіртнымі напоямі, не хочуць працаваць, стаяць на прафілактычным уліку і г.д. Ім прапаноўваюцца вакансіі для працаўладкавання, маральна-псіхалагічная і матэрыяльная дапамога для сацыяльнай адаптацыі. На жаль, не з усімі ўдаецца знайсці агульную мову. Некаторыя ўпарта не жадаюць пастаяннай працы і добрага заробку: для іх зручней каму-небудзь дроў накалоць, градку ўскапаць, вады нанасіць, тут жа атрымаць грошы ды накіравацца ў краму па спіртное. З такой катэгорыяй працаваць цяжка. Дамагаемся, каб чалавек сам усвядоміў неабходнасць наладзіць нармальнае жыццё.
У шэрагу сельсаветаў няблага выконваюць свае функцыі саветы грамадскіх пунктаў правапарадку. У прыватнасці, у Азяцкім і Ракітніцкім. Затое не адчуваецца роля грамадскіх пунктаў №1 і №2 у райцэнтры. Іх работа, як і іншых, знаходзіцца на кантролі ў пракуратуры, запланаваны чарговыя праверкі.
— Даводзілася, Алена Міхайлаўна, цікавіцца камісіямі барацьбы з п’янствам і алкагалізмам. Ці ёсць яны, ці няма, да канца і не разабраўся…
— На сённяшні дзень заканадаўча такіх камісій не існуе, паколькі няма нарматыўна-прававых дакументаў, якія б рэгламентавалі парадак іх утварэння і зацвярджалі б іхнія паўнамоцтвы. Распрацаваць адпаведныя палажэнні прадугледжвалася дзяржпраграмай на 2005-2010 гады, аднак гэта не ажыццявілася. Камісіі ствараюцца сельвыканкамамі, як кажуць, на добраахвотных пачатках, дакладней — на аснове палажэння далёкага 1983 года. Пытанне патрабуе вырашэння на агульнадзяржаўным узроўні, яно надзённае.
Яшчэ пра што варта сказаць. На мой погляд, слаба выконваюць свае абавязкі вясковыя старасты, у тым ліку ў прафілактыцы п’янства і алкагалізму. Каму як не ім ведаць, хто пакінуў вёску, хто прыехаў, як жыве, чаму не ладзіцца ў сям’і. Яны ўсе людзі добрыя, аднак пасіўныя: не б’юць трывогі ў сельвыканкамах, хоць дасведчаныя ў праблемах, якія ёсць у тым ці іншым доме. Надзвычай важная так званая ранняя прафілактыка, калі праблема толькі-толькі ўзнікае. “Ай, не буду здаваць чалавека”, — так думае, на жаль, не адзін са старастаў. Іх работу трэба актывізоўваць, як гэта робяць у Ракітніцкім сельскім Савеце.
Ацэньваю высока адзіныя дні прафілактыкі п’янства і сямейна-бытавых неладоў, ля вытоку якіх стаяў і немалую работу праводзіць зараз раённы аддзел унутраных спраў.
— Даўнейшыя дні прафілактыкі многім запомніліся тым, што нельга было ні грама гарэлкі купіць, ні нават піва. Затое з аптэкаў знікалі лекавыя настойкі на спірце. Такая практыка аджыла сваё?
— Так, мы ставілі пытанне, каб у гэты адзіны дзень забаранялася рэалізацыя спіртнога. Але грамадскасць не падтрымала, многія сцвярджалі, што парушаны іхнія канстытуцыйныя правы (у тым ліку права купляць што хочацца). Разам з тым дні прафілактыкі не страцілі сваёй эфектыўнасці. Наведванне вялікіх і малых прадпрыемстваў, гутаркі з гараджанамі і вяскоўцамі пра наступствы п’янства і сямейных канфліктаў, а яны завяршаюцца нярэдка панажоўшчынай і забойствамі, — справа добрая, карысная.
— Немагчыма пераацаніць ролю ўчастковых інспектараў міліцыі. Між тым у сельвыканкамаў ёсць нараканні на іх: рэдка бываюць на сваіх участках. Іх папросту не хапае ў райаддзеле?
— Не зусім так. У прынцыпе штат укамплектаваны. Стаіць зараз пытанне, каб участковы інспектар працаваў толькі на сваім адміністрацыйным участку. Але ён мае права на водпуск, на выхадныя дні, на бальнічныя лісткі, і тады яго замяняюць іншым, які гэты ўчастак ведае намнога менш, чым свой, і якому галоўнае “адбыць” тэрмін. Інстытут інспектараў, відавочна, трэба павялічыць, каб кожны з іх на сваім участку быў як у сябе дома, а таксама каб былі два-тры інспектары, якія працавалі б у прамежках часу, але добра ведалі б даручаныя ўчасткі. Гэтае пытанне актуальнае не толькі для нашага раёна. Да таго ж на Жабінкаўшчыне зараз многа маладых інспектараў, што адбіваецца на недастаткова эфектыўнай іх рабоце. Ну, і трэба больш дапытлівасці, адказнасці. Якую работу ты можаш праводзіць, калі не ведаеш, што было на тваім участку гадоў пяць-шэсць назад? Калі не кантактуеш са старшынёй сельвыканкама, іншымі кіраўнікамі? Разглядаем гэтыя пытанні з імі на канкрэтных прыкладах. А ўзоры для пераймання ёсць. Скажам. У тым, што добра пастаўлена прафілактычная работа ў Ракітніцкім сельскім Савеце, немалая заслуга былога інспектара тутэйшага адміністрацыйнага ўчастка Сяргея Паўлавіча Галоўчыка, які шмат гадоў працаваў у цесным звязку са старшынёй сельвыканкама. Зараз ён — на ўчастку Хмелеўскага сельсавета.
— У нашым раёне даволі частыя пажары, прычым нярэдка ў іх гінулі людзі. Ці дастатковая работа ў папераджэнні гэтай бяды?
— За мінулы год ад пажараў загінулі чатыры чалавекі, столькі ж было ахвяраў і ў 2009-м. Ужо сёлета, 1 і 7 студзеня, агонь забраў жыцці двух гаспадароў у Пшанаях і Сцяброве, другі з іх — інвалід першай групы. Растлумачальных гутарак з фізічна бездапаможнымі людзьмі, як і з няўдалымі сем’ямі, самі разумееце, мала. Іх дамы і кватэры павінны засяспечвацца пажарнымі апавяшчальнікамі, і не толькі аўтаномна, а з вывадам на вуліцу, яшчэ лепш — непасрэдна на пульт райаддзела надзвычайных сітуацый або міліцыі. Гэта вымагае фінансавых затратаў, аднак няма нічога даражэйшага за людскія жыцці.
— Быць у курсе спраў суб’ектаў прафілактыкі, у значнай ступені карэкціраваць іх дзейнасць пракуратуры дапамагаюць праверкі? На што звяртаеце ўвагу перш за ўсё?
— Праверкі праводзяцца на пастаяннай аснове. Яны скіраваны на выкананне Закона  “Аб асновах дзейнасці ў прафілактыцы правапарушэнняў”. Недапрацоўкі часта выяўляюцца ў рабоце сельвыканкамаў, дзе шмат фармалізму ў складанні планаў мерапрыемстваў. Як правіла, там абмяжоўваюцца агульнымі фармулёўкамі, не ўлічваюць мясцовых асаблівасцей, спецыфічных умоў і прычын, што садзейнічаюць парушэнню закона. Таму і няма мэтанакіраванай карпатлівай работы. У сувязі з гэтым мы ўносім акты рэагавання, якія абмяркоўваюцца раённай каардынацыйнай нарадай. Яе ўзначальвае пракурор раёна.
На бліжэйшы час плануецца праверка ў Ленінскім сельскім Савеце, дзе ў 2010 годзе быў значны рост злачыннасці, а таксама ў Жабінкаўскім, на тэрыторыі якога зарэгістраваны тры злачынствы ў першым месяцы гэтага года.
Гутарыў А.КАСКО.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top