День информирования прошел в Ракитнице

День информирования прошел в Ракитнице

17 лютага ракітчукі, што наведалі адміністрацыйны будынак, дзе месціцца сельсавет і кіраўніцтва ААТ “Ракітніца”, маглі, як кажуць, з першых рук атрымаць інфармацыю ад суддзі Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь Т.В.Варановіча. На сустрэчы прысутнічалі таксама намеснік старшыні райвыканкама А.С.Ануфрыюк і старшыня Ракітніцкага сельвыканкама В.М.Міклашэвіч.
Сталічны госць зазначыў, што адзіны дзень інфармавання дазваляе адказным асобам з самых высокіх кабінетаў быць бліжэй да праблем простага чалавека. Бываючы ў працоўных калектывах, можна пачуць і аператыўна адрэагаваць на праблемы, што існуюць у грамадстве.
Тэма, вызначаная на гэты раз для адзінага дня інфармавання, — новыя якасныя характарыстыкі насельніцтва Рэспублікі Беларусь (паводле вынікаў перапісу 2010 года і дэмаграфічнай праграмы на 2007-2010 гады).
З вуснаў Тадэвуша Валянцінавіча можна было пачуць цікавыя дадзеныя, што тычыліся дэмаграфічнай сітуацыі ў Беларусі.
Прывядзем толькі некалькі вельмі яскравых лічбаў.
На 1.01.2011 года нас, грамадзян незалежнай краіны, налічвалася 9481100 чалавек. Мужчын 4,4 мільёна (прыкметна менш, чым жанчын). Працаздольнае насельніцтва ў краіне складае 62%. З 10 чалавек толькі трое называюць сябе вяскоўцамі. (Дарэчы, гэтая інфармацыя выклікала пэўнае ажыўленне ў зале).
Кожны пяты жыхар Беларусі мінчанін. Насельніцтва сталіцы перавысіла 1 мільён 864 тысячы чалавек (прынамсі, не толькі якасць, але й працягласць жыцця ў Мінску найлепшая ў краіне!).
84%, згодна з перапісам, назвалі сябе беларусамі, другая па колькасці этнічная група рускія (8%), а на трэцім радку змясціліся палякі, якіх 4%. Астатнія 4% — прадстаўнікі амаль сотні нацыянальнасцяў.
Зразумелы клопат выклікае змяншэнне насельніцтва (за апошняе дзесяцігоддзе жыхароў у нас стала меней на 7%!). Прычыны вядомыя — знакаміты “відэлец” паміж колькасцю народжаных і памерлых (зараз суадносіны 11:14 на 1000 чалавек).
Трошкі здзівіла яшчэ адна лічба: 70,5 гадоў. Менавіта столькі ў сярэднім жыве сучасны беларус, аднак жанчыны, зразумела, значна пераўзыходзяць гэтую “планку”, а мужчыны да яе не дацягваюцца. Таксама значна…
Пра дэмаграфічныя праблемы, існуючыя на Жабінкаўшчыне, у гэтым кантэксце згадвала і Ала Сцяпанаўна. З яе слоў, пачынаючы з 1991 года насельніцтва раёна скарацілася на 700 чалавек. Таму прыярытэтнымі ў рабоце райвыканкама сталі захады, скіраваныя на дабрабыт сем’яў, клопат пра шматдзетных маці і пажылых людзях.
Зразумела, суддзя Канстытуцыйнага суда расказаў пра дзейнасць яго ўстановы. Прынамсі, Тадэвуш Валянцінавіч заўважыў, што патрэбна адрозніваць функцыі розных судовых інстанцый, а таму ведаць: галоўная задача Канстытуцыйнага суда — праверка заканадаўства краіны на адпаведнасць духу і літары Асноўнага закона. На ягонай варце заўсёды 12 канстытуцыйных суддзяў, якія выбіраюцца на 11 гадоў.
Адказваючы на пытанні, Т.В.Варановіч патлумачыў: за пяць гадоў у Беларусі на 20% скарацілася колькасць крымінальных спраў, а гэта сведчыць, што праваахоўная сістэма дзейнічае эфектыўна. Праблема адмены смяротнага пакарання для злачынцаў, на чым настойвае Савет Еўропы, надуманая. Па-першае на колішнім рэферэндуме народ Беларусі выказаўся супраць адмены. Па-другое, у адрозненне ад 1990-х гадоў, калі штогод выносілася да 40 смяротных прыгавораў, зараз іх колькасць скарацілася да 1-2 у год, часцей прымяняецца пажыццёвы тэрмін пакарання.
Такім чынам, за нейкую гадзіну былі ахоплены розныя бакі жыцця — ад нараджэння і да смерці. Прысутныя маглі даведацца шмат новага, задаць свае пытанні і атрымаць кваліфікаваны адказ.
А.РОСТАЎ.
На здымках: у час сустрэчы.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top