Зіма сёлета сапраўдная, снежная і марозная, у сувязі з чым пачасціліся выпадкі загаранняў жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў.
За студзень бягучага года на Брэстчыне зарэгістравана 111 пажараў, на якіх загінулі 13 чалавек. У нашым раёне на бягучы момант адбыліся 4 пажары. 7 студзеня “чырвоны певень” нарабіў бяды ў жылым доме на хутары вёскі Хадасы. Другі пажар адбыўся 18 студзеня ў жылым доме ў Жабінцы на вуліцы Леніна, 44. 24 студзеня пажарных выклікалі на адрас: Жабінкаўскі раён, в. Пруск, вул. Цэнтральная, д. 34А. Чацвёрты пажар адбыўся 13 лютага амаль у самым цэнтры Жабінкі, на вуліцы Кірава, 110 – таксама ў жылым доме.
Папярэдняя прычына ўсіх гэтых пажараў – парушэнне правілаў збудавання і эксплуатацыі печаў. У выніку загаранняў пашкоджаны чатыры будынкі, матэрыяльны ўрон склаў каля 20 тысяч рублёў.
Аналіз пажараў паказвае, што ў час ацяпляльнага сезона ўзрастае іх колькасць, таму што людзі не захоўваюць правілы пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі печаў, электраабагравальнікаў і іншых цеплагенерыруючых прылад.
Служба МНС нагадвае: каб пазбегнуць пажараў у вашых дамах, лазнях і надворных пабудовах, неабходна строга выконваць патрабаванні пажарнай бяспекі: не эксплуатаваць няспраўныя печы і самаробныя электраабагравальнікі; не ўжываць для іх распальвання лёгказагаральныя і гаручыя вадкасці, не выкарыстоўваць для ацяплення дровы, даўжыня якіх перавышае памеры топкі; не тапіць печы з адчыненымі дзверцамі; не перакальваць печы; не пакідаць без нагляду растопленыя печы і ўключаныя электраабагравальнікі; не сушыць і не складваць непасрэдна на печах і на адлегласці менш за 1,25 м ад топачных адтулін, а таксама на электракаларыферах адзенне, паліва і іншыя гаручыя рэчывы і матэрыялы.
Пры выяўленні пажару неадкладна паведаміце аб гэтым у пажарную аварыйна-выратавальную службу па тэлефоне 101.
Жабінкаўскі раённы аддзел надзвычайных сітуацый.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%