Бацькоўскім камітэтам у школах афіцыйна забаронена збіраць грошы на патрэбы навучальнай установы. Усімі фінансавымі пытаннямі цяпер будуць займацца выключна апякунскія саветы, у якія ўваходзяць настаўнікі, бацькі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Хочуць бацькі аказаць спонсарскую дапамогу школе? Калі ласка, толькі ніякіх пабораў на бацькоўскіх сходах – усе сродкі неабходна перавесці на разліковы рахунак установы адукацыі. Цяпер гэтае правіла замацавана заканадаўча – пастановай Міністэрства адукацыі Беларусі № 126. Як аднесліся да яе жабінкаўцы? Меркаванні розныя.
Алеся Рэбякеўша, старшыня бацькоўскага камітэта 4 “А” класа СШ №3:
– Калі раней бацькоўскі камітэт збіраў грошы на рамонт кабінета, у якім вучацца нашы дзеці, то мы былі ўпэўнены, што ўсе сабраныя сродкі пойдуць на паклейку шпалераў, фарбаванне падлогі, дзвярэй. Цяпер жа мы не супраць, каб пераведзеныя намі грошы апякунскі савет школы накіраваў, напрыклад, на рамонт кабінета працоўнага навучання ці на замену цюляў-штораў у калідоры ўстановы, але хацелася б, каб і ў нашым класным кабінеце было штогод утульна і прыгожа. Ды і колькі чалавек павінна ўваходзіць у апякунскі савет, каб разабрацца з усімі пераведзенымі грашыма, куды і як іх правільна накіраваць і размеркаваць?
Георгій Шкурат, настаўнік фізічнай культуры і здароўя ліцэя:
– Дзеці мае ўжо не вучацца, унукі яшчэ не вучацца, але для мяне актуальна гэтая пастанова, таму што працую ўсё жыццё ў сістэме адукацыі, маю вышэйшую катэгорыю. Грашовая дапамога бацькоў навучальнай установе – істотнае “падспор’е”. Добра, што яна ёсць, што дарослым не ўсё роўна, у якіх умовах вучацца іх дзеці. Але, калі трэба будзе гадзіну-дзве адстаяць у чарзе ў банку, каб перавесці пэўную суму на разліковы рахунак установы адукацыі, можа прапасці ўсялякая ахвота рабіць дабрачынныя справы.
Людміла Валетава, член апякунскага савета СШ №3:
– Бацькоўскі камітэт ніколі не меў права займацца зборам грашовых сродкаў на патрэбы класа або школы. Што ж тычыцца апякунскага савета, то яшчэ да прыняцця 126-й
пастановы нагрузка на яго была немалая. А зараз яна павялічыцца. Лічу, гэта палка з двума канцамі. Таму гэтае пытанне трэба было прапрацаваць больш дасканала.
Юлія, выхавальнік аднаго з дзіцячых ясляў-садоў Жабінкі:
– Як маці і чалавек, які працуе ў дзіцячым садзе, лічу, што гэтая пастанова не ўпарадкуе і размяжуе функцыі бацькоўскага камітэта і апякунскага савета, а наадварот, створыць масу нязручнасцяў. Калі тваё дзіця наведвае садзік або школу, то хочацца матэрыяльна дапамагчы гэтай установе, каб дзіцяці было камфортна і ўтульна, усяго хапала. А ісці ў банк і стаяць у чарзе пасля працоўнага дня не кожнаму захочацца.
Сродкі ад аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама нам паступаюць мізерныя. За апошнія гады менавіта бацькі нашых выхаванцаў памянялі нам мэблю ў групе, неаднаразова куплялі цацкі, развіццёвыя гульні. А зараз бацькоўскі камітэт адной з груп заявіў аб самароспуску: маўляў, грошы цяпер збіраць нельга, значыць, у бацькоўскім камітэце няма неабходнасці.
Ірына, маці дваіх дзяцей садаўскага і школьнага ўзростаў:
– Паводле пастановы Міністэрства адукацыі збіраць грошы бацькоўскі камітэт у садзіку і школе не мае права. А што атрымаецца насамрэч? Праз некалькі месяцаў дашкольнікаў і школьнікаў чакаюць выпускныя балі. Бацькі ўжо хвалююцца, хочуць, каб дзеці запомнілі гэтае свята – абмяркоўваюць, ці рабіць “салодкі” стол, якія фотаальбомы атрымаюць на памяць іх дочкі-сыночкі і г.д. Зразумела, хочацца аддзячыць выхавальнікаў і настаўнікаў падарункамі і кветкамі. Дый на бацькоўскіх сходах тактоўна намякаюць, што няблага было б падарыць дашкольнай установе швейную машынку, камп’ютар, каляровы прынтар, фотаапарат, пыласос ці тэлевізар. Думаю, бацькі як збіралі грошы, так і будуць збіраць – употай, неафіцыйна.
Апытанне правяла Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%