«Паслужы Радзіме, сын!»

«Паслужы Радзіме, сын!»

зуб2Без имени-1зуб 2

 Анатоль БЕНЗЯРУК.

 Гэтая кароткая фраза, нібыта армейская пераклічка, не першае пакаленне перадаецца ў сям’і Зубікаў. Некалі пачуў яе ад бацькі Валерый, а, як час надышоў, і сам прамовіў сыну Юрыю, што ахоўвае зараз межы роднай краіны. Напярэдадні свята абаронцаў Айчыны сустрэліся з Валерыем Канстанцінавічам, каб даведацца пра вайсковыя традыцыі ягонага роду.

– На памяць пра дзеда Сцяпана Захаравіча захаваўся толькі фотаздымак, – пачынае свой расповед суразмоўца. – На ім ён малады, за плячыма крыху больш за трыццаць. Здаецца, жыць ды жыць яшчэ… Калі б не вайна, якая многім заўчасна перарвала тое жыццё. На шчасце, род Зубікаў не перарваўся пасля гібелі Сцяпана. Бо яшчэ да вайны паспеў ажаніцца і пакінуць пасля сябе адзінага сына Канстанціна, майго бацьку.

Канстанцін Сцяпанавіч, народжаны ў 1940-ым, стаў ветэранам памежных войск. Пасля армейскай службы абудзіўся ягоны талент даследчыка: працаваў у архівах, аднавяскоўцаў апытваў, шукаючы хоць нейкія згадкі пра роднага чалавека. Аднак не шмат засталося звестак. Знік чалавек у віхуры вайны – і ўсё! Стала вядома толькі месца, дзе склаў галаву: Усходняя Прусія, горад-крэпасць Кёнігсберг. Аднак і гэта дазволіла ўнесці імя салдата на помнік у роднай вёсцы Волька паблізу Ляхавіч, дзе пералічаны 70 землякоў, што не вярнуліся з вайны. Канстанцін Зубік бацькавай памяці аказаўся верным. Меў такую павагу за службу, у час якой абараняў межы дзяржавы ў Прыбалтыцы. Нярэдка землякі клікалі яго на ўрачыстасці, звязаныя з Днём Савецкай арміі і святам Перамогі. Дасюль у сям’і як каштоўную рэліквію зберагаюць гадзіннік, гэтым падарункам Канстанцін Сцяпанавіч вельмі ганарыўся.

Ягоны сын, як надышоў час Радзіме паслужыць, трапіў у дэсант. Брыгада дыслацыравалася ў Болградзе. Калі першы раз напісаў дамоў, нехта прачытаў “Белград”, і ўсе вырашылі – служыць зямляк за мяжой, у Югаславіі. Памылка, вядома, хутка высветлілася. Бо толькі цяпер, калі Украіна стала незалежнай, той гарадок пад Адэсай апынуўся ў замежжы.

За два гады Валерыю 19 разоў давялося скакаць з парашутам з розных тыпаў самалётаў, пастаянна ўдзельнічаў у вайсковых вучэннях пад Вінніцай.

– І тады, і цяпер ганаруся сваёй службай, – гаворыць былы дэсантнік (хоць у дачыненні да гэтага роду войск слова “былы” не надта стасуецца). – Штогод на Дзень ПДВ апранаю “цельнік” і блакітны берэт. Непаўторнае адчуванне армейскага братэрства, мірнага неба над галавой, што застаецца такім дзякуючы людзям у пагонах, ніколі не пакідае. Як гляджу фільмы, слухаю песні пра дэсант, гонар у душы ўзнікае, што і я там быў, службу нёс годна…

Яна была не з лёгкіх. Вельмі хваляваўся, калі ўпершыню дэсанціраваўся. Што казаць, нават страх быў. Потым і вопыт прыйшоў. Кожная ўкладка парашута – самастойная, як зробіш яе, так сустрэнуць цябе неба і зямля. Дэсантнікі – яны ж тая самая пяхота. Толькі паветраная. Вялікая колькасць трэніровак, нарадаў, вучэнняў – нібыта нейкі заведзены механізм, у якім усё павінна быць бездакорным.

Многія з дывізіі трапілі ў Афганістан. Памятаю, як перад строем згадвалі імя старшага сяржанта Волкава, масквіча, што склаў галаву на той вайне. Пасля майго звальнення ў запас здарылася яшчэ большая трагедыя: у 1989-ым самалёт з дэсантнікамі ўпаў у мора, загінулі ўсе, хто быў на борце…

У гэтым месцы Валерый Канстанцінавіч раптоўна перарывае расповед, нават нейкія новыя ноткі пачалі гучаць у голасе:

– Аднойчы ў інтэрнэце захацеў пабачыць, як цяпер жывецца там, дзе некалі служыў. Глядзеў на знаёмыя мясціны і не пазнаваў іх. Навокал занядбанне пакінула выразныя свае сляды. Некалі ж была такая сіла, магутнасць, годнасць, а цяпер – кавыль-трава. Разваліны на месцы былога майго парашутна-дэсантнага палка… Таму і сыну кажу: служы так, каб на нашай зямлі было ўсё, як належна.

Юрыю гэтае пажаданне – добры запавет. Як і бацька, тэрміновую службу юнак праходзіў у дэсанце, цяпер служыць, як дзед калісь, у памежных войсках.

Калі сын быў у 38-й мабільнай брыгадзе, раскватараванай у горадзе над Бугам, бацька, вядома, прыехаў на ягоную прысягу. Цырымонія стала яшчэ больш запамінальнай і хвалюючай ад таго, што праходзіла ў легендарнай Брэсцкай крэпасці. Нікога не пускалі да навабранцаў, але Валерыю Канстанцінавічу настолькі хацелася сустрэцца з сынам, што прабіўся ў глыб калон.

– Усе, відаць, прынялі мяне, “узброенага” фотаапаратам і відэакамерай, за вашага брата-журналіста і моўчкі прапусцілі наперад, – усміхаецца суразмоўца. – Кожную калону зняў, ганаровы марш навабранцаў і ў самым канцы пабачыў нарэшце Юру.

Увесь час сын быў на добрым рахунку, таму й атрымаў станоўчую характарыстыку ад камандавання, што дазволіла служыць далей. цяпер ужо па кантракце. Паўгода Юрый Зубік адвучыўся ў школе прапаршчыкаў памежных войскаў і зараз працягвае несці службу ў Казловічах, на беларуска-польскай мяжы. Калі бывае ў бацькоўскім доме, згаджаецца з Валерыем Канстанцінавічам: вайсковыя будні няпростыя, але патрэбныя, бо, як казаў герой вядомай кінастужкі: “Ёсць такая прафесія – Радзіму абараняць!”

– Армія – адзін з найбольш значных інстытутаў усялякай дзяржавы, які беражэ мір і спакой на зямлі, – падводзіць рысу пад размовай Валерый Канстанцінавіч. – Вельмі важна, каб служба заставалася прэстыжнай у вачах людзей, як гэта было ў мае часы, калі, вярнуўшыся на пабыўку, пабачыў на стэндзе “Яны служаць Айчыне” свой партрэт, а як зайшоў у клуб у форме, многія адразу нават не пазналі – гэтак змяніўся, памужнеў. Але ўжо ў наступнае імгненне віталі крыкамі “ўра!”.

На здымках: у розныя часы служылі Айчыне Сцяпан, Канстанцін, Валерый ЗУБІКІ, сёння сямейную традыцыю працягвае Юрый (фота з сямейнага альбома). 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro