Як жыве і працуе абасобленая група

Як жыве і працуе абасобленая група

IMG_5015
IMG_5033IMG_5026Абасобленая група (нашага раёна) ваеннага камісарыята Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў ужо больш года працуе ў новым фармаце. Напярэдадні Дня Абаронцаў Айчыны мы пагутарылі з яе начальнікам падпалкоўнікам Аляксеем Пятровым.

Аляксей Анатольевіч нараджэнец Брэста. Закончыў Ваенную Акадэмію Рэспублікі Беларусь у 1999 годзе. Да 2013 года праходзіў службу ў войсках Заходняга аператыўнага камандавання. Потым служыў у ваенных камісарыятах Брэсцкай вобласці на розных пасадах. Апошняя перад прыходам у Жабінку – начальнік аддзела прызыву на ваенную службу ваеннага камісарыята Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў. Са снежня мінулага года прыступіў да выканання абавязкаў начальніка абасобленай групы.

– Аляксей Анатольевіч, якія задачы вырашаліся абасобленай групай летась?
– Мінулы год быў вельмі насычаны для асабістага саставу абасобленай групы. Наш калектыў прымаў актыўны ўдзел у выкананні мерапрыемстваў адпраўкі ваеннаабавязаных у вайсковыя часці Узброеных Сіл Беларусі. Паводле вынікаў работы 2015-2016 вучэбных гадоў ваенны камісарыят Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў заняў першае месца на Брэстчыне. У гэтым ёсць і пэўны ўклад калектыву нашай абасобленай групы. Былі, вядома, у гэты перыяд і штодзённыя задачы, якія выконваліся. На высокім, якасным узроўні правялі мерапрыемствы прызыву на тэрміновую ваенную службу і ў рэзерве. Сумесна з Жабінкаўскім раённым выканаўчым камітэтам была зроблена поўная пашпартызацыя вайсковых захаванняў на тэрыторыі раёна.
Акрамя гэтага, мы не забываем пра ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі, у чым нам аказваюць пэўную дапамогу прадстаўнікі раённых арганізацый Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў і ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”.
– Аляксей Анатольевіч, як вы можаце ахарактарызаваць свой калектыў?
– Магу сказаць шчыра, што з калектывам мне пашанцавала. Са мной працуюць людзі, якія ўсёй душою перажываюць за працу на сваім участку, кожны з іх прафесіянал. Гэта пацвярджаюць і вынікі нашай працы. Напрыклад, паводле вынікаў работы ў 2015-2016 вучэбных гадах вядучы спецыяліст у пытаннях улікова-прызыўной працы Аксана Уладзіміраўна Бышэвіч названа лепшым спецыялістам сярод ваенных камісарыятаў Брэстчыны. Прафесійна працуюць і вядучыя спецыялісты Аляксандр Міхайлавіч Кавальчук і Тамара Мікалаеўна Нікіцюк. Яны не шаблонна падыходзяць да вырашэння пастаўленых задач, за што неаднойчы заахвочваліся камандаваннем ваеннага камісарыята Брэсцкай вобласці.
– З якімі праблемнымі пытаннямі вы сутыкаецеся ў сваёй працы?
– Вопыт правядзення мерапрыемстваў прызыву на тэрміновую ваенную службу і ў рэзерве, а таксама адпраўкі ваеннаабавязаных на ваенныя зборы паказвае, што не ўсе грамадзяне сур’ёзна адносяцца да выканання воінскага абавязку. Так, на сённяшні дзень у пракуратуру раёна адпраўлены дакументы на дваіх людзей нашага раёна для прыняцця рашэння аб узбуджэнні крымінальнай справы за ўхіленне ваеннаабавязаных ад яўкі на зборы. Знаходзяцца на разглядзе дакументы яшчэ на аднаго жабінкаўца за ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву на тэрміновую ваенную службу. Карыстаючыся выпадкам, хацеў бы нагадаць, што ў адпаведнасці з артыкулам 57 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абарона Радзімы з’яўляецца святым абавязкам любога яе грамадзяніна.
– Вашы пажаданні напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
– 23 лютага ў нашай краіне сапраўды ўсенароднае свята, дзень моцных, мужных, цвёрдых духам людзей. Сёння хацеў бы выказаць словы асаблівай удзячнасці ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія атрымалі перамогу над фашызмам, а таксама прызнанасць воінам-інтэрнацыяналістам, якія першымі ўступілі ў буйнамаштабнае супрацьстаянне з сіламі міжнароднага тэрарызму. Дзякуй абаронцам Айчыны, хто дастойна і з гонарам выканаў і выконвае свой воінскі абавязак, забяспечвае мір, спакой і стабільнасць у нашым агульным доме.
Жадаю ўсім дабівацца пастаўленых мэтаў, не пасаваць перад цяжкасцямі, быць настойлівымі ў дасягненні прафесійнага майстэрства. Няхай мір і паразуменне пануюць у кожным доме, дзе вас любяць, цэняць і чакаюць.
Інтэрв’ю правяла Людміла ВОЛЬЧЫК.

На здымках: Аляксей Пятроў і Тамара Нікіцюк; Аксана Бышэвіч; Аляксандр Кавальчук з наведвальнікам Дзмітрыем Гарусам.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro