Беларускі сібірак

Беларускі сібірак

ПонаморевНарыс

Расціслаў БЕНЗЯРУК.

З чароўнага Усць-Чарыша

МУСІЦЬ, ПЕРШЫЯ ЛЮДЗІ, што прыйшлі на бераг паўнаводнай сібірскай ракі Об, былі зачараваны гэтымі мясцінамі. Зазвінелі-заспявалі пілы, застукалі сякеры. Адна за адной клаліся сцены з пахкай сібірскай сасны. У Алтайскім краі, на беразе Обі, узнікла паселішча, якому далі назву Усць-Чарыш. Ці звязана гэта са словамі “чары” ды “зачараванасць”, наступныя пакаленні маглі толькі гадаць.
У саракавыя гады ўжо мінулага веку, калі нарадзіўся Аляксей Панамароў, гэта было вялікае сібірскае сяло. Мясціны неапісальна прыгожыя: побач – шпаркае цячэнне Обі, выйдзеш за ваколіцу – грыбы, ягады хоць жменяй бяры, а дзічыны колькі!..
Лёнік, як называла Аляксея маці Ганна Мікалаеўна, марыў хутчэй вырасці, атрымаць прафесію, каб пайсці “ў людзі”. Юнак даведаўся, што ў вучылішчы СПТВ-12 рыхтуюць трактарыстаў-машыністаў ды кавалёў-малатабойцаў, і вырашыў атрымаць спецыяльнасць. Вучобе, дзе даводзілася мець справу з рознымі механізмамі ды агрэгатамі, хлопец аддаваўся з задавальненнем. І неўзабаве з “корачкамі” механізатара ён вярнуўся ў родны калгас “Расія”. Радавалася і маці: памочнік падрос! І сапраўды, цяпер ёй не трэба было шукаць, хто заарэ соткі, прывязе сена. Маладому механізатару выдзелілі дужы, гусенічны трактар ДТ-54. Аляксей аказаўся старанным працаўніком: у першае ж лета ад імя праўлення калгаса яму ўручылі імянны гадзіннік з надпісам: “За выдатнае ворыва!”. А ён і зямлю араў, і кармы падвозіў для жывёлы. Словам, быў руплівы.
З суседзямі і аднавяскоўцамі ладзіў, памагаў, колькі мог. Прыйшла прасіць хлопца старая Вераб’ёва (Вераб’іха па-вулічнаму) прывезці з балота сена. Бабулька – адна цень, а карміць карову трэба. Згадзіўся, вядома ж, з ахвотаю. Такую навуку атрымаў ад людзей у маладыя гады ў сваім Усць-Чарышы Аляксей, што ўсё астатняе жыццё стараўся дапамагаць кожнаму, хто чакаў ад яго гэтага.
Набліжаўся Новы год. Паслалі Панамарова прывезці сена для цялят. Выпала пераязджаць ручай, глыбокі, вірлівы, які рэдка замярзаў узімку. Каб аб’ехаць яго, патрэбна было яшчэ руліць 10-12 кіламетраў. Рашылі рызыкнуць і рушылі па лёдзе, пераехалі без прыгод. Але то парожнія, а назад рухаліся з гружанымі прычэпамі…
Толькі Аляксееў ДТ-54 выехаў на лёд, як пачаў хавацца ў ваду. Трактарыст ледзьве паспеў выскачыць. Сусед Кузьма, які ўсё бачыў, уздыхнуў і сказаў:
– Давядзецца табе, Лёня, яшчэ раз у ваду лезці!
– У гэтую, ледзяную? Што ты гаворыш?!
– Давядзецца. Інакш гадзіннік забяруць. Ды што той гадзіннік – у турму за ўтоплены трактар пасадзяць!
І прыйшлося хлопцу лезці ў сцюдзёную ваду, каб зачапіць трос…

Па Обі на “маламерцы”

У МАЛАДЫЯ ГАДЫ людзям хочацца шмат ведаць, штосьці адкрываць для сябе. Не цярпелася і Аляксею Панамарову мець нешта большае, чым мае. У Барнауле адкрылі курсы, на якіх вучылі на матарыстаў і рулявых маламерных суднаў, што бегалі па Обі. Канечне, гэта не якія-небудзь лайнеры “Кутузаў” ці “Парыжская камуна”, што выклікалі зайздрасць у хлапчукоў, але й вадзіць “маламерку”, ці, як звалі яшчэ, “бэвэшку” (БВ – буксірны вадавоз), хіба мала?!
Мабыць, не ставала рулявых ды матарыстаў, таму тыя, хто заканчваў курсы, атрымлівалі браню. Некаторыя юнакі і прыйшлі сюды вучыцца для таго, каб не ісці ў войска. Але гэта зусім не ўваходзіла ў Аляксеевы планы: ён нават не дапускаў думкі, што такім чынам можна пазбегнуць армейскай службы. Бо, як многія ў сяле, казаў: хто ў войску не служыў, не можа лічыцца паўнацэнным мужчынам.
Тэрмін вучобы “сціснулі”, і юнакоў выпусцілі раней часу. Рулявы Аляксей Панамароў вадзіў свой БВ-26 з Барнаула аж да Новасібірска. Калі плылі паўз Усць-Чарыш, даваў гудок: прывітанне, радзіма!
Тым часам Аляксею споўнілася васямнаццаць. Многія равеснікі ўжо атрымалі позвы і служылі ў арміі, а пра яго нібыта забыліся. Забіла трывогу і маці:
– Як не бяруць?! Паедзем у райцэнтр!
У ваенкамаце Ганна Мікалаеўна заявіла:
– Я не хачу, каб майго старэйшага непаўнацэнным людзі лічылі. Маёр, бяры Лёніка ў армію!
– Дык на ім – браня! – развёў рукамі ваенкам.
– А ты знайдзі “стаццю”, каб яго ўзялі. Знайдзі, каб я болей да цябе не прыходзіла.
І знайшлі.

Прыпынак у Жабінцы

У ГОРАДЗЕ АЛЕЙСК назбіралі цэлы эшалон навабранцаў з усяе акругі. Нехта з дасведчаных аб’явіў, што сібіракоў вязуць у Германію, а таму цягнік ідзе праміком у Берлін. І ў Расіі, і ў Беларусі, як цягнік спыняўся, “купцы”-афіцэры, што падыходзілі па папаўненне, набіралі групы, а поезд імчаў далей.

…Да мяжы – лічаныя кіламетры. За тыя некалькі хвілін, што спыніўся цягнік на станцыі Жабінка, выйшлі 26 навабранцаў, адабраных маёрам Зайцавым. У ліку іх і Аляксей Панамароў. Быў канец снежня, адзін з самых кароткіх дзён. Пакінулі вагон прыцемку. Навабранцаў пастроілі ў дзве шарэнгі, і маёр па бруку (асфальт яшчэ далёка не ўсюды быў пакладзены ў гора-дзе) павёў іх у невядомым напрамку. Вось абмінулі зялёны магазін і нібыта трапілі ў поле. Наперадзе, праўда, гарэў адзін ліхтар, на які і кіраваўся праважаты.
Як падышлі, вароты раптам расчыніліся, двор умясціў прыбыўшых салдат. Нава-бранцаў размясцілі ў казарме. Адбой на сон, але толькі-толькі, здаецца, заплюшчылі вочы, як пачулі загад днявальнага:
– Рота, пад’ём! Выходзь строіцца для паездкі на Кубу!
“На якую яшчэ Кубу?” – не разумелі сонныя салдаты. А ля казармы стаяла абсталяваная машына, і іх зноў некуды павезлі. Пасля выгружалі з вагонаў мяхі з цукрам. Як скончылі, усіх вярнулі на воінскую базу.
Пасля абеду да Панамарова падышоў высокі, статны стараслужачы, працягнуў руку, назваўся Георгіем і весела спытаў:
– Ну, што, пабываў “на Кубе”?
– Я нешта не разабраўся, пры чым тут Куба? – прызнаўся Аляксей.
– У нас такая традыцыя, – патлумачыў Георгій Сакольчык, – маладыя байцы пачынаюць службу з разгрузкі вагонаў, што прыбываюць на мясцовы цукровы завод з кубінскім цукрам.
Хлопцы разгаварыліся і спадабаліся адзін аднаму. Затым Георгій падвёў да стара-служачых, што згрудзіліся на спартыўнай пляцоўцы, і аб’явіў:
– Гэта мой брат!
– Непадобныя, – пачулася ў адказ.
– У нас бацькі розныя, а маці – адна! Таму, калі хто пакрыўдзіць брата майго, будзе мець справу са мною!..
А служба ішла сваім парадкам. І фізічнай падрыхтоўкі было ўдосталь, і палітычнай, і ў нарады хадзілі, і нават пару разоў у самаволку збягалі… да дзяўчат.
Было 8 сакавіка 1967 года. Мабыць, для таго, каб юнакі лепей запомнілі жаночае свята, у працоўныя калектывы разаслалі пісьмы з просьбай, падпісанай падпалкоўнікам Коцам, каб адпусцілі дзяўчат на танцы ў воінскую часць. Адна з іх і звярнула ўвагу на Аляксея. Патанцавалі адзін, другі танец, пагаварылі, дамовіліся сустрэцца пры першым звальненні Алёшы ў горад.
Адбой, і ўсе пайшлі спаць, а Панамароў – у “ленінскі пакой”, каб напісаць ліст маме, дзе расказваў, якую цудоўную дзяўчыну ён сустрэў, і аб тым, што будзе на ёй жаніцца. І тут раптам выявілася, што Аляксей нават не ведае яе імя. “Нічога, пры наступнай сустрэчы пазнаёмімся”, – вырашыў салдат.
Той “дзедаўшчыны”, пра якую можна прачытаць у аповесці Юрыя Палякова “Сто дзён да загаду”, у іх часці, дзе служылі 90 байцоў розных нацыянальнасцей, не было. Хаця стараслужачыя часам любілі пацвяліць з маладых, але Аляксей Панамароў меў пастаянную абарону ў асобе “брата” Георгія. Дый сам мог бы пастаяць за сябе.
Да слова скажам, што і Георгій, і Аляксей знайшлі сабе дзяўчат у Жабінцы, ажаніліся і сябруюць сем’ямі вось ужо амаль паўвека.

Прапісаўся на ўсё астатняе жыццё

Падышоў снежань 1968 года – пара дэмабілізацыі. Маёр Зайцаў па-бацькоўску любіў сваіх байцоў і ледзь не ўсё ведаў пра кожнага. Аднойчы ён выклікаў Аляксея на шчырую размову.
– Радавы Панамароў, чым плануеш “на грамадзянцы” заняцца?
– Спецыяльнасцей у мяне хапае. Паеду на Алтай, у свой Усць-Чарыш.
– Але ж у цябе тут дзяўчына ёсць? – усміхнуўся маёр. – Што, пакінеш яе?
– Лена паедзе са мною.
– Ты ўжо гаварыў з ёю?
– Пакуль не.
– А на якіх правах яна паедзе з табой?
– Як мая нявеста.
– Э, даражэнькі, гэтага мала, каб Алена пайшла за табой на край свету. Трэба жаніцца. А лепей, я табе скажу, заставайся ў Жабінцы. Тут і клімат цяплейшы, і зіма карацейшая, і людзі добрыя…
Калі падышоў апошні дзень службы, маёр Зайцаў спытаў:
– Ну, як, радавы, пойдзем у сваты?
– Ёсць ісці ў сваты, таварыш маёр! – адчаканіў Панамароў.
– Я табе болей не таварыш маёр, а Ціхан Піліпавіч… Ну, пайшлі!
Неўзабаве Аляксей уладкаваўся на працу на цукровым заводзе, ды ненадоўга. Бо ў раённай газеце “Сельская праўда” прачытаў аб’яву: у перасовачнай механізаванай калоне № 85 набіраюць рабочых. Арганізацыя абавязвалася забяспечыць іх жыллём. Зычліва прыняла будаўнічая калона новых рабочых. Праз год Аляксея Панамарова накіравалі ў Мазыр, каб атрымаў сумежную спецыяльнасць электрагазазваршчыка, а там і жыллё падаспела. У першым жа доме, збудаваным у мікрараёне Жабінкі, сям’я Панамаровых атрымала кватэру пад нумарам адзін. Гэтак і прапісаўся ў нашым горадзе на ўсё астатняе жыццё.
Хаця было, што рамонтна-наладачная арганізацыя ў Брэсце спакусіла Панамарова большай зарплатай. Працавалі вахтавым метадам, выязджаючы ў тыя раёны вобласці, дзе патрэбны былі рамонт ці мантаж. Аднойчы, як былі ў Жабінцы, нечакана лопнула труба на цукровым заводзе, вада стала заліваць прадпрыемства.
Нягледзячы на позні час, неабходна было тэрмінова спыніць цечу. Як пасля жартавалі хлопцы, Панамарова трымалі чатыры чалавекі за ногі, каб той у надзвычай цяжкіх умовах зрабіў шоў на трубе, затое прадпрыемства не спыніла працы ні на гадзіну.
У Брэсце Аляксей Сямёнавіч працаваў амаль 15 гадоў, аж да няшчаснага выпадку, калі жалезная стружка выбіла яму вока. Цяпер Панамароў не мог займацца электрагазазварачнымі работамі. Аднак не адразу пайшоў на пенсію: папрацаваў яшчэ падсобным рабочым у ПМК-85 і райбыткамбінаце. Тыя, каму выпала бачыць Аляксея ў працы, заўважалі, што ён мала чым змяніўся ў сваіх паводзінах: калі, скажам, трэба было нешта паднесці, дык ён, аберагаючы іншых і не шкадуючы сябе, заўсёды браў цяжэйшы канец.
Такі ён чалавек.

Эпілог

ЁН – БЕЛАРУСКІ СІБІРАК, як часам жартуюць з Аляксея Сямёнавіча Панамарова знаёмыя. Сапраўды, нарадзіўшыся ў алтайскім сяле на беразе Обі, ён па-сапраўднаму прыжыўся і спатрэбіўся ў нашым горадзе, дзе не толькі набыў сям’ю, дачакаўся дзяцей і ўнукаў, але й мае шмат добрых прыяцеляў.
У гэтыя лютаўскія дні Аляксею Сямёнавічу спаўняецца 70. Свой юбілей ён сустрэне сярод дарагіх яго сэрцу людзей, пачуе словы ўдзячнасці за тую дапамогу, якую аказаў ім не адзін раз, за ўменне даражыць дружбай, а таксама пажаданні здароўя і шчасця.
На здымку: Аляксей Панамароў  з жонкай Аленай і дачкой  (фота з сямейнага альбома).

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro