Чарговае падарожжа ў паштовы свет

IMG_7975
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота Рамана МЕЛЬНІКА.
У Кобрынскім раённым вузле паштовай сувязі адбыўся чарговы этап прэс-тура з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі і раённай выканаўчай улады Брэстчыны, арганізаваны Брэсцкім філіялам РУП “Белпошта”. Надвор’е, як і ў папярэдні раз увосень, не спрыяла ўдзельнікам мерапрыемства: пад час кастрычніцкай сустрэчы ліў дождж і дзьмуў моцны вецер, у час лютаўскай гаспадарылі завіруха і снегапад. Аднак, як адзначыла дырэктар Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта” Валянціна Пух, непагадзь якраз прадэманстравала, у якіх складаных умовах даводзіцца працаваць паштальёнам, кур’ерам і іншым іхнім работнікам. Валянціна Мікалаеўна прывітала ўдзельнікаў прэс-мерапрыемства, якое пачалося з наведвання цэнтральнага аддзялення паштовай сувязі “Кобрын-6” на вуліцы Інтэрнацыянальнай, 30. Яна адзначыла, што сустрэчы такога фармату ў паштовай галіне праводзяцца ўжо ў трэці раз і спрыяюць яшчэ большаму збліжэнню паштавікоў і журналістаў. Валянціна Мікалаеўна, дарэчы, падкрэсліла, што прадстаўнікі СМІ ў першую чаргу з’яўляюцца кліентамі пошты, а толькі потым інфарматарамі пра яе дзейнасць.
Начальнік Кобрынскага РВПС Наталля Міхнёнак расказала, што ў склад раённага вузла ўваходзіць 38 аддзяленняў, з іх сем гарадскіх, 31 сельскае, тры пункты паштовай сувязі і адно перасоўнае аддзяленне паштовай сувязі. На абслугоўванні прадпрыемства знаходзіцца 162 населеныя пункты і горад Кобрын з усёй інфраструктурай. Што датычыцца юрыдычных асоб, то для іх у шостым аддзяленні спецыяльна створаны аб’ект “Бізнес-пошта”. Як ажыццяўляецца работа па абслугоўванні карпаратыўных кліентаў, удзельнікі прэс-тура змаглі ўбачыць на ўласныя вочы.
Якім чынам функцыянуе паштовы інтэрнэт-магазін беларускіх тавараў shop.belpost.by і якія тавары могуць набыць кліенты, распавяла начальнік камерцыйнага аддзела Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта” Кацярына Козел. Спецыяліст па рабоце з кліентамі Кацярына Амельянюк (на здымку 2) кансультавала наведвальнікаў па таварах беларускай вытворчасці, прад-стаўленых у электронным каталогу, дапамагала аформіць заказы, тлумачыла ўмовы аплаты і дастаўкі.
Асаблівую цікавасць удзельнікі прэс-тура праявілі да выставачных стэндаў з калекцыямі посткросераў. Маляўнічыя стэнды з паштовымі карткамі, па якіх можна вывучаць культуру, нацыянальную кухню, флору і фаўну розных краін, не могуць не захапляць.
Паштавікі дазволілі журналістам зазірнуць за кулісы сваёй прафесіі, напрыклад, убачыць работу аператараў сувязі “знутры”, на іх працоўных месцах. Удзельнікі пазнаёміліся з асноўнымі праграмнымі прадуктамі, з дапамогай якіх аўтаматызавана аказваюцца паслугі кліентам, больш даведаліся пра паслугі “Электронная марка”, “1 клас”, лінейкі “Камфорт”, “Паскораная пошта EMS Belpost”. Да слова, з дапамогай апошняй дастаўка паштовых адпраўленняў ажыццяўляецца па прынцыпе “ад дзвярэй да дзвярэй” – “сёння на заўтра” ў любую кропку Беларусі.
У насычанай праграме прэс-тура адным з галоўных пунктаў была прэзентацыя сельскага аддзялення паштовай сувязі ў Батчах, дзе з кліентамі працуюць чатыры чалавекі: начальнік аддзялення і тры паштальёны. На іх абслугоўванні знаходзяцца вёскі Батчы, Паляцічы, Шыповічы, Ліцвінкі, а гэта 1170 чалавек, кожны са сваім характарам і густам. Раней Батчынскае аддзяленне паштовай сувязі абслугоўвала яшчэ вёскі Мельнікі, Агароднікі, Чаравачыцы, Мазічы, Кляшчы, цяпер жа, улічваючы значнае памяншэнне колькасці жыхароў, гэтыя населеныя пункты пераведзены на матарызаваную дастаўку пошты. Журналісты ўпэўніліся, што паштовыя паслугі на вёсцы аказваюцца кліентам не горшыя, чым у горадзе, вытрымліваюцца ўсе сацыяльныя стандарты.
Далей удзельнікаў своеасаблівага падарожжа па паштовых “станцыях” чакала дэманстрацыя аўтатранспарту Кобрынскага РВПС, які ў любое надвор’е выходзіць на маршрут, каб своечасова даставіць карэспандэнцыю па патрэбных адрасах. Пры гэтым асаблівая ўвага была звернута на перасоўнае аддзяленне паштовай сувязі, якое абслугоўвае насельніцтва ў сельскай мясцовасці і функцыянальна практычна не саступае стацыянарнаму.
У час наведвання ўчастка апрацоўкі і сартавання пошты журналісты ўбачылі ў працы паштовую класіку-машыну для штэмпелявання пісьмовай карэспандэнцыі. Канечне, яна не такая хуткая, як у Брэсце або тым больш у Мінску, але значна палягчае і паскарае працэс апрацоўкі лістоў.
Паштовы прэс-тур прадоўжыўся ў зале пасяджэнняў, дзе дырэктар Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта” Валянціна Пух падзялілася з прысутнымі перспектыўнымі накірункамі развіцця паштовай галіны Брэстчыны, назвала найбольш прыярытэтным з іх аўтаматызацыю вытворчых працэсаў. Валянціна Мікалаеўна распавяла таксама пра мерапрыемствы, накіраваныя на паляпшэнне якасці абслугоўвання кліентаў у аддзяленнях паштовай сувязі. Работа ў гэтым накірунку ўвесь час удасканальваецца.
Вялася гаворка і пра падпісную кампанію на першае паўгоддзе бягучага года. Пра тыражы друкаваных СМІ і тэндэнцыі падпісной кампаніі расказала начальнік АЭПСіРП Ірына Свіловіч.
IMG_8036Правядзенне паштовага прэс-тура стала спрыяльнай нагодай для канструктыўнай гутаркі пра выкананне пастаўленых задач па аднаўленні падпісных тыражоў перад РУП “Белпошта” і раённымі рэдакцыямі. Прыемна, што наша “Сельская праўда” была адзначана ў ліку выданняў, якія з гэтымі задачамі паспяхова спраўляюцца, імкнуцца не толькі захаваць сваіх чытачоў, але і павялічыць іх шэрагі.
Завяршыўся прэс-тур урачыстым узнагароджваннем пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Лепшы матэрыял пра пошту”, які праводзіўся з 1 ліпеня па 1 лістапада мінулага года сярод журналістаў друкаваных і электронных СМІ. Валянціна Пух уручыла дыпломы, сертыфікаты і памятныя падарункі ад прадпрыемства лепшым аўтарам матэрыялаў пра пошту Брэстчыны.

На здымку: Валянціна ПУХ узнагароджвае Наталлю Аляксейчык.

Popularity: 1%

1 Comment Posted

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*