новости

Вынікі конкурсу падведзены

Летась на старонках раённай газеты праводзіўся конкурс “Нязгасная памяць вайны”. У ім прынялі ўдзел людзі розных узростаў, якія захацелі расказаць пра падзеі, звязаныя з чалавечымі лёсамі ў гады Вялікай Айчыннай. Былі надрукаваны замалёўкі і ўспаміны жабінкаўцаў Ніны Крук, Андрэя Саакава, Аляксандра і Зоі Шкуратоўскіх, Галіны Пасюк і Вольгі Цвыд. Пераможцам прызнаны Андрэй Саакаў з артыкулам “Блакады той жывая сведка” (“СП” ад 2 красавіка 2016 г.). Усе ўдзельнікі творчага конкурсу атрымалі ў падарунак кнігі, прысвечаныя гістарычнаму мінуламу і развіццю турызму на Жабінкаўшчыне, а таксама нататнікі з лагатыпам “Сельскай праўды”.

“У Лукамор’я” па-беларуску

Ці чулі вы, як гучаць казкі Аляксандра Пушкіна на беларускай мове? А вучні Ракітніцкай і Маціевіцкай школ ужо паспелі атрымаць ад гэтага задавальненне дзякуючы работнікам дзяржаўнага прадпрыемства “Жабінкаўская раённая кінавідэасетка”. Са сваім кіналекторыем, прысвечаным роднай мове, відэадэманстратар Настасся Дрыч і вадзіцель Леанід Макасюк, якія працуюць на аўтавідэаперасоўцы, ужо паспелі пазнаёміць каля 80 навучэнцаў згаданых вясковых школ. У праграму, акрамя казкі Пушкіна,уваходзяць песні, мініяцюры, мульцікі, відэафільмы з гісторыі Жабінкаўшчыны на беларускай мове. Да 21 лютага, калі ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, таксама плануецца наведаць Крыўлянскую, Хмелеўскую, Ленінскую, Якаўчыцкую сярэднія школы, СШ № 1 г. Жабінка.

Правілы ігнаравалі і вадзіцелі, і пешаходы

За першы месяц бягучага года на тэрыторыі Брэсцкай вобласці адбыліся 24 дарожна-транспартныя здарэнні, у якіх тры чалавекі загінулі, 25 атрымалі раненні, у адным з ДТЗ пацярпеў непаўнагадовы. Затрыманы 204 вадзіцелі, якія кіравалі транспартам у стане алкагольнага ап’янення.
Супрацоўнікамі Жабінкаўскага РАУС за гэты ж перыяд выяўлена 679 парушэнняў Правілаў дарожнага руху, 140 парушэнняў вадзіцелямі хуткасных рэжымаў, 65 – пешаходамі і веласіпедыстамі, затрымана пяцёра кіроўцаў, што былі за рулём нападпітку.

Палёт у космас за паўтара рубля

Упершыню ў Жабінцы ў кінатэатры “Юбілейны” адчыніўся забаўляльна-гульнёвы салон віртуальнай рэальнасці. У ім прадстаўлены камп’ютарныя гульні і атракцыёны на базе тэхналогіі Oculus Rift. Надзеўшы шлем Oculus Rift і выбраўшы адну з гульняў, глядач адчуе поўнае пагружэнне ў віртуальны свет.
Жадаючыя змогуць паездзіць за рулём сапраўднага гоначнага аўтамабіля, або палётаць на касмічным караблі, або пракаціцца на амерыканскіх горках, пагрузіцца ў глыбіні акіяна, пабываць у космасе, або атрымаць адукацыйную інфармацыю аб паходжанні нашага сусвету і інш.
Усе гульні і забавы прадстаўлены ў фармаце 3D. Салон віртуальнай рэальнасці будзе працаваць з пятніцы па нядзелю з 10 да 22 гадзін. Прыходзьце самі і бярыце з сабою сяброў!

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro