Вайна тая баліць у нашых душах

IMG_1553 IMG_1603

Людміла КОСЦІНА.
Фота Таццяны Плавух.
Усё далей адыходзяць у гісторыю падзеі, якія засталіся ў людской памяці пад назваю “Афганская вайна”. Далей трагічныя і гераічныя ваенныя дзеянні, што адбываліся больш як дзевяць страшных гадоў, калі ў азіяцкіх пясках ад душманскіх куль гінулі прыгожыя, здаровыя хлопцы, а іх на Радзіме амаль ва ўсіх рэспубліках былога Савецкага Саюза горка аплаквалі матулі, жонкі і дзеці. Штогод у лютаўскія дні мы перагортваем старонкі афганскіх падзей, звязаныя з вывадам нашых салдат з Рэспублікі Афганістан. Воіны-інтэрнацыяналісты сталі частымі гасцямі ў школах на патрыятычных мерапрыемствах. Яны замянілі воінаў Вялікай Айчыннай, якіх засталося адзінкі, дый тыя праз фізічныя недамаганні не могуць сустракацца з моладдзю.

Заўсёды 15 лютага ў Жабінцы, ля помніка загінулым воінам-афганцам, праводзіцца мітынг з нагоды вываду савецкіх войск з Афганістана. Сюды прыходзяць ветэраны той страшнай вайны, іх родныя і блізкія, прадстаўнікі райсавета і райвыканкама, працоўных калектываў. Так было і сёлета.
Першым да мікрафона падыходзіць кіраўнік нашага рэгіёна Дзмітрый Гарадзецкі. Ён, у прыватнасці, адзначае, што ў пекла вайны трапілі і жабінкаўскія хлопцы, трое з іх не вярнуліся да мірнай працы. Памяць пра тую вайну па-ранейшаму болем адгукаецца ў сэрцах бацькоў, удоў, дзяцей тых хлопцаў, што вярнуліся дадому грузам “200”. Выкананы інтэрнацыянальны абавязак у імя міру і спакою на зямлі, сёння ён застаецца трывалым падмуркам у патрыятычным выхаванні юнага пакалення на баявых традыцыях старэйшага.
“Нам трэба памятаць пра тыя падзеі пастаянна, – працягвае Дзмітрый Мікалаевіч, – таму што ў свеце не ўсюды мір і спакой: недзе рвуцца бомбы і снарады, чуюцца выстралы, льюцца людскія слёзы. Мы не павінны забываць, што сярод нас жывуць і працуюць сціплыя, але ў той жа час мужныя людзі, якім давялося выконваць свой інтэрнацыянальны абавязак. Яны сёння з’яўляюцца прыкладам патрыятызму і мужнага служэння Айчыне і, не задумваючыся, аддадуць жыццё за яе свабоду і незалежнасць”.
У дынаміках над горадам разносіцца: “Мы ніколі не забудзем сваіх землякоў, якія не вярнуліся з той вайны, а сумленна і мужна выканалі свой воінскі абавязак. Валерыю Мігелю толькі 19 гадоў было, калі ён загінуў пры ліквідацыі банды мяцежнікаў у раёне населенага пункта Сай. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Мікалай Мароз узнагароджаны пасмяротна ордэнам Чырвонай Зоркі за мужнасць, праяўленую пад час баявой аперацыі супраць душманскіх банд. Гвардыі старшы лейтэнант Васіль Дудар у Афганістане служыў камандзірам разведпадраз-дзялення. Загінуў у час бою. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга”.
Слова даецца старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Аляксандру Яўстратаву. Ён гаворыць: “Як добра, што ўжо 28 гадоў маладыя воіны не ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях, што адбываюцца ў іншых краінах. Такое стала магчымым праз правільную палітыку кіраўніцтва Беларусі. Нашаму пакаленню выпалі цяжкія выпрабаванні, і ў мірны час нам удалося захаваць пачуццё армейскага сяброўства, дух баявога братэрства, пра што мы расказваем на ўроках мужнасці ў школах”.
Начальнік абасобленай групы раёна ваеннага камісарыята Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў, падпалкоўнік Аляксей Пятроў заўважыў, што Афганская вайна доўжылася больш за дзевяць гадоў, свой інтэрнацыянальны абавязак выканалі ў Афганістане 630 тысяч ваеннаабавязаных і 21 тысяча грамадзянскага насельніцтва. Не вярнуліся з далёкай краіны больш як 15 тысяч чалавек. Ён заклікаў памятаць і шанаваць імёны тых, хто не вярнуўся ў сем’і.
Хвіліна маўчання… Вянкі і кветкі кладуцца ля помніка воінам-інтэрнацыяналістам.
Мітынг закончаны. Воіны-афганцы раз’язджаюцца на пагосты, дзе пахаваны Валерый Мігель, Мікалай Мароз і Васіль Дудар, каб ушанаваць памяць баявых таварышаў, ускласці кветкі.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*