Своечасовы зварот і дыягностыка паскораць тэрміны лячэння

доверие

ІППШ – інфекцыі, якія перадаюцца пераважна палавым шляхам. Сярод іх можна вылучыць бактэрыяльныя (сіфіліс, ганарэя, хламідыёз, мікаплазмоз, пахвінная гранулёма, шанкроід, пахвінная лімфагранулёма); вірусныя (герпес і папіломавірусная інфекцыя палавых органаў, гепатыты, ВІЧ-інфекцыя, кантагіёзны малюск); выкліканыя прасцейшымі і паразітамі (трыхаманіяз, кароста, лабковыя вошы).
Асноўнай крыніцай заражэння ІППШ і ВІЧ-інфекцыяй з’яўляецца хворы чалавек. Шлях перадачы пераважна палавы. Аднак варта памятаць, што шэраг захворванняў, напрыклад сіфіліс, кароста, кантагіёзны малюск могуць перадавацца ў выніку цеснага бытавога кантакту (знаходжанне ў адной пасцелі, карыстанне агульным ручніком, мачалкамі, посудам). Для ВІЧ і вірусных гепатытаў акрамя палавога шляху перадачы інфекцыі важную ролю адыгрывае і ін’екцыйны шлях, што характэрна для наркаманаў.
Пацвердзіць ці аспрэчыць ІППШ і ВІЧ-інфекцыю можна толькі на аснове лабараторных тэстаў. Але варта памятаць, што яны становяцца інфарматыўнымі не адразу пасля палавога акту, а праз некаторы час ад моманту інфіцыравання (для кожнага захворвання ён розны – ад 3-5 дзён да некалькіх тыдняў і нават да 3-6 месяцаў пры ВІЧ-інфекцыі).
Неабходна ведаць, што інфармацыю пра наяўнасць у пацыента ІППШ і ВІЧ-інфекцыі лечачы ўрач не мае права каму б там ні было перадаваць (акрамя органаў следства і суда). А любы пацыент, які звярнуўся па медыцынскую дапамогу, незалежна ад наяўнага захворвання, мае права на паважлівыя адносіны з боку медыцынскіх работнікаў.
Своечасовы зварот і дыягностыка ІППШ дазваляюць пачаць адэкватнае лячэнне наяўных захворванняў на ранніх этапах. Як правіла, у такіх выпадках не патрабуецца шпіталізацыя ў стацыянар, тэрміны лячэння адносна невялікія, захворванне ўдаецца поўнасцю вылечыць.
Адным з самых эфектыўных спосабаў прафілактыкі ІППШ з’яўляюцца: адмова ад ранняга палавога жыцця, выключэнне выпадковых палавых сувязяў, скарачэнне ліку палавых партнёраў і выбар аднаго найбольш надзейнага, выкарыстанне сродкаў індывідуальнай прафілактыкі ІППШ і ВІЧ-інфекцыі (прэзерватываў, раствораў антысептыкаў для спрынцавання палавых органаў – 0,05% хлоргексідзін ці 0,01% мірамісцін).
У выпадку падазрэння на ІППШ пасля выпадковага палавога кантакту з сумніўным партнёрам трэба неадкладна звярнуцца ў лячэбную ўстанову.
Ігар СЛОНСКІ,
урач-дэрматавенеролаг.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*