Плаціць давядзецца абавязкова

Плаціць давядзецца абавязкова

IMG_5127

У вытворчасці судовых выканаўцаў як агульнаіскавыя, так і аліментныя выканаўчыя вытворчасці. Яны забяспечваюць выкананне судовых пастаноў ды іншых актаў дзяржорганаў і арганізацый, кантралююць у інтарэсах грамадзян, юрыдычных асобаў і дзяржавы добраахвотнае, а ў неабходных выпадках і прымусовае выкананне. Дзеля гэтага штотыднёва ладзяцца рэйды, каб давесці да свядомасці грамадзян, што маюць пратэрмінаваныя пазыкі, простую ісціну: па даўгах плаціць давядзецца абавязкова. Сёлета на працягу сту-дзеня і ў пачатку лютага былі праведзены 5 рэйдаў, кожны з іх меў станоўчыя вынікі. Найперш таму, што такая форма работы з даўжнікамі нечаканая для іх. У выніку былі выяўлены каля 20 асобаў, якія адмаўляліся ліквідоўваць запазычанасці.
У дзяржаўнай электроннай базе на пачатак года 2200 вытворчасцяў, здзейсненых жыхарамі нашага раёна.
Час ад часу супрацоўнікам АПВ даводзіцца да злосных неплацельшчыкаў прыходзіць на дом. Вядома, не з добрымі весткамі. Таму й не заўсёды можна застаць даўжніка ў хаце, нярэдкія выпадкі, калі прадстаўнікоў улады сустракае на дзвярах… замок. Як тое адбылося ў вёсцы Багданы, дзе павінен пражываць грамадзянін, што мае пратэрмінаваныя пазыкі на суму каля 2000 рублёў не менш, чым ад дзясятка крэдытораў.
У Азятах агульнае жыллё дзеляць грамадзянін і грамадзянка. Жывуць разам, хоць не муж і жонка. Запазычанасці маюць абое: ён – дробныя неаплочаныя штрафы, за якія завінаваціўся перад дзяржавай, яна – увогуле неадбытае крымінальнае спагнанне, накладзенае судом нашага раёна. І мужчына, і жанчына – працаздольнага ўзросту, але нідзе не працуюць, а таму й не маюць ніякай каштоўнай маёмасці. Аднак пры гэтым не забываюць зазірнуць на донца пляшкі з “вогненнай вадой”. Гэта і прыводзіць да неахайнасці ў хаце і на падворку, да збяднення не толькі матэрыяльнага, але й духоўнага.
Адной з дзейсных мер у дачыненні да нядобрасумленных неплацельшчыкаў, лічаць у раённым аддзеле прымусовага выканання, стала прымяненне артыкула 24.10 Кодэкса адміністрацыйных парушэнняў. Паводле згаданага артыкула даўжнік павінен у трохдзённы тэрмін паведаміць у АПВ пра змену месца жыхарства ці месца працы і падаваць у спецыяльнай анкеце правільныя дадзеныя пра маёмасць, якая ў яго маецца. Запаўняючы анкету, такія асобы ў абавязковым парадку пад роспіс папярэджваюцца аб адказнасці за невыкананне да-дзенага артыкула КоАП. Летась на гэтай падставе ўжо былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці трое, а сёлета, хоць год толькі пачаўся, яшчэ адзін грамадзянін.
Што вельмі важна, пад час рэйдаў аддзел прымусовага выканання Жабінкаўскага раёна вельмі цесна супрацоўнічае з раённым аддзелам Дэпартамента аховы, які ўзначальвае капітан міліцыі Сяргей Ханін. Прынамсі, з 86 працэнтаў завершаных ад агульнай колькасці вытворчасцяў летась – больш за палову даведзены да лагічнага заканчэння сумесна праваахоўнікамі і судовымі выканаўцамі. Такая практыка будзе працягвацца і надалей. Вось і пад час рэйду, які ладзіўся 3 лютага, разам з прадстаўнікамі АПВ і рэдакцыі раённай газеты прысутнічалі прапаршчыкі міліцыі Раман Казлоў і Аляксандр Заяц з раённага аддзела Дэпартамента аховы. Іх прысутнасць заўсёды дысцыплінуе даўжнікоў, не дазваляе ім нейкіх супрацьпраўных дзеянняў, увогуле ўзнімае прэстыж судовых выканаўцаў у вачах людзей.
Аляксандр КРУК, судовы выканаўца АПВ Жабінкаўскага раёна;
Анатоль БЕНЗЯРУК, карэспандэнт раённай газеты.
На здымку: часам замест даўжніка судовага выканаўцу ў час рэйду сустракаюць… замкнёныя дзверы.
Фота Анатоля БЕНЗЕРУКА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top