Берасцейцы на кніжнай выставе

Берасцейцы на кніжнай выставе

IMG_5184

Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота аўтара.

ПРЫ САДЗЕЯННІ ўпраўлення ідэалогіі аблвыканкама сябры Брэсцкай пісьменніцкай суполкі СПБ сумесна з работнікамі гарадской бібліятэкі імя А.С. Пушкіна, што ў горадзе над Бугам, 9 лютага змаглі наведаць XXIV Міжнародную кніжную выставу-кірмаш, якая на працягу пяці дзён працавала ў беларускай сталіцы.
Гэты традыцыйны форум, што аб’ядноўвае людзей з усяго свету, улюбёных у друкаванае слова, сабраў сёлета прадстаўнікоў 30 краін, у тым ліку з такіх экзатычных для нас, як Палестына, Карэя, Эквадор. Асабіста для мяне найбольш цікавай разнастайнасцю вылучаліся стэнды Злучаных Штатаў Амерыкі, Ірана і Кітая, а таксама друкаваныя выданні з Расіі і Грэцыі (прынамсі, хоць старажытная Элада і мае тысячагадовыя традыцыі прыгожага пісьменства, свае кнігі ў Мінску грэкі дэманстравалі ўпершыню, але з вялікім поспехам, пра што сведчыла значная колькасць наведвальнікаў “элінскага кніжнага кутка”). Аднак, як і ў мінулыя гады, найбольш маштабна творчасць сваіх пісьменнікаў і друкароў, вядома ж, прадстаўлялі гаспадары. Усе найбуйнейшыя айчынныя выдавецтвы, сталічныя кнігарні ды часопісы спакушалі наведвальнікаў самых розных узростаў затрымацца каля сваіх выстаў. Мерапрыемствы праходзілі пад зоркай народных песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа, чые 135-ыя ўгодкі з дня нараджэння святкуюцца сёлета, з павагай згадваліся імёны і іншых творцаў-юбіляраў, у іх ліку народных пісьменнікаў Беларусі Пімена Панчанкі ды Янкі Брыля. Вельмі змястоўнай атрымалася прэзентацыя дзіцячай аповесці “Эла і сябры”. Дзіцячы твор, напісаны фінскім пісьменнікам Ціма Парвела, ужо перакладаўся на некалькі моў, а сёння, дзякуючы выдавецтву “Мастацкая літаратура”, “загаварыў” і па-беларуску. Аўтар ахвотна пакідаў свае аўтографы-пажаданні новым чытачам з Беларусі.
Асабліва шмат добрых слоў гучала ў гонар славутага Францыска Скарыны і ягонай справы, якая “адкрыла свету ў друкаваным слове мілагучную непаўторную нашу мову беларускую”. Не толькі прамоўцы, але й самое афармленне пляцоўкі нагадвала пра набліжэнне слаўнай даты: сёлета адзначаецца “500 год нашай годнасці”. (Нагадаем, у пачатку верасня малая Скарынава радзіма, цудоўны Полацк, будзе святкаваць разам з усёй краінай пачатак беларускага друкавання, які сягае ў 1517 год). Кожны жадаючы мог падысці да рэканструяванага друкарскага варштата і стварыць уласнаручна старонку з тэкстам на старажытнабеларускай мове.
Берасцейцы таксама не чужымі аказаліся “на гэтым свяце жыцця”. Не згубіліся і не разгубіліся. Калі атрымалі права выказацца, старшыня абласнога аддзялення СПБ Таццяна Дземідовіч змястоўна пазнаёміла прысутных з творчасцю суполкі, іншыя выступоўцы падзяліліся пісьменніцкімі планамі на будучыню, якая набліжае нас да 1000-годдзя Берасця. Дарэчы, як гаварылі арганізатары мерапрыемства, “прыемна адзначыць, берасцейцы вылучаліся сярод прадстаўнікоў іншых абласцей”, настолькі ярка і разнастайна паказалі сваю творчасць у кнігах, словах, нават спевах.
На здымку: Скарынінскі варштат дасюль у працы.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro