Прафарыентацыя – сумесна

IMG_0258 IMG_0266 IMG_0287 IMG_0289 IMG_0293 IMG_0311 IMG_0314

Алёна НІКАНЧУК.
Фота аўтара.
У мінулую суботу, 11 лютага, на базе першай гарадской школы адбыўся семінар-нарада на тэму “Узаемадзеянне ўстаноў агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі па ўдасканаленні арганізацыі шостага школьнага дня”.
У ім прынялі ўдзел першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Жук, начальнікі аддзелаў упраўлення агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі Вера Шапавал, сацыяльнай і выхаваўчай работы Мікалай Тарасюк, а таксама начальнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму гаррайвыканкамаў і дырэктары ўстаноў прафесійнай адукацыі Брэстчыны.
Адкрыў семінар-нараду Аляксандр Жук. Аляксандр Фёдаравіч падкрэсліў, што задача такіх мерапрыемстваў выпрацаваць сістэму ўзаемадзеяння паміж установамі агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі ў арганізацыі шостага школьнага дня, максімальнай занятасці навучэнцаў, сумеснай прафарыентацыйнай рабоце. Пад час іх у вучняў ёсць магчымасць паспрабаваць сябе ў той ці іншай прафесіі, набыць пэўныя веды, навыкі, уменні і замацаваць іх. Пасля такога знаёмства і пробных заняткаў з’явяцца сярод юнакоў і дзяўчат тыя, хто захоча прадоўжыць сваё навучанне ў прафесійных каледжах або ліцэях і стаць у будучым поварам, тынкоўшчыкам ці слесарам.
Пад час семінара яго ўдзельнікі змаглі наведаць інтэрактыўныя пляцоўкі ўстаноў прафесійнай адукацыі Брэста, якія размяшчаліся на другім паверсе школы ў фае і класных пакоях, і паназіраць, як жабінкаўскія школьнікі спрабуюць сябе ў розных прафесіях. Гасцям таксама давалася такая магчымасць.
Так, на пляцоўцы Брэсцкага дзяржаўнага гандлёва-тэхналагічнага каледжа вучні змаглі бліжэй пазнаёміцца з прафесіямі кандытара, повара і афіцыянта. Пад кіраўніцтвам педагогаў і навучэнцаў каледжа яны выразалі з садавіны і гародніны ўпрыгажэнні для страў, рабілі з цеста ружы, вучыліся прыгожа складваць сурвэткі.
На пляцоўцы Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання праходзілі майстар-класы цырульнікаў, візажыстаў, майстроў манікюрнай справы. Тут кожная дзяўчынка хацела выступіць у якасці мадэлі, каб займець прыгожую прычоску ці модны манікюр. Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Бурко паказала свае ўменні ў пляценні касічак, якія апошнім часам застаюцца ў трэндзе і не выходзяць з моды.
У класе, дзе быў прадстаўлены Брэсцкі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж прыборабудавання, размясціліся дзве ўмоўныя майстэрні: слясарная і электрамантажная. У першай хлопцы працавалі над стварэннем металічнай дэкаратыўнай ружы. У выніку цуд-кветка ва ўсіх атрымалася. У другой збіраліся пэўныя электрычныя схемы: патрон-лямпачка-пераключальнік-разетка. Каледж рыхтуе слесараў-рамонтнікаў, слесараў механа-зборачных работ, электраманцёраў па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, электраман-тажнікаў па электра-абсталяванні, сілавых і асвятляльных сетках.
На інтэрактыўнай пляцоўцы Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў можна было паспрабаваць сябе ў якасці муляра, тынкоўшчыка, абліцоўшчыка-плітачніка. Гэтай магчымасцю скарысталіся не толькі вучні, але і першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Жук і дырэктар СШ № 1 г. Жабінка Міхаіл Савянкоў.
Брэсцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй лёгкай прамысловасці ажыццяўляе пад-рыхтоўку швачак-краўцоў, закройшчыкаў, тэрмааддзелачнікаў, агентаў па забеспячэнні. Пра гэта расказвалі педагогі і навучэнцы ліцэя пад час знаёмства з установай і правядзення майстар-класаў.
Далей удзельнікі семінара наведалі суседні Кобрын, дзе пазнаёміліся з арганізацыяй работы ў шосты школьны дзень навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі на базе дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сферы абслугоўвання і дзяржаўнага політэхнічнага каледжа.
Завяршылася мерапрыемства правядзеннем круглага стала, пад час якога былі заслуханы выступленні начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Кобрынскага райвыканкама, дырэктараў некаторых устаноў прафесійнай адукацыі вобласці, меркаванні яго ўдзельнікаў і падве-дзены вынікі сустрэчы.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*